Гасцямі мерапрыемства сталі юныя артысты дзіцячага ансамбля танца БДУ “Літарынка”. Разам з лаўрэатам міжнароднага конкурсу “Еўрабачанне–2011” Лідзіяй Заблоцкай яны адкрылі святочную сустрэчу яркім выступленнем. Энергія і настрой маленькіх гарэзаў перадалася гледачам – добрыя светлыя ўсмешкі ўпрыгожылі іх твары.
Дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ павіншаваў гасцей з юбілеем і распавёў пра тое, як пачыналася праца факультэта.
— У такія ж лістападаўскія дні 55 гадоў таму ў нашу краіну прыехала першая група кубінскіх студэнтаў, каб вывучыць рускую мову і атрымаць вышэйшую адукацыю ў Савецкім Саюзе, – заўважыў Вячаслаў Міхайлавіч.
— Наш факультэт быў утвораны ўвосень 1961 года, як і ў іншых трох вядучых ВНУ СССР – Маскоўскім, Ленінградскім і Кіеўскім дзяржаўных універсітэтах. Разам пачалі падрыхтоўку замежных студэнтаў, таму гэты год знамянальны не толькі для нас, але і для шматлікіх былых краін Савецкага Саюза. За гэты час у нашых сценах атрымала адукацыю вялікая колькасць маладых людзей. Напрыклад, падрыхтоўчае аддзяленне скончылі больш за 9 тыс. слухачоў з 122 краін свету. Цяпер ва ўніверсітэце навучаецца 2,5 тыс. замежных студэнтаў-прадстаўнікоў 50 краін. Спадзяёмся, што слухачы, якія прыехалі сёлета ў Беларусь, ужо ў наступным годзе стануць студэнтамі БДУ.
З цёплымі словамі да гасцей звярнулася і загадчыца кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна ДАСАЕВА:
— Наша кафедра курыруе навучанне замежных студэнтаў, таму на працягу многіх гадоў мы захоўваем цёплыя адносіны з вашым факультэтам, і гэта праца дае добры вынік. Навучаючыся ў Інстытуце журналістыкі, дзеці з замежных краін пераконваюцца: акрамя асноўных спецыялізацый міжнароднай журналістыкі, звязанай з палітыкай і эканомікай, могуць паглыбіць веды і ў іншых кірунках, якія тычацца, напрыклад, асвятлення культурнага жыцця краін, таксама ў нас даўно існуе курс “Міжнародная спартыўная журналістыка”. Заняткі па журналісцкім майстэрстве дапамагаюць ім пазнаёміцца са шматлікімі аспектамі жыцця нашай краіны. Гэта і наведванне тэатраў, і сустрэчы з прадстаўнікамі пасольстваў, і шмат чаго яшчэ.
Праводзяцца мерапрыемствы, дзе нашы госці могуць распавесці беларускім студэнтам пра багатыя традыцыі роднай краіны. Пасля прыемна прысутнічаць на выпускных вечарах, калі замежныя студэнты атрымліваюць дыпломы. Мы чуем выдатныя словы пра Беларусь, наш народ, выкладчыкаў, студэнцкія гады. У нас ёсць яркі таму прыклад: гэта прадстаўнік Японіі Танака Хітошы. Ён з першага курса актыўна ўключыўся ў вучобу, навуковую дзейнасць, грамадскую, займаўся перакладчыцкай працай, наведаў шматлікія беларускія гарады, а цяпер марыць назаўжды застацца ў Беларусі. Пасля некаторыя замежныя студэнты паступаюць у магістратуру і аспірантуру, паспяхова навучаюцца, атрымліваюць навуковую ступень.
Сёння ўсім слухачам ФДА хачу пажадаць самых яркіх уражанняў ад студэнцкага жыцця, а самому факультэту падзякаваць за такую важную і патрэбную працу.
Падрабязней пра гісторыю факультэта прысутным “распавялі” вясёлыя сцэнкі, якія падрыхтавалі яго слухачы. Нагадалі, што першыя замежныя студэнты прыехалі з Кубы. Іван Яловік выканаў папулярную савецкую песню “Куба – любоў мая”.
Сапраўдным улюбёнцам публікі стаў усмешлівы Джасцін – хлопец прыехаў вучыцца ў Беларусь з сонечнай Афрыкі. Ён выдатна сыграў сваю ролю, жартоўна паказаўшы, як маладыя людзі гэтага кантынента збіраліся на вучобу ў Мінск, прывыкалі да новага клімату і побыту. У сямідзясятыя гады факультэт адчыніў дзверы для першых студэнтаў з Афрыкі і Іарданіі.
Музычныя і танцавальныя нумары дзівілі сваёй разнастайнасцю. Дуэт прадстаўнікоў Кітая падарыў кранальную песню. Гарачы завадны танец падрыхтавалі хлопец Махамед і дзяўчына Шабнам з Ірана. Свой вобраз яны дапоўнілі класічнымі капялюшамі і яркімі паветранымі шалікамі, якія не толькі паслужылі аксэсуарамі, але і дапамаглі разнастаіць танцавальныя рухі.
Нашы кітайскія сябры падрыхтавалі яшчэ адзін цікавы нумар. Хлопцы Чжан і Чэнь зарадзілі залу невымоўнай энергіяй і пазітывам. За вясёлую песню, якая суправаджаецца рытмічнымі рухамі, зала ўзнагародзіла іх бурнымі апладысментамі. Вядомую павольную кампазіцыю Shape of my heart Стынга выканаў іранскі госць Парса. Першыя студэнты з Кітая, Ірана і Ірака прыехалі вучыцца на факультэт у 1990 годзе.
У двухтысячным годзе аб’ядналіся падрыхтоўчыя аддзяленні для беларускіх і замежных грамадзян – так з’явіўся ФДА.
Шэсць дзяўчын беларускага аддзялення запалілі залу іспанскім танцам фламенка, а хлопец Надзір з Азербайджана падарыў знакамітую лезгінку.
У завяршэнні вечара дзеці паэтычнымі радкамі прызналіся ў любові дарагому факультэту, назваўшы яго самым найлепшым. Таксама яны выканалі песню пра ФДА на мелодыю вядомай кампазіцыі “Надзея”. У гэтым шчырым выкананні гарманічна пераплялося ўсё: радасць студэнцтва, падзяка выкладчыкам, сяброўства народаў і адданасць альма-матар Беларусі.
Дар’я НІКАНЧУК
Відэа: