Прэзентаваны беларускі нумар расійскага часопіса “Філасофскія навукі”

29 Nov, 2016.

img_2471

У Маскве выйшаў беларускі нумар (№ 7, 2016 г.) расійскага часопіса “Філасофскія навукі”. Прэзентацыя спецыяльнага выпуску сімвалічна прайшла ў Міжнародны дзень філасофіі на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ. У прафесійнай аўдыторыі абмеркавалі не толькі вынікі сумеснай працы, але і перспектывы далейшага супрацоўніцтва. А таксама закранулі праблемнае становішча гуманітарнай навукі ў сучасным грамадстве.

img_2387

Змены, якія адбываюцца ў сусветнай адукацыі, фарміруюць не зусім пазітыўную тэндэнцыю – гуманітарныя навукі ўсё часцей разглядаюцца як “надбудова”, без якой сучасны чалавек можа спакойна абысціся. Японскія ВНУ адмовіліся ад гуманітарных навук як ад непатрэбных ведаў, пакінуўшы ў праграмах толькі тэхнічныя. А ў брытанскіх ВНУ пераходзяць на 3,5-гадовае навучанне урачоў за кошт так званых “лішніх” дысцыплін. Пра наступствы такіх рэформаў, падкрэсліваюць спецыялісты, здаецца, задумваюцца мала.

img_2405

Пэўныя змены, якія тычацца гуманітарных дысцыплін, адбываюцца і ў сістэме беларускай адукацыі:

— Паглядзіце, якая эвалюцыя адбылася за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Ва ўніверсітэце 15 гадоў існавала такая мадэль выкладання філасофскіх дысцыплін: першы ўзровень – філасофію ў парадыгме класікі чыталі для ўсіх студэнтаў, другі – сучасная філасофія, якая выкладалася студэнтам 4-5 курсаў, трэці – філасофія і метадалогія навукі для аспірантаў. Выбудоўвалася цалкам абумоўленая змястоўна і метадычна старанна падрыхтаваная сістэма філасофскай адукацыі. Сёння ж мы маем вынік рэформы, які нас усіх узрушыў –філасофію інтэгравалі ў нейкага дзіўнага “кентаўра” з педагогікай і псіхалогіяй, скараціўшы курс да 22 гадзін лекцый, – апісвае сітуацыю Анатоль ЗЕЛЯНКОЎ, загадчык кафедры філасофіі і метадалогіі навукі ФФСН БДУ. – Філасофія павінна застацца атрыбутам класічнай адукацыі. Мы цяпер напярэдадні вельмі важнай падзеі – выхаду новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Спадзяёмся, што ён тэндэнцыю калі не цалкам, то хоць бы троху зменіць, і мы нейкім чынам сыдзем ад гэтай зусім модульнай сістэмы.

 

img_2421

У абмеркаванні прынялі ўдзел шэф-рэдактар расійскага часопіса «Філасофскія навукі» Хачатур Марынасян, дэкан ФФСН Вадзім Гігін і старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў НС РБ Ігар Марзалюк. Апошні падкрэсліў, што любы законапраект павінен палягчаць жыццё тым, хто працуе ў гэтай сферы, даваць магчымасць дынамічна развівацца.

Валерыя БАНДАРЧЫК

img_2383

print

Вам таксама можа спадабацца: