У чым заключаецца галоўная небяспека для маладога пакалення? Нехта дагэтуль старамодна думае, што жыццё новай генерацыі можа сапсаваць камп’ютар: маўляў, з дому падлеткі не выходзяць, садзяць зрок, горбяць спіны… Многіх найперш палохаюць відэагульні: адны быццам бы выхоўваюць жорсткасць, другія, як тая ж Pockemon Go, небяспечныя самі па сабе. Маё ж шчырае перакананне ў тым, што самую вялікую небяспеку для маладых (не здзіўляйцеся тое пачуць ад прадстаўніка гэтага самага пакалення) уяўляюць сацыяльныя сеткі. І я кажу не пра фарміраванне залежнасці, размовы пра якую ўжо набілі аскому, а зусім пра іншы аспект. У адным з мінулых матэрыялаў рубрыкі я пахваліў іх. Размова ішла пра тысячы разнастайных тэматычных паблікаў, якія аб’ядноўваюць людзей, зацікаўленых нейкай тэмай. Якія, здавалася б, прэтэнзіі?
Але калі глядзець на рэчы аб’ектыўна, то большасць стужак навін карыстальнікаў складаецца зусім не з такой карыснай інфармацыі. Адкрыйце сваю і прыгледзьцеся — якіх матэрыялаў там найбольш? Пераважаць будзе так званы «карыстальніцкі» кантэнт, тое, для чаго некалі і ствараліся сайты кшталту Facebook і «УКантакце». Вось школьная сяброўка з’ездзіла на мора, выклала пад паўсотні здымкаў: на пляжы ў розных позах, у кавярнях, у гатэлі… Аднакурсніца збіраецца на вечарынку: не забыла сфатаграфаваць сябе ў люстэрку, маўляў, паглядзіце ўсе, якая я прыгожая. Яшчэ адна знаёмая выклала шматзначную псеўдафіласофскую цытату і далучыла аўдыязапіс — узвышаная натура! Сусед набыў новую машыну і не можа спыніцца фатаграфавацца на яе фоне.
І справа не ў тым, што людзі марнуюць уласны час на спажыванне такой другаснай інфармацыі. Значна большая праблема заключаецца ў тым, што многія спрабуюць стварыць вобразы людзей, якімі яны насамрэч не з’яўляюцца. Сеціва дало нам магчымасць адчуць сябе тымі, пра каго гадоў 20 таму можна было прачытаць толькі ў свецкай хроніцы. Дзяўчына на моры — гэта, відавочна, фотамадэль, якая круглы год толькі і здымаецца для глянцавых часопісаў, ездзіць па курортах і адпачывае. Тая, што ідзе на вечарынку, — безумоўна, свецкая львіца, «каралева дыскатэк». «Філасофская» дзяўчына — чулая паэтка ці музыкант, творчая і публічная асоба. Хлопец з машынай — паспяховы бізнесмен, які ўвесь час займаецца сваёй справай і без машыны яму — ніяк…
Мой сябар неяк даўно пазнаёміўся ў адной з сацсетак з дзяўчынай. Мяркуючы па фота і запісах — прыгажуня, увесь час ездзіць у падарожжы, чытае кнігі і займаецца спортам. Прыяцеля так зачапіла гэта асоба, што ён месца сабе не мог знайсці. Праз пару месяцаў начных перапісак і дзённых пакут наважыўся ёй патэлефанаваць. Пытаюся: «Ну што скажаш?» — «Ведаеш, неяк мне яе голас не спадабаўся. Уяўляў яго не такім». Сябра як у ваду глядзеў. Праз некаторы час усё раскрылася: дзяўчына аказалася простай студэнткай-лежабокай, карысталася чужымі здымкамі, а свае натхнёныя запісы і думкі пра кнігі брала з інтэрнэту. А калі б усё зайшло далей?
Галоўная ж небяспека нават не ў такіх сітуацыях. У любым выпадку з цягам часу ўсё становіцца на свае месцы. Як мінімум на прыступках ЗАГСа (ці пасля яго) сябар убачыў бы, што гэта не зусім той чалавек, у якога ён закахаўся дыстанцыйна. Горш за ўсё тым, хто не зразумеў правілаў гульні і паводзіць сябе ў сеціве гэтак жа, як у рэальным жыцці. Такому чалавеку давядзецца цяжка: назіраць, як твае аднагодкі «дабіваюцца» поспеху, жывуць прыгожа і без праблем, калі ў цябе ўсё банальна і проста — што можа быць складаней? Пры такім развіцці спраў можна ўпэўніць сябе ў тым, што ты няздольны, слабак… І, самае страшнае, я ведаю нямала такіх людзей. Якія шчыра ўпэўнены, што ўсе навокал ужо ўсяго дасягнулі, а яны самі плятуцца «ў хвасце».
…І хто даведаецца, што насамрэч фота з курорту зроблены за адзін дзень — праездам, а машына стаіць у гаражы без паліва? Што на дыскатэцы «тусоўшчыца» ўвесь вечар прасядзела адна, а аматарка прыгожых цытат за ўсё жыццё ледзь-ледзь адолела тры кніжкі?..
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ, “Звязда”