«Я так гуляю!»: пазлы «Тэатральнага куфра–2016»

23 Nov, 2016.

kopiya-xqojvvfva94Ужо ў трынаццаты раз Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт правядзе Міжнародны фестываль студэнцкіх і моладзеввых тэатраў «Тэатральны куфар», урачыстае адкрыццё якога адбудзецца 24 лістапада ў Ліцэі БДУ.

У гэтым годзе ў фестывалі прымуць удзел 23 дарослыя і дзіцячыя тэатры, а таксама тэатральныя дзеячы з 14 краін – Беларусі, Расіі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Грузіі, Кітая, Латвіі, Літвы, Польшчы, Турцыі, Узбекістана, Сербіі, Марока і Ірана. За час працы фестывалю гледачы ўбачаць творы такіх драматургаў і пісьменнікаў, як Уільям Шэкспір, Л’юіс Кэрал, Гарсія Лорка, Антон Чэхаў, Барыс Васільеў, Джані Радары, Сюзана Кейсі, Мікалай Рудкоўскі і інш. Варта адзначыць, што айчынныя студэнцкія калектывы прадставяць спектаклі на беларускай мове. Акрамя таго, сцэнічныя творы будуць гучаць на іўрыце, англійскай, арабскай, сербскай, кітайскай і рускай мовах.

Сем дзён і больш за дваццаць пастановак – праграма фестывалю насычаная і разнастайная. Акрамя спектакляў – майстар-класы, адкрыты дыскусійны клуб, праект «Куфар-in-Motion» – пастаноўка мініспектакля на працягу тыдня, а таксама гасцявыя монаспектаклі ў рамках праекта «МоноК».

Упершыню паўнавартаснымі ўдзельнікамі «Тэатральнага куфра» стануць дзіцячыя тэатры з Беларусі, Расіі і Кітая. Невыпадкова і канцэпцыя фестывалю ў гэтым годзе гучыць: «Я так гуляю!», а афіша «Тэатральнага куфра» выглядае як пазл – асноўны элемент гульні. Дзіцячы конкурс пройдзе 26 і 27 лістапада ў Моладзевым тэатры эстрады (вул. Маскоўская, 18а) і ў Ліцэі БДУ.

Яшчэ адным новаўвядзеннем ў 2016 годзе стануць правілы ацэньвання.

  • Цяпер аматарскія і прафесійныя тэатры спаборнічаюць у асобных катэгорыях за «Найлепшы спектакль» і спецыяльныя прызы па меркаванні міжнароднага журы, – адзначыла на прэс-канферэнцыі дырэктар фестывалю «Тэатральны куфар» Кацярына Саладуха. – Кожны член журы прыме актыўны ўдзел у працы фестывалю не толькі як суддзя, але і як творчы дзеяч на майстар-класах і дыскусійных клубах.

Галоўны прыз фестывалю – Вялікі куфар – па-ранейшаму будзе прысуджаць глядач, галасуючы пасля кожнага спектакля (акрамя дзіцячых).

Наталля КУДРАШОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: