У БДУ адкрылася выстава, прысвечаная гісторыі выбарчага права (+відэа)

9 Sep, 2016.

img_3698

6 верасня у Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылося адкрыццё выставы “Гісторыя станаўлення выбарчага права на беларускіх землях”, якая праходзіла ў рамках рэалізацыі праекта “Мая краіна – маё будучае”. Мерапрыемства было прымеркавана да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання і арганізаванае рэктаратам Белдзяржуніверсітэта, ГА “Саюз жанчын БДУ” і пярвічнай арганізацыяй БДУ РГА “Белая Русь”.

Выстава была ажыццяўлена пры падтрымцы і актыўным удзеле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Белрусь (які прадставіў больш за 147 экспанатаў), Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, музея гісторыі БДУ.
У распрацоўцы канцэпцыі выставы бралі актыўны ўдзел старшыня савета
ГА “Саюз жанчын БДУ” прафесар Казакова І.В., дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Рыжкоў А.Г., дырэктар музея гісторыі БДУ Маліноўская Э.Л.

У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў і гасцей выставы рэктар БДУ акадэмік Абламейка С.У. адзначыў актуальнасць і своечасовасць такой выставы, якая будзе арыентаваць маладое пакаленне на выкананне грамадзянскага і маральнага абавязку, фарміраваць ідэал асобы, грамадзяніна суверэннай Рэспублікі Беларусь. Старшыня савета ГА “Саюз жанчын БДУ” прафесар Казакова І.В. у сваім выступленні падкрэсліла ўнікальнасць экспазіцыі, якая прадстаўлена ў Белдзяржуніверсітэце, і зазначыла, што зазірнуць у мінулае і сучаснае выбарчага права – значыць, выканаць маральны абавязак перад наступнымі пакаленнямі, не толькі перадаць каштоўнасці мінулага і ажыццявіць заваёвы сучаснага, але і падрыхтаваць маладых людзей да плённага ўспрымання будучыні. Прарэктар БДУ Рагавіцкі У.В. адзначыў уклад структур універсітэта ў арганізацыю выставы і яе паспяховую працу, прарэктар дацэнт Ходзін С.М. падкрэсліў навуковы і навукова-метадычны патэнцыял такога роду мерапрыемстваў, іх выхаваўчае і агульнаграмадскае значэнне. Ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на адкрыцці выставы з прывітальным словам выступіла старшыня аддзела па справах моладзі Пшанічная Н.І.

Аснову выставы склалі ўнікальныя прадметы, кнігі і дакументы, прадстаўленыя Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, а таксама аддзелам рэдкай і каштоўнай кнігі Фундаментальная бібліятэкі БДУ.

img_3786

Выстава мае чатыры кампазіцыйныя раздзелы, кожны з якіх прысвечаны розным перыядам станаўлення выбарчага права на беларускіх землях. Рэспубліка Беларусь – сувярэнная дзяржава са старажытнымі традыцыямі, таму ў першай частцы экспазіцыі прадстаўлены рэдкія прадметы часоў Полацкага княства: копіі першых заканадаўчых дакументаў, якія адлюстроўваюць працу народнага веча, дзе вырашаліся ўсе пытанні па арганізацыі народнага жыцця, заключаліся гандлёвыя дамовы, падымаліся пытанні вайны і міру. На выставе прадстаўлены адзін з сімвалаў народнага веча – вечавы звон. Калі гараджане чулі прызыўны гук звона, то выходзілі на плошчу. Абавязковы ўдзел у народных сходах быў нормай тагачаснага жыцця і стаўся правобразам сучаснай дэмакратычнай сістэмы.

Асаблівае месца на выставе занялі экспанаты і дакументы часоў Вялікага княства Літоўскага: усе рэдакцыі Статуту – асноўнага зводу прававых нормаў тагачаснай дзяржавы, копіі дакументаў, якія пацвярджалі атрыманне беларускімі гарадамі магдэбурскага права. Разам з такім правам гораду ўручаўся і сімвалічны ключ. Прадстаўлены на выставе ключ быў знойдзены археолагамі на полацкай зямлі.

Гісторыя выбараў эпохі БССР адлюстравана на выставе праз агітацыйныя плакаты, бюлетэні, выбарчыя дакументы, пасведчанні і нагрудныя значкі народных дэпутатаў часоў Беларускай ССР. Прыняцце “Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь” (31 ліпеня 1920 г.) стала важным палітычным актам у гісторыі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва.

Чацвёрты раздзел выставы прысвечаны сучаснаму перыяду развіцця выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь: у экспазіцыі прадстаўлены розныя рэдакцыі Канстытуцыі, вучэбныя дапаможнікі, вучэбна-метадычныя выданні і літаратура па праблемах выбарчага права, асноўных свабод і правоў грамадзян Беларусі.

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Уважліва азнаёміцца з экспанатамі, рэдкімі прадметамі і дакументамі розных эпох можна будзе напрацягу тыдня па адрасе: Бабруйская, 5а (файе рэктарата БДУ).

Таццяна БЕЛЬСКАЯ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: