Аднак у апошнія гады, у сувязі з пацяпленнем клімату, нашы зімы сталі менш марознымі, з частым чаргаваннем лёгкіх замаразкаў і адліг, што стварае “найлепшыя” ўмовы для ўтварэння галалёду. Галалёд – гэта самая галоўная прычына траўмаў узімку.
Па меркаванні траўматолагаў, гэта выдатная пара года – час для ўсякага роду ўдараў, пераломаў, зрушэнняў, змяшчэнняў і страсенняў. Яны не застаюцца без працы ні дня. Аналіз прычын траўмаў паказвае, што не заўсёды вінаватыя капрызы надвор’я. Усталявана, што толькі 15 % траўманебяспечных сітуацый узнікае з-за недапрацоўкі камунальнікаў, дрэннага стану дарог, ходнікаў, недастатковага асвятлення. У большасці выпадкаў да траўмаў прыводзяць бестурботнасць, недысцыплінаванасць, грэбаванне элементарнымі правіламі бяспекі. У такія “слізкія” дзянькі, калі ўсе дарогі пакрыты галалёдзіцай, падсыпанай дробным сняжком, проста неабходна выконваць меры бяспекі пры перасоўванні. Каб выстаяць на нагах і пазбегнуць траўмаў у галалёд, існуюць некаторыя правілы, падказаныя досведам:
Самае галоўнае не баяцца і не чакаць падзення, а цвёрда ставіць ногі. Страх мае тэндэнцыю ажыццяўляць асцярогі. Псіхолагі нават сцвярджаюць, што мы правакуем падзенне, калі адчуваецца страх і гатовасць да падзення. Гэта адно, а другое – ніякіх высокіх абцасаў і тым больш шпілек! Абутак апранаць толькі на плоскай падэшве, пажадана з гумы, з пратэктарамі, якая не цвярдзее пры нізкіх тэмпературах. Падэшва са скуры ўзімку слізгае нават лепш за канькі. У крайнім выпадку можна набыць і ўмацаваць на абутак адмысловыя прылады. У любым выпадку трэба падстрахавацца і ўсцерагчы сябе ад траўмаў у галалёд.
Калі даводзіцца ісці па абледзянелым месцы, трэба пастарацца, каб рукі ў вас былі вольнымі, не трымаеце іх у кішэнях і пры першай небяспецы імі балансуйце. Шлях выбірайце там, дзе ўсталяваны апоры – парэнчы, сцены дамоў. Ісці трэба поўнай ступнёй, невысока паднімаючы ногі. Калі ж даводзіцца ісці зусім па люстраным лёдзе – нагу наогул не адрывайце ад зямлі, а калені троху сагніце. Самі пры гэтым будзьце расслабленыя. Не бяжыце. Маецца заканамернасць: часцей людзі падаюць у ранішнія і вячэрнія гадзіны, спяшаючыся на працу ці дахаты.
Што рабіць, калі паслізнуліся і страцілі раўнавагу? Вучыцеся правільна падаць! Самае важнае правіла: не выстаўляць рукі ў бок падзення. Што б ні знаходзілася ў руках –неадкладна выпусціць, рукі вызваліць, але ні ў якім разе пры гэтым не выстаўляць іх у бок падзення. Небяспечнае падзенне на спіну, яно можа прывесці да сур’ёзнай траўмы хрыбетніка ці галавы. Згрупуйцеся, напружце ўсе цягліцы, рукі прыцісніце да цела, галаву падцягніце да падбародка, нават злёгку ўцягніце яе ў плечы і падайце на бок. Адзежа будзе пры гэтым моцна запэцкана, затое рукі-ногі-галава будуць цэлыя. Галоўнае гэта.
Апроч умення падаць, важна яшчэ ведаць, як правільна ўставаць. Ні ў якім разе ніколі не ўставайце адразу і рэзка! Трэба на працягу некалькіх хвілін прыслухацца да свайго цела, паляжаць і паварушыць рукамі-нагамі-галавой. Калі няма нідзе рэзкага болю, значыць, вы цэлыя, нічога не зламана і можна паволі ўставаць. У выпадку, калі дзесьці адчуваецца боль, звярніце на тое месца павышаную ўвагу і паспрабуйце зразумець, што здарылася.
Калі ўжо здарылася такая непрыемнасць, як траўма, не трэба панікаваць. Паспрабуйце цвяроза ацаніць шкоду і прыняць адэкватныя захады для аднаўлення здароўя. У выпадках, калі пасля падзення вам цяжка самому падняцца, не саромейцеся паклікаць на дапамогу тых, хто знаходзіцца паблізу.
Гэта можы быць удар, расцяжэнне ці пералом. Калі проста ўдар – можна рухацца паволі. Ну, а калі расцяжэнне звязак, то без старонняй дапамогі не абысціся. А калі здарыўся пералом, патрэбны толькі выклік хуткай дапамогі, балазе ў кожнага цяпер мабільная сувязь у кішэні – тэлефон.
У любым выпадку неабходна, нават калі вам здаецца, што ўсё добра і абышлося – схадзіце да ўрача. Справа ў тым, што некаторыя траўмы ў галалёд не адразу выяўляюцца і важна знайсці магчымае ўнутранае пашкоджанне як мага раней.
Самае галоўнае: каб пачувацца ўпэўнена на слізкай дарозе і быць упэўненым пры хадзе, займайцеся фізічнымі практыкаваннямі. Умацоўвайце сваю касцёва-цягліцавую сістэму. У карысці пастаянных фізічных нагрузак сумнявацца не даводзіцца.
Неабходна памятаць, што вуліца ў галалёд – гэта тое месца, дзе словы “мой дом – мая крэпасць” абсалютна не актуальныя. Але ці значыць гэта, што тут мы зусім безабаронныя? Зусім не, калі вы будзеце прытрымлівацца прапанаваных рэкамендацый.
Леанід Сямёнавіч МЯЛЕШКА, ўрач-валеолаг установы аховы здароўя “Гарадскі клінічны псіхіятрычны дыспансер”
тэл. 017 380 09 55
Чытайце таксама:
Развенчваем міфы аб здаровым харчаванні