Штогадовы праект прымеркаваны да прафесійнага свята спецыялістаў па сувязях з грамадскасцю ў Беларусі, які адзначаецца 1 лістапада з 2013 года. Менавіта тады гэта пасада была занесена ў «Агульнадзяржаўны класіфікатар пасад службоўцаў» Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемствы форуму наведалі каля 350 чалавек. Сярод іх студэнты розных універсітэтаў Мінска, прадстаўнікі прафесійнай PR-супольнасці, кіраўнікі малога і сярэдняга бізнесу, спецыялісты ў галіне маркетынгавых і рэкламных камунікацый, выкладчыкі.
Першы дзень быў прысвечаны ролі камунікацыі пры выхадзе кампаніі на рынак і прасоўванні на ім. Другі дзень прайшоў пад дэвізам «Minsk, I love you!». Трэці – пад агульнай тэмай «Phygital PR».
Шэсць майстар-класаў было праведзена на форуме. Намеснік дырэктара камунікацыйнага агенцтва ARS Communications Віктар Елістратаў распавядаў пра арганізацыю і «фішкі» праекта «Класіка ля ратушы з Velcom». Крысціна Кручкова падзялілася досведам правядзення гастранамічнага фэсту «Зоркі Michelin у Беларусі», а Міла Котка казала пра прасоўванне фэсту вулічнага мастацтва Vulica Brasil. Заснавальнік і кіраўнік агенцтва EZERIN’com Андрэй Эзерын выступаў з паведамленнем «Як выйграць безнадзейную справу: досвед
узаемадзеяння нефармальных грамадзянскіх аб’яднанняў, грамадскіх арганізацый і СМІ на прыкладзе мінскай Асмалоўкі». Пра трэнды SMM (Social Media Marketing), пра тое, як мець зносіны з мэтавай аўдыторыяй, разважаў заснавальнік digital-агенцтва Андрэй Гусараў. А блогеры Ася Паплаўская і Анастасія Сцёпіна тлумачылі, што такое грамадзянская журналістыка. Слухачы змаглі даведацца пра тое, як паспяхова манеўраваць на магістралі індустрыі на ток-шоу «Роля камунікацыі пры выхадзе кампаніі на рынак і пры прасоўванні на ім» з удзелам рэстаратара Аляксея Садовага.
На форуме прайшоў круглы стол «Дзяржаўна-прыватнае партнёрства: эфектыўная камунікацыя бізнесу, улады і грамадзянскай супольнасці». Спікерамі выступілі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прафесіяналы, а таксама выкладчыкі БДУ. У рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя вынікаў двух даследаванняў: пра развіццё карпаратыўных камунікацый у Беларусі і пра асаблівасці горада як прасторы для камунікацыі. Заключным акордам форуму стаў круглы стол «Дыскрымінацыя ў камунікацыйных кампаніях: спосабы выяўлення і пераадолення». Эксперты абмеркавалі частыя памылкі ў камунікацыі з рознымі мэтавымі аўдыторыямі. Тут таксама прайшла прэзентацыя этычнага кодэкса, падрыхтаванага Асацыяцыяй кампаній камунікацыйных кансультантаў.
«Тыдзень» – праект кафедры тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі, падрыхтаваны пры супрацоўніцтве з Асацыяцыяй кампаній камунікацыйных кансультантаў. Куратарамі форуму сталі выкладчыкі кафедры Святлана Алегаўна Альшэўская і Аляксей Валянцінавіч Колік. Ім дапамагалі студэнты 2 курса спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя». Усяго над арганізацыяй форуму працавалі каля 30 чалавек.
– Адна з важных задач правядзення «тыдня» – прадэманстраваць, што public relations з’яўляецца актуальнай, запатрабаванай для сучаснай Беларусі прафесіяй, – адзначае Ірына Уладзіміраўна Сідорская, загадчыца кафедры тэхналогій камунікацыі. – Мы хочам растлумачыць, хто такія PR-спецыялісты, як яны працуюць і чаму яны патрэбныя камерцыйным, дзяржаўным, грамадскім арганізацыям. Яшчэ сярод значных задач – пазіцыянаванне Інстытута журналістыкі БДУ як установы, якая выступае галоўнай адукацыйнай пляцоўкай па падрыхтоўцы спецыялістаў PR. Фармат круглых сталоў спадарожнічаў актывізацыі сувязяў паміж акадэмічнай і прафесійнай супольнасцю, каб не было разрыву паміж тэорыяй і практыкай. Апроч гэтага «тыдзень» дапамог аптымізаваць узаемадзеянне студэнтаў і прафесійнай супольнасці для далейшага супрацоўніцтва.
– Кафедра тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі БДУ сумесна з Асацыяцыяй кампаній камунікацыйных кансультантаў абрала найлепшых экспертаў, якія змаглі падзяліцца прафесійнымі навыкамі і меркаваннямі, – распавядае выкладчык Святлана Альшэўская. – Таксама гэта добрая магчымасць для нашых студэнтаў замацаваць тэарэтычныя веды на практыцы. У іх зону адказнасці ўваходзіла камунікацыя са спікерамі, распрацоўка «візуалу» і прасоўванне мерапрыемства. На мой погляд, яны выдатна справіліся з пастаўленай задачай.
– Праграма форуму стваралася зыходзячы з актуальнасці разгляданых тэм. Удзельнікі атрымалі вялікую колькасць інфармацыі, – лічыць Павел Семчанка, арганізатар, студэнт 2 курса. – Для мяне стварэнне і ўдзел у падобным мерапрыемстве – цікавы досвед. Шмат нюансаў, складанасцяў, але гэта добрая школа. Таксама атрымалася завесці мноства новых знаёмстваў і запомніць мора карысных звестак са сферы PR.