У насычанай праграме «Тэатральнага куфра» не разгубіцца хіба што выкшталцоны тэатрал і заўсёднік папярэдніх «куфраў». Не з’яўляючыся такімі, мы звярнуліся па дапамогу да загадчыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ Людмілы САЯНКОВАЙ, спыталі, якія пастаноўкі з праграмы яе зацікавілі, і склалі для вас адмысловы гід.
«Вялікае перасяленне. Вырадкі» (па п’есе Мікалая Рудкоўскага «Вялікае перасяленне вырадкаў», рэж. Ягор Наймарк)
Чаму трэба схадзіць. Каб падтрымаць сваіх: спектакль беларускага драматурга прадставіць тэатр БДУ «На балконе», які з’яўляецца заснавальнікам «Тэатральнага куфра».
Пра што пастаноўка. У цэнтры спектакля – жанчына, мужчына, народ. І трагедыя кожнага з трох удзельнікаў дзеяння. На індыйскім вакзале, на беларускай кухні, у польскім пакоі, на англійскай будоўлі, у канадскай паліклініцы, на расійскіх прасторах вас сустрэне герой і раскажа сваю гісторыю. Пра свае праблемы, якія ў свеце не новыя, але ўвесь час актуальныя, «індывідуальныя». І пра сваё шчасце, але гэта будзе ледзь прыкметна.
Асцярожна! Прадстаўленае аптымізм не выклікае…
Мова: беларуская
Дзе: Ліцэй БДУ (вул. Ульянаўская, 8)
Калі: 24 лістапада (20.30)
Дзе набыць квіток і кошт: www.bileti.by (5,5 р.)
«Дом Бернарды Альбы» (па матывах Федэрыка Гарсія Лоркі, рэж. Антон Лявонаў)
Чаму трэба схадзіць. Спектакль прадставіць Тэатр свабоднай пластыкі з Санкт-Пецярбурга. Кажуць, тэатральныя калектывы з Расіі звычайна прывозяць вельмі цікавыя пастаноўкі.
Пра што пастаноўка. Пасля смерці мужа Бернарда Альба аб’яўляе васьмігадовую жалобу і разам з дочкамі хаваецца ў сценах радавога дома. Неўзабаве з’яўляецца мужчына, які сватаецца да старэйшай з дачок, якая прызначана спадчынніцай большай часткі капіталу нябожчыка. Аднак сапраўднае каханне ён адчувае да малодшай з сясцёр, якая так жа горача закахалася ў яго. У адну з начэй Бернарда даведваецца, што дачка гатовая аддацца каханаму і бегчы з ім…
Мова: пластычная
Дзе: Ліцэй БДУ (вул. Ульянаўская, 8)
Калі: 25 лістапада (18.00)
Кошт і дзе набыць квіток: www.bileti.by (5,5 р.)
«Мова Х» (Вальжына Морт, рэж. Аляксей Стрэльнікаў)
Чаму трэба схадзіць. Эксперыментальны тэатр «Галава-Нага» Інстытута журналістыкі БДУ ўмее здзіўляць, а яго рэжысёр, дарэчы, выпускнік нашай альма-матар, вядомы тэатральны крытык і кандыдат мастацтвазнаўства.
Пра што пастаноўка. «Мова Х» – гэта спектакль-рытуал. Гледачы запрашаюцца да ўдзелу ў рытуале далучэння да роднай мовы. Нарадзіцца разам з мовай, дапамагчы ёй пасталець, развіцца, сустрэцца з перашкодамі і перарадзіцца зноў.
Аснову рытуалу складае традыцыйнае тэатральнае кола. Застацца ці вырвацца з гэтага кола – кожны павінен вырашыць для сябе сам.
Мова: беларуская
Дзе: галоўны корпус БДУ (пр. Незалежнасці, 4, 5 паверх)
Калі: 26 лістапада (15.00/16.30) і 27 лістапада (12.00/13.30)
Па папярэднім запісе: 209-54-69
«Шекспір. Каханне» (рэж. Абас Агхсамі)
Чаму трэба схадзіць. Спектакль па матывах «Рамэа і Джульеты» Уільяма Шэкспіра прадставіць театр Sokoot з Тэгерана (Іран).
Пра што пастаноўка. Спектакль распавядае гісторыю Рамэа і Джульеты з іншага пункту гледжання. Ёсць святар, і ёсць герцаг, гатовыя выкарыстаць варожасць двух кланаў, Мантэкі і Капулеці, у сваіх карыслівых мэтах.
Спектакль – пародыя з выкарыстаннем прыёмаў камедыя дель артэ, пластычнага і музычнага тэатра, а таксама традыцыйных іранскіх уяўленняў.
Мова: англійская
Дзе: Ліцэй БДУ (вул. Ульянаўская, 8)
Калі: 27 лістапада (18.00)
Дзе набыць квіток і кошт: www.bileti.by (5,5 р.)
«У падарожжы» (аўтар і рэжысёр Ануар Хасанам)
Чаму трэба схадзіць. Спектакль прадставіць тэатр FUNTASIA Нацыянальнай школы бізнесу і менеджменту Касабланкі (Марока)
Пра што пастаноўка. У падарожжы можа ўсякае здарыцца.
Два маладыя чалавекі спрабуюць захапіць самалёт і выставіць свае патрабаванні, але гэта не звычайныя патрабаванні: яны просяць спыніць войны ва ўсім свеце…
Мова: арабская з перакладам
Дзе: Ліцэй БДУ (вул. Ульянаўская, 8)
Калі: 28 лістапада (17.00)
Дзе набыць квіток і кошт: www.bileti.by (5,5 р.)
«Ноч на Галактычнай чыгунцы» (К. Міядзава, рэж. Цзын Сюй)
Чаму трэба схадзіць. Тэатр Home (Хунаньскі сельскагаспадарчы ўніверсітэт) з Чаншы (Кітай)
Пра што пастаноўка. Джавані – хлопчык з беднай сям’і, і яго сябар Кампанэла – адзіны, хто клапоціцца пра яго. Аднойчы на ўроку прыродазнаўства настаўнік спытаў Джавані, што ёсць Млечны Шлях. Джавані не змог даць паўнавартасны адказ. Затым настаўнік спытаў Кампанэла, які ведаў адказ, але наўмысна не казаў, каб выратаваць Джавані ад яшчэ большых кпінаў з боку сваіх аднагодкаў.
Няхай галактыка – гэта пустыня з россыпам зорак і мы выдатна разумеем празаічнасць гэтага факту, але ў марах галактыка будзе ракой з мноствам астраўкоў-прыпынкаў…
Мова: кітайская з перакладам
Дзе: ДК Прафсаюзаў (пр. Незалежнасці, 25)
Калі: 28 лістапада (19.00)
Дзе набыць квіток і кошт: www.bileti.by (5,5 р.)
«Заўтра была вайна …» (Барыс Васільеў, рэж. Зінаіда Пасюціна)
Чаму трэба схадзіць. Тэатр-студыя «7 паверх» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў) Мінск (Беларусь)
Пра што пастаноўка. Спектакль пра падлеткаў, якія распачынаюць дарослае жыццё, якія робяць першыя крокі насустрач будучыні.
Вайна ўсё потым разбурыць, загубіць гэтых людзей, бязлітасна сатрэ з твару Зямлі, але гэта ўсё здарыцца заўтра, а пакуль гэта гісторыя пра сяброўства, справядлівасці і любові …
Мова: руская
Дзе: Ліцэй БДУ (вул. Ульянаўская, 8)
Калі: 28 лістапада (21.00)
Дзе набыць квіток і кошт: www.bileti.by (5,5 р.)
«Дарагі Бог!» (рэж. Яўген Славуцін)
Чаму трэба схадзіць. Па матывах «Оскар і Ружовая дама» Э.-Э. Шміта,
Маскоўскі адкрыты студэнцкі тэатр Масква (Расія)
Пра што пастаноўка. Хлопчык Оскар ляжыць у шпіталі, і аднойчы яму адкрываецца страшная праўда: яго хвароба невылечная і дні яго палічаныя. Зусім не дзіцячая праблема смяротна хворага раствараецца ў кругавароце адлічаных яму дванаццаці дзён. Не тое прыбіральшчыца, не тое нянька, не тое анёл-захавальнік у дзіўным вобразе, бабуля Ружа, з’явіцца Оскару і адкрые яму вялікую тайну – за дванаццаць дзён можна пражыць цэлае жыццё.
Мова: руская
Дзе: ДК Прафсаюзаў (пр. Незалежнасці, 25)
Калі: 29 лістапада (19.00)
Дзе набыць квіток і кошт: www.bileti.by (5,5 р.)
«Вечны пакутнік» (Х. Левін, рэж. Яір Шэрман)
Чаму трэба схадзіць. Тэатральная група акцёрскай школы «Гудман», Негеў Беэр-Шэва (Ізраіль)
Пра што пастаноўка. Спектакль пачынаецца з таго, што ў караля памірае сын. Два дактары ўдакладняюць гэта ў самым пачатку і паведамляюць, што гэта адбудзецца ў нйабліжэйшыя некалькі гадзін. Падчас агоніі дзіцяці і пасля яго смерці, розныя персанажы атачаюць караля, спрабуючы дапамагчы яму справіцца з сітуацыяй, у тым ліку псіхатэрапеўт, прафесійныя галашэльніцы, якія аплакваюць страту дзіцяці, медсястра, якая суцяшае караля, і цудатворац, які спрабуе вярнуць дзіця да жыцця.
У гэтай пастаноўцы гульня і рэальнае жыццё губляюць выразныя абрысы.
Мова: іўрыт з перакладам
Дзе: Ліцэй БДУ (вул. Ульянаўская, 8)
Калі: 29 лістапада (21.00)
Дзе набыць квіток і кошт: www.bileti.by (5,5 р.)
Поўную праграму фестывалю можна паглядзець на сайце
Чытайце таксама:
Дырэктар тэатральнага фестывалю БДУ Кацярына Саладуха: “Мы арыентуемся не на геаграфію, а на мастацкую каштоўнасць”
Падрыхтавала Наталля КУДРАШОВА