Сем дзён і больш за дваццаць пастановак, акрамя таго майстар-класы і дыскусійныя клубы – БДУ прыняў XIII Міжнародны фестываль студэнцкіх і моладзевых тэатраў «Тэатральны куфар–2016». Узнагароджанне пераможцаў адбылося 30 лістапада.
Яскравы форум зладзіла ўпраўленне па справах культуры БДУ. Як адзначыла на прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця фестывалю «Тэатральны куфар» яго дырэктар Кацярына Саладуха, ад тэатраў прыйшло больш за сто заявак, з якіх адабралі самых моцных. Апошнім часам геаграфічнай разнастайнасці сталі надаваць менш увагі на карысць мастацкай якасці спектакляў. Тым не менш, усяго ў фестывалі прынялі ўдзел 23 калектывы з 14 краін: Беларусі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Грузіі, Кітая, Латвіі, Літвы, Марока, Польшчы, Расіі, Турцыі, Ірана, Узбекістана і Сербіі. Адпаведна і сцэнічныя творы гучалі на арабскай, англійскай, іўрыце, сербскай, кітайскай, грузінскай, рускай і беларускай мовах. За час працы фестывалю гледачы пабачылі сучасныя і класічныя творы драматургаў і празаікаў.
Упершыню паўнавартаснымі ўдзельнікамі «Тэатральнага куфра» сталі дзіцячыя тэатры, якія ішлі па-за конкурснай праграмай. Невыпадкова і канцэпцыя фестывалю ў гэтым годзе гучала: «Я так гуляю!», а афіша «Тэатральнага куфра» выглядала як пазл – асноўны элемент гульні.
Яшчэ адным новаўвядзеннем у гэтым годзе сталі правілы ацэньвання. Цяпер аматарскія і прафесійныя тэатры спаборнічалі ў асобных катэгорыях за найлепшы спектакль і спецыяльныя прызы. Намінацыі засталіся ранейшыя: найлепшы акцёр, актрыса і рэжысёр. Конкурс сёлета праходзіў у вострай барацьбе, і фаварыт вызначыўся літаральна ў апошні дзень фестывалю.
Гран-пры па выніках глядацкага галасавання атрымаў спектакль «Вечны плакальшчык» ізраільскай тэатральнай акцёрскай школы «Гудман». Акрамя таго, у гэтую краіну паляцелі яшчэ два прызы. Акцёр Ітаі Чама атрымаў дыплом у намінацыі «Найлепшая мужчынская роля другога плана», а рэжысёр Яір Шэрман стаў найлепшым у прафесійным конкурсе ў намінацыі «Найлепшая рэжысура».
Перамогу ў іншых намінацыях журы размеркавала наступным чынам: «Найлепшая сцэнаграфія» – спектакль «Дом Бернарды Альбы» тэатра свабоднай пластыкі (Санкт-Пецярбург, Расія); «Найлепшая жаночая роля другога плана» і «Найлепшая жаночая роля» прысвоена артысткам тэатра БДУ «На балконе» (Беларусь) у спектаклі «Вялікае перасяленне. Вырадкі» Ілоне Драздовіч і Марыне Шантыр адпаведна. «Найлепшая мужчынская роля» ў Рамана Шыцько ў спектаклі «Загадкавае начное забойства сабакі» тэатральнага праекта Андрэя Саўчанкі БДАМ (Беларусь), а «Найлепшая рэжысура» сярод аматарскіх тэатраў у Сігнэ Нікалаева за спектакль «Начарна» тэатра Універсітэта Латвіі (Рыга).
У гэтым годзе ўдзельнікам конкурснай праграмы прысудзілі тры спецыяльныя прызы. Ад тэатральных крытыкаў клуба фестывалю ўзнагароджаны эпізод «Белая ружа» спектакля «Хто ты?» тэатра-студыі «Калаж» (Саратаў, Расія). «За найлепшую эксперыментальную працу» ў спектаклі «Мова Х» узнагароджаны эксперыментальны тэатр «Галава-Нага» Інстытута журналістыкі БДУ. Ад медыяпартнёраў фестывалю інфармацыйнага агенцтва «Спутник Беларусь» артысты тэатра Home (Чанша, Кітай) атрымалі падарункі і дыплом «За творчую мэтанакіраванасць». Спецыяльны прыз ад генеральнага партнёра фестывалю, найбуйнейшай пляцоўкі абвестак Беларусі Kufar, «За самы касавы спектакль» – тэатр «Панацэя» (Мінск, Беларусь).
У дапаўненне да насычанай і разнастайнай праграмы на фестывалі прадставілі праект «Куфар-in-Motion» – міні-спектакль на працягу тыдня, а таксама гасцявыя монаспектаклі ў рамках праекта «МоноК». Дарэчы, кожны член журы прыняў актыўны ўдзел у працы фестывалю не толькі як суддзя падчас ацэнкі спектакляў, але і як творчы дзеяч на майстар-класах.
Наталля КУДРАШОВА
Вiдэа тут
Чытайце таксама:
Тэатры БДУ на «Куфры–2016»: драмы і эксперыменты (+відэа)
Дырэктар тэатральнага фестывалю БДУ Кацярына Саладуха: “Мы арыентуемся не на геаграфію, а на мастацкую каштоўнасць”