Кожны ведае: Новы год – гэта час, калі самыя патаемныя мары спраўджваюцца! Тым больш прыемна, калі ты сам можаш зрабіць цуд для сваіх родных, сяброў, і, канешне ж, для тых, хто да гэтага мае вялікую патрэбу.
Слоган «Чароўнай майстэрні» – «Падары чараўніцтва дзіцяці». Добрая акцыя прайшла 20 снежня ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце. Студэнты, супрацоўнікі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ і людзі з вялікім сэрцам на некалькі гадзін ператварыліся ў эльфаў і зрабілі каля 40 падарункаў для дзяцей-сірот і інвалідаў.
Арганізатар майстэрні, начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў ўпраулення выхаваўчай работы з моладдзю, Наталля Капацэвіч распавядае:
«У новы год заўсёды хочацца цудаў. З узростам найбольшую радасць атрымліваеш, калі гэтыя цуды ствараеш для іншых. Гэтую акцыю мы прадумвалі разам з Оляй Краўчанка, нашай студэнткай, якая ў гэтым годзе стала валанцёрам года Рэспублікі. Дзякуючы яе імкненню, дабрыні і падключэнню ўсіх неабыякавых людзей акцыя ўдалася і салодкiя падарункi зроблены».
Кожны удзельнік атрымаў налепку, падцвярджаючую, што ён – чароўны эльф, а таксама пачаставаўся цукеркамі. Старэйшыя эльфы запрашалі да свайго кружка і вучылі іншых эльфаў рабіць чароўныя падарункі. Яны сапраўды запомняцца здзiцяцi: снегавічкі з цудоўнымі шапачкай і шалікам, упрыгожанымі пацеркамі, радасная ўсмешка, пажаданне шчаслівага Новага года і маленькая картка з надпісам «Зроблена з любоўю», за якой смачны шакалад! Як і паабяцаў надпіс, на мерапрыемстве панавала казачна-навагодняя атмасфера, таму што разам сабраліся самыя неабыякавыя і добрыя людзі! Ад маленькай Карыны, якой не трывалася павязаць свайму снегавічку шалік, да зусім «дарослых» супрацоўнікаў Фундаментальнай бібліятэкі, якія, дарэчы, правялі свой майстар-клас!
Бібліятэкары навучылі ўдзельнікаў майстэрні рабіць прыгожыя елачкі i калядныя вянкi, а таксама прыгатавалі неверагодныя падарункі, загорнутыя ў крафт-паперу і ўпрыгожаныя кветкамі, каляровымі малюнкамі і аплікацыямі. Такая прыгажосць дасталася ўдзельнікам бяспройгрышнай латарэі, спевакам, а таксама самым актыўным майстрам!
Дарэчы пра спевакоў! Для ўсiх удзельнiкаў акцыi выступілі Антон Мартынаў, Ангеліна Усеня і Багдан Грышко з самымі навагоднімі і добрымі песнямі. Сваім уражанням падзяліўся апошні:
«Акцыя прайшла ў вельмі цёплай, добрай і прыемнай атмасфере! Усе з вялікім задавальненнем рабілі снегавічкоў, а я дома павешу калядны вянок, які зрабіў на адным з майстар-класаў».
Напрыканцы мерапрыемства стоў запоўніўся самымі рознымі снегавічкамі: з ружовымі, жоўтымі, аранжавымі шапачкамі і шалікамі ў выглядзе дзяўчынак і хлопчыкаў, з нацыянальнай стужкай і з дзявочымі карункамі. Зусiм скора пад Новы год iх атрымаюць дзецi, выхаванцы з школ-iнтэрнатаў i дзiцячых дамоў. Нечаканым і прыемным было тое, што кожны ўзяў на майстар-клас па дзве-тры шакаладкі, а гэта значыць, што застаўся матэрыял на наступную «Чароўную майстэрню»!
Надзея МАРХЕЛЬ
Вiдэа тут