Адно з самых маштабных спартыўных святаў краіны – другі Мінскі паўмарафон – прайшло ў сталіцы 4 верасня. Свае сілы паспыталі таксама студэнты і выкладчыкі БДУ.
Старт быў прызначаны на 11:00, але ўжо ў 10 многія бегуны сабраліся, каб падрыхтавацца і расцерціся. У сталіцу прыехалі жыхары з усёй Беларусі, а таксама прадстаўнікі 42 краін блізкага і далёкага замежжа. Забегі праводзіліся на тры дыстанцыі: 5,5 км, 10,5 км і 21 км.
У паўмарафоне бралі ўдзел і прадстаўнікі ўрада Рэспублікі Беларусь: міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, яго намеснік Аляксандр Дубкоўскі, міністр адукацыі Михаіл Жураўкоў, Максім Ермаловіч – першы намеснік міністра фінансаў, прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант і першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў.
Удзельнічалі ў паўмарафоне і беларускія спартсмены – кідальнік молата Вадзім Дзевятоўскі і лёгкаатлетка Вольга Мазуронак.Пажадаў поспеху ў забегу і мэр Мінска Андрэй Шорац, а затым заняў месца ў пачатку калоны на суправаджальным аўтамабілі.
Удзельнікаў паўмарафона падтрымлівалі дзяўчаты-чэрлідаршы, персанажы часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі, сімфанічны аркестр, акрабаты на хадулях і простыя прахожыя.
Каб прыцягнуць моладзь да спартыўнага жыцця краіны, арганізатары паўмарафона прапанавалі студэнтам сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў і ўніверсітэтаў прыняць удзел у забегу на 5,5 кіламетраў бясплатна. Выклік прынялі студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Студэнт фізічнага факультэта Андрэй падзяліўся сваімі ўражаннямі ад забегу: “Раней я ніколі не бегаў марафоны, таму вырашыў пачаць з 5,5 кіламетраў і не пралічыўся. Да марафона я рыхтаваўся, бегаючы па 6-7 кіламетраў у вольным тэмпе. Падчас забегу бег спакойна, але пад канец дыстанцыі пачаў стамляцца. У наступным паўмарафоне я хачу браць удзел ужо на даўжэйшай дыстанцыі, таму рыхтуюся ўжо цяпер”.
Лідарам сярод мужчын на пяці кіламетрах стаў супрацоўнік Дэпартамента аховы МУС з Мінска Дзмітрый Граматоўскі.
Першым у забегу на 10,5 кіламетраў фінішаваў латыш Дзмітрый Сярогін.
Пераможцам паўмарафона і ўладальнікам галоўнага прыза – 3000$ — стаў Хілары Кіптум Мая Кімая, прафесійны кенійскі спарцмен.
Першай з жанчын на дыстанцыі 21 кіламетр стала лёгкаатлетка Вольга Мазуронак.
Але ўсе без выключэння бегуны атрымалі ў падарунак памятныя медалі і выдатныя ўражанні.
Арганізатары Мінскага паўмарафона спадзяюцца, што гэта спартыўнае свята стане добрай традыцыяй і будзе аб’ядноўваць усё больш людзей.
Дар’я КОЎЗА
Вiдэа:
https://youtu.be/HakEhrElYZY