Новы праект “АРТ-выстава БДУ”: студэнты alma mater даказалі, што яны таленавітыя ва ўсім

31 Oct, 2016.

art_vystavka_bgu_2016_

На вуліцы на ўсю моц лютуе халодны кастрычнік, а раніцай 25 кастрычніка БДУ зазіхацеў яркімі фарбамі! У гонар 95-годдзя альма-матар студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта падрыхтавалі мастацкія і дэкаратыўныя працы на першую”АРТ-выставу БДУ”.

Адкрыў выставу прарэктар па навучальна-выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях Уладзімір  Сувораў, які адзначыў таленты ўдзельнікаў выставы БДУ і пажадаў далейшых поспехаў. Іван Жукаў, супрацоўнік упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю, аўтар і ідэйны натхняльнік выставы, распавёў:

“Ідэя выставы ўзнікла са з’яўленнем першых мастакоў у творчай студыі “МіМ-БДУ“. І да 95-годдзя БДУ мы змаглі нарэшце ўвасобіць нашу ідэю! На працягу месяца студэнты стваралі і прыносілі працы, а самае прыемнае, што такая актыўнасць натхніла супрацоўнікаў упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю. Яны таксама паспрабавалі сябе ў якасці мастакоў, і іх творчыя працы можна ўбачыць на выставе. Выдатна, калі менавіта студэнты становяцца прыкладам для супрацоўнікаў. Думаю, у праекта будзе доўгае жыццё, універсітэт адкрые яшчэ больш талентаў. У чарговы раз студэнты БДУ даказалі, што яны таленавітыя ва ўсім! Многія выступаюць на сцэне, спяваюць, танчаць і граюць, а свае мастацкія працы не выстаўляюць на агульны агляд, але дзякуючы новаму праекту “АРТ-выстава БДУ” гэта стала магчымым!”

art_vystavka_vlad_macarevich_арт_выставка_БГУ_Влад_Макаревич

“Залаты голас” БДУ Улад Макарэвiч не толькі спявае, грае на музычных інструментах, танчыць і добра вучыцца – ён яшчэ малюе!

Падчас адкрыцця студэнты эканамічнага факультэта Улад Макарэвіч і Максім Сіняк паказалі свае таленты “ў прамым эфіры”. “Залаты голас” БДУ Улад не толькі спявае, грае на музычных інструментах, танчыць і добра вучыцца – ён яшчэ малюе! У гэтым пераканаліся ўсе, у тым ліку Уладзімір Васільевіч Сувораў, якому ён падарыў сваю карціну з малюнкам будынка рэктарата. Для гасцей Улад Макарэвіч выконваў вядомыя хіты, а Максім тым часам маляваў на палатне. Але што менавіта – да апошняга моманту было загадкай. Менш за дзесяць хвілін спатрэбілася хлопцу, каб на вялікім палатне намаляваць Уладзіміра Васільевіча.

art_vystavka_bgu_max_sinjak_horoshij_

“Я зразумеў, чаму карціна пачала малявацца ўгару нагамі, – тонка адзначыў прарэктар, – гэта шлях студэнта: на працягу навучання ва ўніверсітэце кожны малады чалавек знаходзіць сябе, становіцца на ногі і далей ідзе ўпэўнена па жыцці. І разам з тым Уладзімір Васільевіч прызнаўся, што любаваўся выразам твару мастака ў момант напісання карціны і дадаў: “Калі чалавек займаецца ўлюбёнай справай і атрымлівае асалоду ад гэтага – ён прыгожы!”

Максім стварае дзівосныя працы не толькі на палатне: яго не менш улюбёнае захапленне – камп’ютарная графіка.

Захопленыя авацыі, усмешкі і ўспышкі камер дасталіся таленавітым студэнтам. Максім застаўся пад уражаннем:

“Выдатная крэатыўная падзея ў гістарычным будынку. Было класна памаляваць наўпрост у холе рэктарата, тым больш у гонар такога свята. Таксама прыемна чуць прыемныя словы ў свой бок ад прарэктара, правучыўшыся ў БДУ толькі пары месяцаў”.

А ў вас яшчэ ёсць час, каб нацешыцца творчасцю студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ! Выстава працягнецца да 4 лістапада.

Надзея МАРХЕЛЬ

art_vystavka_bgu_kapachevich_natalia_

print

Вам таксама можа спадабацца: