Лекцыя «Сакрэты паспяховых навуковых публікацый і калектываў» прайшла 1 лістапада на фізічным факультэце БДУ. У якасці спікераў выступілі тытулаваныя навукоўцы Міхаіл Арцем’еў і Сяргей Гапоненка. Госці сустрэчы падзяліліся досведам вядзення дакументацыі, пагутарылі аб патрабаваннях розных часопісаў і выдавецтваў, аб выбары актуальнай тэмы, а таксама аб іншых аспектах навуковага маркетынгу.
Мерапрыемства праходзіла ў фармаце панэльнай дыскусіі. Слухачамі сталі студэнты, выпускнікі і выкладчыкі фізфака, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук.
На тэму «Цытаванасць: лічбы і факты» казаў Сяргей Гапоненка – член-карэспандэнт НАН, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. У 1980 годзе скончыў БДУ. З 2007-га – загадчык лабараторыяй Інстытута фізікі ім. Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук. Аўтар навуковых прац па фізіцы кандэнсаванага стану і оптыцы нанаструктур. Напісаў падручнік «Уводзіны ў нанафатоніку», які быў рэкамендаваны Кембрыджскім універсітэтам як навучальны дапаможнік для студэнтаў старэйшых курсаў і магістрантаў.
Сяргей Гапоненко растлумачыў прысутным, што такое імпакт-фактар часопіса, Індэкс цытавання і індэкс Хірша. «Цытаванасць – даведнік па літаратуры», – вылучыў навуковец. Дарэчы, яго h-індэкс ці індэкс Хірша раўняецца 31 (гэта колькасная характарыстыка прадуктыўнасці навукоўца, заснаваная на колькасці публікацый і колькасці цытаванняў гэтых публікацый). Паказаў старонкі некаторых вучоных (сярод іх быў і Альберт Эйнштэйн) на рэсурсе scholar.google.com, дзе адлюстравана іх цытаванасць. «За апошнія гады цытаваць сталі больш, – сказаў Сяргей Васільевіч. – Гэта адбываецца дзякуючы хуткаму распаўсюду і даступнасці інфармацыі ў інтэрнэце».
Сяргей Гапоненка паспрабаваў развеяць міфы, якія існуюць у навуковай сферы. Слухачы, напрыклад, запомняць, што нават самы рэйтынгавы часопіс не гарантуе высокага цытавання, таксама як і праца ў папулярным кірунку. «Паспрабуйце адчуць зараджэнне новага яркага кірунку ў самым яго пачатку, – адзначыў акадэмік. – Імкніцеся ўдзельнічаць у канферэнцыях. Цяжка атрымаць добрую рэцэнзію ў рэйтынгавым часопісе, калі рэцэнзент не чытаў вашых артыкулаў і не знаёмы з вамі. Вызначце прыкладна ўзровень выніку, і пасылайце яго ў адпаведны часопіс. На ўсякі выпадак, выстаўце рукапіс на «Архіве» (www.researchgate.net – бясплатная сацыяльная сетка і сродак супрацоўніцтва навукоўцаў ўсіх навуковых дысцыплін). Памятаеце: распаўсюд ведаў – гэта місія вучонага!».
«Як і для чаго публікавацца ў высакарэйтынгавых навуковых часопісах?» – назва прамовы Міхаіла Арцем’ева, доктара хімічных навук, навукоўцы ў вобласці нанахіміі. У 1985 годзе скончыў БДУ. З 2010-га – загадчык лабараторыяй нанахіміі Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ. Аўтарытэтны навукоўца ўзначальваў радок рэйтынгу як самы цытаваны хімік Беларусі (h-індэкс 38).
«Публікацыя ў навуковым часопісе – спосаб пацверджання атрыманых вынікаў, – лічыць навуковец. – Такім чынам можна атрымаць незалежную адзнаку актуальнасці кірунку працы». Міхаіл Валянцінавіч распавёў пра стымулы да друку ў часопісах. Напрыклад, важную ролю гуляе псіхалагічны фактар – пачуццё задавальнення, таксама гэта фінансавы аспект – кантакты, прэміі. І публікацыі ў часопісах будуць суправаджаць кар’ерны рост: аспірант – постдок – прафесар. Як падкрэсліў доктар хімічных навук, агульная колькасць цытавання складаецца як са станоўчых, так і з адмоўных згадванняў. Гэта не варта забываць, калі гонішся за вялікай колькасцю публікацый і не сочыш за іх якасцю. Міхаіл Арцем’еў пажадаў слухачам старанна працаваць, каб не атрымаць ад рэдактараў словы: «Вынікі працы не ўяўляюць істотнай цікавасці для шырокай аўдыторыі часопіса…».
Сустрэча была праведзена пры сумеснай працы арганізацыі Student Network са Студэнцкім саветам па якасці адукацыі фізфака і Саветам маладых навукоўцаў фізфака.
«Ідэя правядзення лекцыі пачала зараджацца каля паўгода таму назад, калі на канферэнцыі кафедры тэарэтычнай фізікі фізічнага факультэта Сяргей Гапоненка добрую палову навуковага дакладу прысвяціў фармаванню навуковых трэндаў, – кажа Ілля Карусейчык, старшыня Student Network, мадэратар дыскусіі, выпускнік фізфака. – Гэты яго выступ і падштурхнуў на правядзенне нашай панэльнай дыскусіі. Таксама скарэктавалі тэму да часопіснай, каб гэта было карысна для студэнтаў. Адпаведна другім дакладчыкам шукалі такога ж яркага вучонага. Да нашага шчасця яны абодва з задавальненнем пагадзіліся паўдзельнічаць».
Матэрыялы з лекцыі можна знайсці ў групе сустрэчы “УКантакце” (https://vk.com/scientific_secrets).
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота: Васіль Кузьмічкін
Відэа: