На ўскрайку Лондана ў раёне Фінчлі існуе адна з самых прадстаўнічых устаноў, якая захоўвае найкаштоўнейшыя матэрыялы гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў – Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны. Улетку з даследчым візітам яе наведаў дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Сяргей ЗЕЛЯНКО.
– У мінулым годзе праз праграму Еўрапейскага саюза MOST падаў заяўку, а сёлета яе ўхвалілі, атрымаў грант на сямідзённую паездку. Мяне адразу папярэдзілі, што заявак шмат, таму разглядаюцца яны даволі доўга. Калі ёсць жаданне паўдзельнічаць, трэба паклапаціцца пра гэта загадзя.Для падачы заяўкі спадар Зелянко распрацаваў праект, які планаваў выканаць у Лондане. Прафесійны інтарэс прыпаў на падшыўкі газет і часопісаў беларусаў замежжа. У фондах установы захоўваюцца нумары часопіса, які выдаваўся ў пасляваенным Мюнхене беларускай моладдзю.
Некалькі разоў ён мяняў сваю скіраванасць: спачатку гэта быў студэнцкі часопіс, пасля яго тэматыка пашырылася: пачалі друкавацца літаратурныя творы, навіны свету. Разам з гэтым мянялася і назва – «Студэнцкія весткі», «Крывіцкі сьветач», «Студэнцкі кліч».
– Я працую ў Інстытуце журналістыкі, таму праца з перыядычнымі выданнямі, якія я не магу ў нас даследаваць (іх тут проста няма) была для мяне карыснай. Цікава было прасачыць, якім чынам адбывалася станаўленне, росквіт і заняпад перыядычных выданняў, прааналізаваць іх кантэнт, мастацкае аздабленне, маўленчыя асаблівасці, падыходы да фарміравання рэдакцыйнага партфеля, ажыццяўленне рэдакцыйнай палітыкі, шляхі распаўсюджвання. Быў праведзены дыскурсны аналіз выданняў. Вынікам даследчага візіту стане публікацыя навуковага артыкула.
У Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны прэзентавалі выкладчыку не толькі перыядычныя выданні, але і шматлікія гістарычныя і культурныя рарытэты. Сярод іх Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, некалькі старонак з «Кнігі царстваў», якую Францыск Скарына выдаў у Празе ў 1518 годзе, кітаб, які цікавы тым, што падрадковік з арабскай мовы ў ім зроблены вяззю па-беларуску. Пабачыў выкладчык альбом этнаграфічнай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 года з фотаздымкамі, арыгінал рукапісу паэмы Янкі Купалы «Курган», малюнкі Язэпа Драздовіча. Там захоўваюцца слуцкія і гарадзенскія паясы, вялікая калекцыя картаў ВКЛ. У вольным доступе – першыя выданні Максіма Гарэцкага, Цёткі, Ядвігіна Ш., граматыка Браніслава Тарашкевіча.
У Лондане пражывае каля сямі тысяч беларусаў. Дарэчы, наведаць бібліятэку могуць усе, хто цікавіцца беларусістыкай незалежна ад нацыянальнасці. Вялікія фонды, цудоўная чытальная зала тыдзень былі ў распараджэнні нашага даследчыка.
– Я жыў у гасцявым пакоі на другім паверсе будынка бібліятэкі. Устаў з ложка, паснедаў і пайшоў працаваць – нават не трэба было часу марнаваць на перамяшчэнні. Таму ўвечары можна было схадзіць у краму, паглядзець наваколле. Да цэнтра горада працяглы час трэба дабірацца, таму выбраўся толькі ў перадапошні дзень паглядзець Лондан, яго краявіды і славутасці. Надвор’е спрыяла, таму пешшу асноўнае і абыйшоў, хоць горад вельмі вялікі, шмат турыстаў. Наведаў Брытанскі музей, пабачыў там на свае вочы старажытныя скульптуры, што бачыў у дзяцінстве ў альбоме бацькі-мастака.
Дарэчы, дзякуючы гэтай праграме пашыралі свой навуковы кругагляд і завязвалі новыя прафесійныя кантакты дацэнты іншых факультэтаў БДУ. Прыняць удзел у праекце і наведаць з навуковым, даследчым або адукацыйным візітам адну з 28 еўрапейскіх краін можна да канца 2017 года. Ключавымі сектарамі праекта з’яўляюцца культура, адукацыя і моладзь, навука і тэхналогіі. Таксама прымаюцца заяўкі з іншых галін, напрыклад, эканоміка, ахова здароўя, энергетыка і г.д.
Наталля КУДРАШОВА