БДУ – выдатная пляцоўка для рэалізацыі талентаў і здольнасцяў студэнтаў. На базе альма-матар можна займацца танцамі, чэрлідынгам, дызайнам адзення, спяваць у хары, не кажучы ўжо пра спорт. Для аматараў драматургіі і сцэнічнага майстэрства ва ўніверсітэце дзейнічае тэатр-студыя “На філфаку”, рэжысёр якога Кацярына Тананайка стала пераможцам конкурсу “Лідар года”.
Гэты конкурс штогод праводзіцца выканаўчым камітэтам Маскоўскага раёна г. Мінска для заахвочвання найлепшай моладзі горада, якая дамаглася поспехаў у сваёй дзейнасці. Для ўдзелу патрабавалася на першым этапе падаць журы партфоліа і і эсэ на тэму: “Стратэгія ўзыходжання да поспеху: адукацыя – прафесія – творчасць”, на другім – падрыхтаваць творчую самапрэзентацыю “Я – Лідар!”. Кацярына Аляксандраўна выступала на сцэне са сваёй трупай, зрабіўшы ўпор на тэатральную пастаноўку. Па выніках конкурсу рэжысёр стала найлепшай у намінацыі “Лідар года ў сферы культуры”.
Кацярына Аляксандраўна любіць сваю працу і шануе падапечных, і заўсёды гатовая распавесці пра перыпетыі студэнцкага тэатра.
-Вы з трупай 21 лістапада вярнуліся з Расіі. Што прывезлі з сабой?
– Так, мы ездзілі на фэст студэнцкіх тэатраў у Калінінград, і… прывезлі адтуль усе галоўныя ўзнагароды! Паказвалі спектакль “Піф-паф, ты мёртвы!”, які “ўзяў” найлепшую рэжысуру, найлепшы акцёрскі склад і найлепшую мужчынскую ролю – яе атрымаў Уладзімір Васіленка. Нам паездка спадабалася і прынесла вялікую карысць, было шмат майстар-класаў, трэнінгаў, мы і праводзілі свае, і хадзілі на чужыя, абмяняліся досведам.
-Чым адрозніваецца тэатр ад тэатра-студыі?
– Трупа тэатра-студыі набіраецца галоўным чынам са студэнтаў, у звычайным тэатры не возьмуцца навучаць пачаткоўца “з нуля” – а мы менавіта гэтым і займаемся. Для такіх пачаткоўцаў рэгулярна праводзяцца заняткі па сцэнічным маўленні, па асновах акцёрскага майстэрства, іх навучаюць вакалу. І потым, па выніках навучання, калі нам для пастаноўкі патрэбны вызначаны тыпаж ці проста новы чалавек, мы яго “выдзіраем” у пастаноўку.
-А як можна патрапіць у трупу?
– Раз у год, у верасні, у нас праводзіцца набор. Але мы запрашаем усіх, не толькі непасрэдна студэнтаў БДУ. Да нас прыходзяць зацікаўленыя з усяго горада, пры гэтым не толькі моладзь студэнцкага ўзросту, але і людзі старэйшыя, і ўсе выдатна ўзаемадзейнічаюць, не ўзнікае моманту “шэфства” ці заступніцтва ад старэйшых – у тэатры ў кожнага свае задачы, якія проста трэба выконваць.
-Як фарміруецца рэпертуар студыі? Хто падае ідэі, прыносіць матэрыял?
– Звычайна мы ўсе разам збіраемся і абмяркоўваем прапановы. Любы ўдзельнік трупы можа прынесці матэрыял для пастаноўкі. Набірае некалькі варыянтаў, ладзім чытку кожнага спектакля, і па меркаванні ўсіх выбіраем канчатковы варыянт. А потым арганізуем на абраны спектакль кастынг. Аднойчы нам выкладчык матэматычнага факультэта прынёс дзве свае п’есы, яны былі вельмі добрыя, усім спадабаліся. Але, на жаль, прыйшлося іх адкласці ў доўгую скрыню, таму што напісаны былі на занадта вялікую колькасць чалавек, акрамя таго, сюжэт адной п’есы разгортваўся ў ВКЛ перыяду 14–15 стагоддзяў, што патрабавала прыгожых складаных строяў, вялікіх укладанняў. Мы пакуль што не можам гэтага сабе дазволіць.
-Дарэчы, адкуль бярэцца рэквізіт, выкарыстоўваны ў пастаноўках?
– Галоўным чынам гэта тое, што прыносім і знаходзім мы самі. Але нам часам дапамагае БДУ, напрыклад, нам пашылі строі для спектакля “Джаз”. Але перад кожнай пастаноўкай мы разумеем, што ўсё-ўсё нам проста так ніхто не дасць, таму даводзіцца выяўляць цуды вынаходлівасці. Напрыклад, нам для спектакля “Патрабуецца мадэль” была патрэбна клетка, так мы самі прыдумалі яе дызайн, самі ездзілі ў будаўнічую краму за матэрыяламі, запрашалі знаёмых будаўнікоў, потым “дайце нам шрубавёрт”, урэшце самі ўсе зрабілі, замацавалі. Нам нават спадабалася! Але, вядома, хацелася б мець больш. Кожны раз, калі абдумваеш будучую пастаноўку, у галаве мільгаюць маштабныя прыгожыя дэкарацыі, якія будуць рухацца, свяціцца, усе такія аб’ёмныя, каб можна было пакратаць… Ну а потым заходзіш у касцюмерную, глядзіш, і кажаш: “Ну добра, раз няма з чаго выбіраць, возьмем вось гэта”.
-Якія задачы Вы ставіце перад тэатрам?
– Мне падабаецца фармат фэсту. На фэстах можна наведаць шмат заняткаў, трэнінгаў, у адзін дзень набрацца досведу і ведаў ад розных майстроў, пагутарыць з удзельнікамі іншых, часта замежных, труп. У лістападзе мы штурмавалі “Тэатральны куфар”, затым будзе фэст пластычных тэатраў “ПлаSтформа”, у красавіку нас запрасілі ў Сочы. Так што пакуль трэба паездзіць, пашырыць фэставую геаграфію.
Вікторыя ШАХРАЙ
Вiдэа: Мюзікл “Джаз”. Начная вечарынка ў цягніку