Сабраць разам студэнтаў 13 краін, абмеркаваць пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, лідарства, валанцёрства, наведаць найбуйнейшыя прадпрыемствы Беларусі і проста добра правесці час – усё гэта міжнародны моладзевы форум «М.І.Р.: Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё», які прайшоў у БДУ.
З 24 да 29 кастрычніка актывісты сямі арганізацый асамблеі БДУ і больш за 30 замежных гасцей абменьваліся досведам і ідэямі для развіцця студэнцкага патэнцыялу. Праграма форуму была вялікая: сем секцый, чатыры майстар-класы, наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны і Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, шэсць экскурсій. Паспець усё? Лёгка! Ці не вельмі. Галоўнае, што ўсе засталіся задаволеныя.
Афіцыйнае адкрыццё форуму адбылося 25 кастрычніка. Адразу пасля яго старшыні арганізацый, якія ўваходзяць у асамблею, распавялі гасцям пра сваю працу і планы на «М.І.Р.». Атмасфера ў зале была прыязная, і адразу стала зразумела, што форум абяцае быць годным.
У той жа дзень удзельнікі форуму маглі схадзіць на экскурсію па ўнутраным дворыку БДУ і з’ездзіць у музей ВАВ.
Але ўжо 26-га ўсё стала больш сур’ёзным: у гэты дзень праходзілі тыя самыя секцыі, дзеля якіх і арганізоўваўся «М.І.Р.». «Моладзевае прадпрымальніцтва», «Валанцёр як прафесія будучыні», «Інтэрнэт як пляцоўка для рэалізацыі моладзевых праектаў», «Удзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам», «Лідарскі патэнцыял студэнтаў», «Развіццё творчай асобы ў адукацыйным працэсе», «Механізмы міжнароднага супрацоўніцтва» – вось ён, той самы вялікі спіс самых актуальных студэнцкіх пытанняў. Кожную секцыю вёў старшыня адной са студэнцкіх арганізацый БДУ. Секцыі праходзілі як у фармаце дакладаў, так і ў фармаце гутаркі, а некаторыя нават сумяшчалі і тое, і другое. Так што ад удзельнікаў патрабавалася толькі зацікаўленасць тэмай, а як вы яе абмяркуеце – справа іншая.
Невялікі перапынак, і зноў усе штосьці абмяркоўваюць. Але зараз не адзін з адным, а з самымі вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і бізнесу. Вольга Сацюк, Іван Вабішчэвіч (ён жа Дзядзька Ваня), Дзмітрый Губіч і Уладзіслаў Луневіч распавялі пра свой шлях да поспеху і далі каштоўныя парады, як стаць упэўненымі ў сваіх сілах і дасягнуць жаданых мэт.
Далей болей. У прамым сэнсе гэтага слова. Раніцай 27-га фарумчане выехалі на завод самых вялікіх машын у свеце – БелАЗ. На заводзе, акрамя наведвання вытворчасці і музея, з’явілася магчымасць залезці на гіганцкі самазвал грузапад‘ёмнасцю 450 тон. І тут сур’ёзныя студэнты ў касцюмах і сукенках адчулі сябе дзецьмі на пляцоўцы: пачалі бегаць, залазіць у шыны, паднімацца да кабіны, крычаць адтуль тым, хто стаяў унізе. Ну і хай, калі яшчэ ў жыцці ты адчуеш сябе настолькі маленькім у параўнанні з чымсьці?
А адразу пасля БелАЗа ўсіх чакаў завод «Крынiца». Тут, вядома, нікуды не залезеш, але радасці ад гэтага не менш. І падышоў да канца дзень на BSUNight, дзе і студэнты БДУ, і госці змаглі павіншаваць універсітэт з 95-годдзем.
Але якім жа насычаным было 28-е кастрычніка! Экскурсіі ў ПВТ, Wargaming, наведванне Вялікага тэатра оперы і балета, закрыццё форуму і сустрэча з выпускнікамі БДУ. Экскурсіі раніцай даліся ўдзельнікам нялёгка: усё-такі спаць за папярэднія пяць дзён амаль не атрымлівалася. Але ж форум для актыўных, так што недахоп сну быў даволі прадказальны. І, зрабіўшы невялікія высілкі, усе ўважліва выслухалі лекцыю ў Парку высокіх тэхналогій, прайшліся па будынку кампаніі Wargaming, прыбраныя і прыгожыя дабраліся да тэатра, прагледзелі найлепшыя ўрыўкі з розных опер і балетаў, а ўвечары ўжо знаёміліся са старшынямі і актывістамі БДУ розных гадоў.
«М.І.Р.» падарыў усім удзельнікам карысныя міжнародныя знаёмствы, новыя праекты і ідэі, а самае галоўнае – паказаў, што Пакістан, Індыя, Украіна, Славакія, Грэцыя і яшчэ шмат краін могуць стаць сапраўднымі сябрамі пры дапамозе аднаго кароткага, але вельмі ёмістага слова – БДУ.