Найлепшыя моладзевыя праекты БДУ–2016: Як стаць студэнтам на тыдзень ці вылучыць ДНК? (+відэа)

2 Dec, 2016.

lutshy_molodegny_proekt_bgu_2016_darua_nikonchuk

Вынікі конкурсу “Найлепшы моладзевы праект БДУ–2016” ужо падведзены, але вельмі хутка стартуе наступны этап цікавага паядынку. З новага каляндарнага года пачнецца і новая старонка летапісу гэтай падзеі. Пра самае неабходнае, што спатрэбіцца на цікавым шляху студэнта-стваральніка, а таксама імёны пераможцаў расказала начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Наталля КАПАЦЭВIЧ.

kopiya-pbk_9641

Наталля Капацэвіч

– Наколькі зацікавіў праект студэнтаў – як змяняецца лічба заявак з году ў год?

Штогод падаецца розная колькасць заявак. У 2016 годзе прыняла ўдзел найбольшая колькасць за ўсю гісторыю конкурсу – 42 праекты. За званне найлепшага змагаліся 26. Куды зніклі астатнія? Конкурс мае чатыры этапы. Спачатку студэнты падаюць свае заяўкі, пасля ідзе абарона і прадстаўленне праектаў перад камісіяй, далей адбываецца рэалізацыя. Яна можа ажыццяўляцца як пры матэрыяльнай падтрымцы, так і без, прызначэнне якой вызначаецца экспертнай камісіяй. Апошні этап праходзіць праз год, пасля рэалізацыі праектаў, калі студэнты прыходзяць ужо з вынікамі. Некаторыя праекты, якія прымалі ўдзел, не змаглі рэалізавацца. Зараз стартуе новы этап – да снежня мы прымалі заяўкі, дарэчы, ні разу не было менш за пятнаццаць.

– На што трэба звярнуць асаблівую ўвагу пры прэзентацыі праекта, каб ідэя не трапіла ў катэгорыю “кепскіх”?

– Экспертная камісія падтрымлівае розныя ідэі студэнтаў. Галоўнае, каб яны былі ўпэўненыя ў сваіх сілах, а работа мела актуальнасць для БДУ. ВНУ са свайго боку заўжды дапаможа. На базе ўніверсітэта студэнты могуць вырабляць друкаваную прадукцыю для праектаў – афішы, лістоўкі, а таксама выкарыстоўваць нашу інфармацыйную пляцоўку. Гэта розныя сацыяльныя сеткі, сайты, прэс-служба ўніверсітэта, што дапаможа пашырыць аўдыторыю. Таксама існуе матэрыяльная падтрымка. Агульная сума гранта складае 5000 рублёў, якія размяркоўваюцца сярод усіх. Прапануюцца таксама праекты, рэалізацыя якіх магчымая і без фінансавання.

lutshy_molodegny_proekt_bgu_2016_darua_nikonchuk

Майстар-клас генеральнага прадзюсара радыё «Бі-Эй» Дзмітрыя Смірнова

Маючы вялікі вопыт у дадзенай працы, прыйшлі да высновы: часта студэнты маюць добрую ідэю, але не могуць яе паднесці. Менавіта таму для ўдзельнікаў конкурсу праводзяцца спецыяльныя трэнінгі, якія дапамогуць прыгожа прэзентаваць сваю працу. Напрыклад, перад абаронай вынікаў праектаў мы запрашалі генеральнага прадзюсара радыё «Бі-Эй» Дзмітрыя Смірнова, які правёў са студэнтамі двухгадзінны майстар-клас. Таксама кожны праект мае кіраўніка і куратара, да якіх можна звярнуцца па параду і дапамогу.

Як дзейнічае экспертная камісія, калі бачыць: праект можа быць прадстаўлены і на больш высокім узроўні, чым універсітэцкая пляцоўка?

– Журы заўжды раіць – гэта дасведчаныя людзі. Начальнікі і прадстаўнікі падраздзяленняў, якія могуць быць зацікаўленыя прапанаванымі праектамі, могуць уключыць іх у свой план. Напрыклад, упраўленне па справах культуры, псіхалагічная служба, студэнцкі гарадок, наша ўпраўленне, іншыя, а таксама студэнцкая асамблея. Старшынёй з’яўляецца прарэктар БДУ па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Уладзімір Сувораў.

Прывяду адзін прыклад. Быў такі цікавы праект “Vita-caps”. Наша студэнтка Алена Куранова прапаноўвала ўсталяваць ва ўніверсітэце капсулы для адпачынку. У Японіі і Кітаі існуе нешта падобнае: “Vita kaps” – капсула для аднаўлення, якую ўкаранілі ў зале чакання аэрапорта. У краінах СНД такога яшчэ няма. Дзяўчына распрацавала макет і прапаноўвала на базе ўніверсітэта ўсталяваць гэта незвычайнае прыстасаванне, дзе студэнты маглі б адпачыць, расслабіцца, паслухаць любімы трэк. Экспертная камісія патлумачыла, што ў рамках ВНУ такое вынаходніцтва немэтазгодна з-за вялікай колькасці навучэнцаў i адсутнасці часу ў іх для “працэдуры” – за перапынак гэта зрабіць немагчыма. Праект неабходна было прадставіць на ўзроўні рэспублікі. Напрыклад, чыгуначныя вакзалы, аэрапорты маглі б выкарыстоўваць капсулы для сваіх пасажыраў. Радасна, што ў выніку мы прапанавалі праект на конкурс “100 ідэй для Беларусі”, дзе ён дайшоў да фіналу.

lutshy_molodegny_proekt_bgu_2016_darua_nikonchuk

У рамках праекта “Мая школа” сустрэча з дзеткамi ў Iвянецкiм дзiцячым доме

Якія праекты таксама выходзілі на ўзровень краіны?

– Напрыклад, уладальнікі гран-пры ў 2015 годзе, творчая студыя “Мім-БДУ”. Студэнты займаюцца гэтай творчай справай даўно, іх кіраўнік Іван Жукаў ужо стаў супрацоўнікам упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю. Праца студыі пашыраецца: акрамя мім-шоу, надаецца ўвага фэйс-арту, дабрачынным напрамкам. Іх ведаюць, запрашаюць не толькі на ўніверсітэцкія мерапрыемствы, але і рэспубліканскія. Прымалі ўдзел у міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Аднак першачаргова конкурс скіраваны на падтрымку ініцыятыў студэнтаў БДУ і іх ажыццяўленне ў рамках нашай ВНУ. У заяўках пазначаецца актуальнасць праекта для ўніверсітэта. Важна, каб установа фармавала ўрадлівую глебу для вырошчвання ідэй сваіх студэнтаў.

lutshy_molodegny_proekt_bgu_2016_darua_nikonchuk

Закруцяцца пары пад гукi Вясновага балю…

– Які лёс чакае ўдалыя і паспяховыя праекты?

– Ёсць мноства праектаў, якія сталі добрай традыцыяй. Напрыклад, гэта прыгожыя студэнцкія балі, якія праходзяць у розныя поры года. Кожны факультэт прадстаўляюць пары з найлепшых яго студэнтаў, якія авалодваюць асаблівасцямі некалькіх танцаў і рыхтуюць выдатныя выступленні. Пасля Ліцэй БДУ прымае шмат гасцей, якія спяшаюцца ўбачыць, як пары закруцяцца ў вальсе ці пакорацца незвычайнаму рытму танга. Атмасфера, музыка, вячэрнія строі нашых студэнтаў пераносяць усіх на сапраўдны баль.

Гэта і дабрачынны праект “Мая школа”. Студэнты наведваюць розныя сацыяльныя ўстановы, дзіцячыя дамы, хоспісы і дапамагаюць дзеткам па вучобе, разам рыхтуюць хатнія заданні.

lutshy_molodegny_proekt_bgu_2016_darua_nikonchuk

Літаратурная імпрэза ў рамках літаратурнага конкурса “БрамаМар”

Пастаянныя праекты пераносяцца ў план БДУ. Напрыклад “БрамаМар”, арганізатарам якога выступае кафедра літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ. Літаратурны конкурс, накіраваны на пошук і падтрымку таленавітай моладзі, праводзіцца з 2010 года і ўжо набыў статус рэспубліканскага. Будзем рэкамендаваць дэканату Інстытута журналістыкі ўвесці яго ва ўласны план мерапрыемстваў. З кожным годам з’яўляецца ўсё больш ініцыятыў, таму неабходна даваць магчымасць развіцця новым праектам. У гэтым і заключаецца мэта конкурсу – дапамагчы рэалізаваць і ўвасобіць свежыя ідэі. У гэтым годзе гэта каля 10 праектаў, якія было рэкамендавана ўнесці ў план.

– Ці маюць праекты сваіх спонсараў?

– Не, матэрыяльная падтрымка ажыццяўляецца толькі сіламі ўніверсітэта. У снежні гэтага года мы плануем запрасіць зацікаўленых у супрацоўніцтве інвестараў. Гэта будзе залежаць ад пададзеных заявак і характару праектаў.

kopiya-clkp-sp0cfc

Удзельнікі праекта «Студэнт на тыдзень» (гран-пры конкурса) у Інстытуце журналістыкі БДУ

– Хто стаў пераможцамі ў гэтым годзе?

– Уладальнікам гран-пры стаў праект “Студэнт на тыдзень”. Студэнты запрасілі некалькі школьнікаў, якія жадаюць паступіць у БДУ, стаць удзельнікамі сапраўднага студэнцкага жыцця. На базе Інстытута журналістыкі БДУ падчас школьных канікулаў старшакласнікі сталі навучэнцамі ўніверсітэта: наведвалі лекцыі, семінары, розныя грамадскія мерапрыемствы. Праект сабраў шмат станоўчых водгукаў не толькі ад школьнікаў, але і іх бацькоў, блізкіх. Сваю дзейнасць будучыя студэнты павінны былі асвятляць у інтэрнэце, каб пра іх вопыт змаглі даведацца іншыя школьнікі і прымерыць гэтую ролю на сябе.

lutshy_molodegny_proekt_bgu_2016_darua_nikonchuk

Сапраўдныя цуды адбывалiся на «Чэмпiянаце па спiдкубiнгу «BSU Cubing Day’s 2016»

У намінацыі “Універсітэт” першае месца заняў “Чэмпіянат па спідкубінгу BSU Cubing Day’s–2015”. Гэта ўнікальны праект для БДУ. Спаборніцтва праводзілася на міжнародным узроўні і сабрала каля 70 прафесіяналаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Кубік Рубіка тут збіралі і адной рукой, і нагамі, і нават усляпую.

Другое месца заняў праект замежных студэнтаў “Наўруз-байрам”. Гэта фестываль, прысвечаны новаму году цюркскіх народаў. У 2016 годзе праводзіўся маштабна на базе Ліцэя БДУ, сабраўшы 600 гледачоў. Былі запрошаны прадстаўнікі пасольстваў і іншых універсітэтаў. Акрамя музычнай праграмы, была прадстаўлена выстава нацыянальных атрыбутаў.

lutshy_molodegny_proekt_bgu_2016_darua_nikonchuk

Маштабна прайшоў у БДУ фестываль “Наўруз-Байрам”

Завяршае тройку пераможцаў гэтай намінацыі праект “Навука на пальцах”. Студэнты вельмі складаныя навуковыя тлумачэнні шматлікіх фактараў “пераклалі” на простую мову, каб гэта змог зразумець кожны. Напрыклад, як вылучыць ДНК ці як працуе паліграф (дэтэктар падману). Праекты філфака “Калядны дабрачынны баль” і журфака “Дзень роднай мовы на журфаку БДУ” сталі пераможцамі ў намінацыі “Факультэт”.

lutshy_molodegny_proekt_bgu_2016_darua_nikonchuk

Смачнымi дранiкамi частуюць падчас свята «Дзень роднай мовы на журфаку БДУ»

– Нягледзячы на вялікую колькасць творчых праектаў, папулярнасць набіраюць і адукацыйныя, як, напрыклад, “Навука на пальцах”?

– Рэалізуецца мноства і адукацыйных праектаў. Напрыклад, “КУЛ: Клуб Упэўненых Людзей”. Студэнты гатовы шукаць цікавых спікераў для працы з навучэнцамі ўніверсітэта. Развіваецца праект “Business Intelligence Club”, які вельмі спадабаўся камісіі. Некалькі разоў на тыдзень хлопцы і дзяўчаты самі запрашаюць вельмі вядомых людзей у розных сферах. Распрацавана сістэма падрыхтоўкі, дзе ёсць тэарэтычныя заняткі і практычныя. Студэнты пераканаліся: людзі, якія дасягнулі поспеху, гатовыя дзяліцца сваімі ведамі з іншымі.

Існуе своеасаблівы алгарытм, з дапамогай якога можна стаць найлепшым праектам?

– На мой погляд, важныя некалькі момантаў. Безумоўна, гэта рэалізацыя праекта. Нават калі ён вельмі маштабны, але адсутнічае дакладная пабудова рэалізацыі, то шанцы на поспех вельмі малыя. Тут неабходна правільна падабраць людзей, знайсці СМІ і спонсараў, умець падвесці вынікі і прагназаваць вынік. Структура праектаў падобная, таму аснова – гэта яго праца, развіццё, удасканаленне. У працэсе ён павінен разгарэцца, стаць яшчэ больш цікавым, тады вынік парадуе. Вельмі важная актуальнасць для ўніверсітэта. Праект павінен зацікавіць студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў ВНУ. Не варта забываць таксама, што прэзентацыя работы з’яўляецца штуршком яе развіцця. Неабходна данесці сваю ідэю да іншых, раскрыць яе, даказаць, чаму яна можа стаць пачаткам самага лепшага праекта.

Размаўляла Дар’я НІКАНЧУК

Чытайце таксама:

clkp-sp0cfc-kopiyaЯк школьнікі студэнтамі былі

 

 

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: