У музеі гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта мы пагарталі галоўныя дакументы тагачасных студэнтаў.
БДУ расчыніў свае дзверы амаль 95 гадоў назад: 30 кастрычніка 1921 года тут прачыталі першую лекцыю, прысвечаную культуры Міжземнамор’я ў эпоху кіравання Рыма. Студэнтаў набіралі без уступных іспытаў, распавядае вядучы лабарант Дар’я ПРЫГОДЗІЧ:
— Тады ж не было такой рэкламы, як цяпер, ды і газеты чыталі нямногія. Галоўным чынам жыхары дпведваліся пра адкрыццё ўніверсітэта па сарафанным радыё. З 1409 набраных абітурыентаў не ўсе прыйшлі па вышэйшую адукацыю. Многія слухачы вучыліся на рабфаку, дзе атрымлівалі базавыя веды на аснове школьнай чатырохгодкі. Гэта быў падрыхтоўчы факультэт для працоўных, якія займаліся ў вячэрні час, пасля змены на заводах і фабрыках. У далейшым, здаўшы паспяхова іспыты, яны маглі працягнуць навучанне ва ўніверсітэце на адным з аддзяленняў і атрымаць прафесію, напрыклад, урача ці педагога.
Дыпломы, якія ўручалі першым выпускнікам БДУ, вонкава адрозніваюцца ад цяперашніх, а зместам падобныя. На патрапаных часам лістах фармату А3 – дысцыпліны, якія вывучыў студэнт, адзнакі і подпісы выкладчыкаў. Бліжэй да 1930-х гадоў дакумент паменшыўся ў памерах і стаў больш падобным да тых, што атрымліваюць цяпер. У цвёрдай вокладцы са словам “дыплём” – інфармацыя пра тое, у якім годзе паступіў яго ўладальнік, якія курсы праслухаў. На некаторых вокладках надпіс размяшчаецца па дыяганалі – крэатыў ад працаўнікоў друку.
— У тыя гады афіцыйнымі мовамі ў БССР былі беларуская, руская, яўрэйская і польская. Але з 1923 года ўсе дысцыпліны вяліся на беларускай мове. Студэнты, якія не здавалі іспыт па беларускай, дыплом не атрымлівалі.
Галоўны дакумент студэнтаў, натуральна, студэнцкі білет. І пасведчанне, якое замацоўвала за імі права пражыванні ў Мінску:
— У той час іншагароднія не маглі без падстаў надоўга спыніцца ў горадзе. Кожны студэнт насіў з сабой пасведчанне пра тое, што вучыцца ў БДУ і мае дазвол пражываць у Мінску. Дарэчы, выдавалі пасведчанне не на ўсе гады навучання адразу, а строга ад сесіі да сесіі. Бо патрапіць у спісы адлічаных за няздадзены іспыт, пропускі заняткаў ці нез’яўленне на рэгістрацыю дакументаў тады было як сабаку муху схапіць. Строга пры неабходнасці рабіліся і даведкі на льготы. Да прыкладу, у дакуменце, які дае права на бясплатны праезд да месца вытворчай практыкі, пазначаліся пункт выезду і прыбыцця. Проста так катацца на трамваі маладыя людзі не маглі.
Ды і не было калі. Бо акрамя вучобы і працы ў студэнтаў віравала грамадскае жыццё.
— Глядзіце, колькі сяброўскіх білетаў у нашага вядомага выпускніка Пятра Глебкі, – Дар’я Прыгодзіч адкрывае канверт, падрыхтаваны да юбілейнай выставы. – Пасведчаннi таварыства “Прэч непісьменнасьць”, “Саюза ваяўнічых бязбожнікаў” і іншых гурткоў, якія ў БДУ стваралі самі студэнты.
Марыя ЗУБКОВА, “Знамя юности”
Фота: Віталь Піваварчык
©1998-2014 Усе правы прыналежаць рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”.
Пры рэпублікацыі матэрыялаў партала “Беларусь Сёння” абавязкова размяшчэнне актыўнай індэксаванай і прамой гіперспасылкі на старонку першакрыніцы.