
Пікет “Мастацтва”, прысвечаны працы Л.С. Выгоцкага “Псіхалогія мастацтва”. У адной з карцін схавана загадка, якую трэба разгадаць з дапамогай аднаго з прапанаваных прадметаў
Імпрэза 120-годдзя з дня нараджэння выбітнага псіхолага з сусветным імем, выхадца Беларусі, Льва Сямёнавіча Выгоцкага адбылася на факультэце філасофіі і сацыяльных навук з ініцыятывы каманды студэнтаў і выкладчыкаў кафедры псіхалогіі. Знамянальная падзея была арганізавана нестандартна для акадэмічнага асяроддзя, але сугучна шматлікім ідэям навукоўца – у форме развіццёвай гульні-квэсту.

Каманда арганізатараў мерапрыемства: Лілія Ярашэвіч, Таццяна Іванаўна Сініца, Марыя Майсяйчук, Ілья Лемец, Кацярына Барысенка, Ірына Вярбіцкая, Агнія Ашкелянец, Уладзімір Слука, Дзіна Страпко
У квэст-семінары “Выгоцкі” прынялі ўдзел 11 каманд з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (ФФСН, кафедра псіхалогіі, і ДІКСТ, сацыяльная праца) і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка (Інстытут псіхалогіі і Інстытут інклюзіўнай адукацыі). Спаборніцтва каманд адбылося 8 снежня 2016 г. і складалася з рашэння імі задач на трох этапах: 1) форум (выступленне каманд з хатнімі заданнямі – дакладамі на тэматыку прац Л.С. Выгоцкага); 2) уласна квэст (які складаўся з некалькіх пікетаў, тэматычна ці фармальна звязаных як з ідэямі Л.С. Выгоцкага, так і іншымі мерапрыемствамі кафедры); 3) фінальны конкурс для капітанаў каманд (тэст).
Пераможцамі квэсту-семінара стала каманда “Мілыя стварэнні” (БГПУ, Інстытут псіхалогіі); другое месца заняла каманда “Першая парта” (БДУ, кафедра псіхалогіі”); трэцяе месца — у каманды “Камалоўцы” (БДПУ, Інстытут інклюзіўнай адукацыі).
Найвышэйшы бал за фінальны тэст атрымаў капітан каманды “Мілыя стварэнні” Адзінец Аляксандра. І, безумоўна, у мерапрыемстве выйгралі ўсе – і каманды і арганізатары, рэалізаваўшы магчымасць сінтэзу навуковых ведаў і гульні, размаўляючы і ўзаемадзейнічаючы ў творчым і нестандартным фармаце.
Мерапрыемствы падобнага фармату будуць праводзіцца студэнтамі і выкладчыкамі кафедры псіхалогіі рэгулярна і будуць прысвечаны і іншым знамянальным падзеям і выбітным псіхолагам.
Чацвёртая студэнцкая алімпіяда па псіхалогіі “Псіалімп” стартуе 1 верасня 2017 года.
Галіна ФАФАНАВА, старшы выкладчык

У камбінаваным пікеце выкарыстоўваецца псіхалагічны інструментарый, распрацаваны на аснове канцэпцыі Л.С. Выгоцкага. Камандам неабходна сабраць кубікі Нікіцінай з заплюшчанымі вачыма з дапамогай падказак партнёраў, а таксама разгадаць піктаграмы, якія намаляваў удзельнік каманды.

У пікеце “Псіхалагічныя вечары” былі камандныя гульні на складанне храналогіі, а таксама “Кракадзіл”, падчас якога трэба было паказваць і адгадваць паняцці тэорыі Л.С. Выгоцкага

Пікет у фармаце конкурсу “Мазгавы шторм” студэнцкай алімпіяды па псіхалогіі “Псіаламп”. На фота – супрацоўнікі кафедры псіхалогіі, Сакаловіч Кацярына Аркадзьеўна — суддзя “форуму”, вядучы пікету — Хонскі Сяргей Ігаравіч, суддзя “форуму” — Давыдовіч Ганна Аляксандраўна і адзін з арганізатараў квэсту, а таксама суддзя “форуму” — Фафанава Галіна Аляксандраўна