Сярод апытаных былі вылучаны дзве групы: па-першае, студэнты 1 і 4 курсаў, па-другое, людзі ва ўзросце 23-35 гадоў, якія маюць стаж сямейнага жыцця 2 гады і больш, прычым адзін з сужэнцаў мае вышэйшую адукацыю.
Вынікі праекта былі прадстаўлены на круглым стале, прысвечаным Дню маці (“Мама ў нашым жыцці”, 14 кастрычніка 2016 г., БДУ) і арганізаваным псіхалагічнай службай БДУ, а таксама на пасяджэнні інавацыйнай пляцоўкі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ (18 лістапада 2016 г., БДУ).
“У нас не вучаць сямейнаму жыццю”
Адна з кіраўніц праекта, Ларыса Філінская (кафедра сацыялогіі ФФСН, цэнтр сацыяльных і палітычных даследаванняў БДУ, к. ф. н., дацэнт) вылучае сярод вынікаў наступныя: дзве траціны апытаных – як маладых сямейных пар, так і студэнтаў – адзначылі неабходнасць дадатковых звестак пра сямейнае жыццё.
“Раней у школе быў курс “Асновы сямейнага жыцця”, – каментуе Ларыса Уладзіміраўна. – Цяпер яго, на жаль, няма. І ў нас няма аніякіх падобных курсаў ва ўніверсітэцкай праграме. На кожным факультэце процьма ўсялякіх курсаў і спецкурсаў на выбар, але тое, што будзе тут жа патрэбна па завяршэнні ўніверсітэта ці неўзабаве, аказваецца, адсутнічае, у нас гэтаму не вучаць. Таму гэты кірунак зносін са студэнтамі вельмі важны, і праведзенае даследаванне толькі пацвярджае запатрабаванасць такіх звестак”.
Сярод пытанняў, найбольш цікавых для рэспандэнтаў у сямейнай тэматыцы, на першым месцы стаіць пытанне выхавання дзяцей, на другім – пазбяганне канфліктаў у сям’і, на трэцім – стварэнне эмацыйна камфортнай атмасферы ў сям’і. Паводле даследавання, гэтыя звесткі вельмі патрэбныя як тым студэнтам, якія толькі думаюць пра стварэнне сям’і, так і маладым сем’янінам, якія ўжо скончылі свае ўніверсітэты і аказаліся перад дарослым жыццём не зусім гатовымі.
Яшчэ адна праблема, якую самі студэнты прапанавалі ўключыць у даследаванне, – праблема абортаў. “Сёння гэта пытанне надзвычай актуальнае, – заўважае Ларыса Філінская. – У краінах-суседзях мы назіраем складаныя працэсы, звязаныя з заканадаўчымі спробамі рэгулявання сітуацыі. І ў нашай краіне ўсе разумеюць, што аборты – гэта праблема. Даследаванне паказала, што дзве траціны нашых студэнтаў лічаць аборты забойствам. А ў Гродне і Магілёве працэнт такіх меркаванняў яшчэ вышэйшы, там лічба сягае да 80 %.
У прынцыпе можна заўважыць, што студэнты БДУ ва ўсіх сямейных пытаннях больш “талерантныя”, у той час як студэнты Гродна і Магілёва прыхільныя да больш традыцыйнай сістэмы каштоўнасцяў. Паводле нашай гіпотэзы, у Гродне мае свой уплыў пашыранасць каталіцкага веравызнання і адпаведных перакананняў, а ў Магілёве праводзіўся шэраг акцый, скіраваных на ўсведамленне каштоўнасці жыцця і сям’і, якія, верагодна, і аказалі свой пазітыўны ўплыў, што і праявілася ў нашым даследаванні”.
Сярод іншых пытанняў, узнятых у даследаванні, фігуруюць сурагатнае мацярынства, ідэйная бяздзетнасць (т. зв. чайлд-фры), пажаданы ўзрост бацькоўства, меркаваная колькасць дзяцей у сям’і, мадэлі выхавання дзяцей. Прапануем некалькі найбольш яскравых, на нашу думку, фрагментаў.
Рэгістрацыя шлюбу
Тры чвэрці студэнтаў лічаць рэгістрацыю шлюба неабходнай. Існуе розніца па ўніверсітэтах: Гродненскі і Магілёўскі ўніверсітэты ў большай ступені выступаюць за рэгістрацыю шлюбаў. Іх негатыўнае стаўленне да жыцця маладой пары без шлюбу аформлена больш яўна, чым у студэнтаў БДУ. Дзяўчаты у большай ступені, чым хлопцы, выказваюць спадзяванні, што такое сужыццё прывядзе ў выніку да афіцыйнага афармлення стасункаў, у той час як хлопцы больш схільныя лічыць, што няма розніцы паміж зарэгістраваным шлюбам і незарэгістраванымі стасункамі. Тыя, хто выступалі супраць неаформленных адносін, указвалі на іх несур’ёзнасць, на тое, што такія пары часта разыходзяцца з-за дробязяў, і амаль чвэрць рэспандэнтаў лічыла, што ў такім “шлюбе” ўзнікаюць цяжкасці пры раздзеле маёмасці пры расставанні.
Якасці партнёраў
Сярод якасцяў партнёраў на першым месцы апытаныя вылучылі вернасць, якая апярэдзіла адукаванасць і эрудыцыю, наяўнасць побытавых навыкаў, эмацыйна-псіхалагічную сумяшчальнасць і нават прывабную знешнасць. Як адзначаюць даследчыцы Настасся Кічатая і Марына Цялюк, дзяўчаты больш патрабавальныя да сваіх партнёраў па ўсіх крытэрыях. Моцны пол традыцыйна хоча бачыць побач знешне прывабную пару, а прыўкрасная палова схільная шукаць матэрыяльнай забяспечанасці і скіраванасці на стварэнне сям’і. Цікава, што на пытанне, праз які час у шлюбе мяркуецца аптымальным нараджэнне першынца, больш за палову адказалі – праз 1-2 гады, каля 30 % – праз 3-4 гады. Відавочна, большасць студэнатў наўпрост звязвае шлюб і нараджэнне дзяцей.
Колькі дзяцей вы плануеце?
Кожны другі студэнт-рэспандэнт марыць пра двух дзяцей у сваёй будучай сям’і; 18,5 % плануюць 3 і больш дзяцей, 12 % пакуль яшчэ не думалі пра гэта; 6,7 % апытаных адказалі, што зусім не хочуць мець дзяцей. Моладзь больш скіраваная на маладзетную ці нават шматдзетную сям’ю, чым на аднадзетную. Заўважым, што на пачатак 2016 г. у Беларусі налічвалася звыш 77 тыс. сямей, у якіх дзетак выхоўваецца трое і больш, у той час як у 2013 г. такіх сем’яў было 62 тысячы, што выяўляе даволі выразную станоўчую дынаміку. Нежаданне мець дзяцей у прынцыпе для нашай краіны новае, прывезенае з-за акіяна (прытым у Амерыцы – радзіме “чайлд-фры” – гэта ідэя ўжо выявіла сваю згубнасць і паступова адыходзіць у нябыт) і, на шчасце, не надта ўхвальна сустрэтае нашымі студэнтамі. Больш за палову апытаных лічаць недапушчальным адмаўленне маладой пары ад дзетак у імя асабістых інтарэсаў або з-за неахвоты займаць сябе “дзіцячымі” клопатамі.
Пара бацькоўства
Няшмат студэнтаў плануе стаць бацькамі ва ўзросце да 22 гадоў, але ў Гродне і Магілёве такіх адважных маладзёнаў больш, чым у Мінску. Узрост-лідар – гэта 23-27 гадоў, то бок нараджэнне дзетак адразу па завяршэнні ўніверсітэта. Блізкі па папулярнасці сярод рэспандэнтаў узрост 28-33 гады, што, верагодна, звязана з імкненнем маладых спецыялістаў зрабіць першыя крокі па кар’ернай лесвіцы, не абцяжарваючы сябе клопатамі пра пялюшкі. Хлопцы падзяліліся амаль пароўну паміж абодвума папулярнымі ўзростамі, а ў дзяўчат сітуацыя іншая: 75 % аддалі перавагу ўзросту 23-27 гадоў. Сацыёлагі тлумачаць гэта вышэйшай адчувальнасцю жаночага полу да біялагічных рытмаў – умоўна кажучы, дзяўчаты выразней чуюць, што гадзіннік-та цікае. Увогуле, меркаваны ўзрост бацькоўства часта становіцца прадметам вывучэння сацыёлагаў, якія адзначаюць, што гэты паказчык знаходзіцца ў простай залежнасці ад масавізацыі вышэйшай адукацыі, у тым ліку сярод жанчын. Многія хочуць спакойна адвучыцца, адкладваюць бацькоўства – а вучоба ў большасці ВНУ працягваецца да 22-23 гадоў, што і абумоўлівае атрыманыя ў даследаванні ўзроставыя інтэрвалы. Паводле апошніх даследаванняў, сярэдні ўзрост нараджэння першага дзіцяці па горадзе Мінску складае 29 гадоў (па сельскай мясцовасці 27,4 гады), і гэты ўзрост, на жаль, працягвае расці.
Дэмаграфія
Скарачэнне колькасці насельніцтва і яго старэнне з’яўляюцца вядомымі дэмаграфічнымі праблемамі ў нашай краіне. Кожныя пяць гадоў прымаюцца праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Па рэалізацыі апошняй такой праграмы, 2010-2015 гг., былі заўважныя некаторыя станоўчыя тэндэнцыі: планавалася, што на тысячу чалавек насельніцтва будзе 12 дзяцей, а на 2015 г. гэта лічба склала 12,5. А вось колькасць дзяцей на адну жанчыну складае 1,7, у той час як для стабільнага замяшчэння пакаленняў гэты паказчык павінен раўняцца 2,15. Даволі вялікі разрыў пацвярджае актуальнасць тэмы, узнятай у даследаванні. Дзяржава імкнецца весці збалансаваную пранаталісцкую палітыку (палітыку падтрымкі нараджальнасці), прытым тут могуць выкарыстоўвацца як забарончыя метады (напрыклад, рэгуляванне абартыўных практык, забарона пэўных кантрацэптыўных сродкаў), так і заахвочвальныя метады (сацыяльная і матэрыяльная падтрымка сем’яў). Шэраг сацыёлагаў адзначае, што немалаважным момантам у паспяховай рэалізацыі такой палітыкі з’яўляецца ўздзеянне на каштоўнасныя ўстаноўкі моладзі. Сама моладзь грае вызначальную ролю ў фарміраванні замяшчэння пакаленняў, аднаўленні сацыяльна-дэмаграфічнай структуры грамадства – таму менавіта ў моладзі надзвычай важна фарміраваць правільныя каштоўнасныя арыентацыі ў дачыненні да сям’і. Праведзенае студэнтамі даследаванне выявіла, што патрэба ў рабоце з сямейнымі каштоўнасцямі велізарная і што самі студэнты гатовыя і зацікаўленыя атрымліваць звесткі, датычныя сямейнага жыцця.
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ