Залатыя качкі прыляцелі на журфак (+відэа)

16 Dec, 2016.

u12

З цёплымі словамі да студэнтаў звярнулася пераможца кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Ганна Леанідаўна Лебедзева

7 снежня Інстытут журналістыкі БДУ пераўтварыўся ў сапраўдны Дзікі Захад. Такая тэматыка была абрана для самага яркага і доўгачаканага мерапрыемства журфака – “Залатой качкі”. У гэтым годзе цырымонія ўзнагароджання выкладчыкаў была прасякнута духам авантурызму і прыгод, падаравала сустрэчу з бясстрашнымі каўбоямі, а таксама незвычайны рэцэпт для кактэйля, які змогуць прыгатаваць толькі студэнты-журфакаўцы.

u1

Вядучыя мерапрыемства Марта Кудзіна і Ян Багдановіч здзіўлялі зал сваімі артыстычнымі здольнасцямі

Вядучыя Марта Кудзіна і Ян Багдановіч, якія на той вечар са студэнтаў перакваліфікаваліся ў афіцыянтаў, гасцінна запрашалі завітаць у бар “Дзікая качка”. Прыгожыя столікі, стойка з разнастайнымі напоямі, нават вешалкі і карціны на сцэне дазволілі поўнасцю паглыбіцца ў цёплую атмасферу невялікай закусачнай. У афіцыянтаў не было нават вольнай хвілінкі: наведнікі заходзілі адзін за адным.

u3

Студэнт Канстанцін Баяндзін у ролі Валерыя Іванавіча Талкачова

Спачатку завіталі выкладчыкі кафедры тэорыі і метадалогіі журналістыкі, вобразы якіх стараліся перадаць студэнты журфака ад першакурснікаў да выпускнікоў. Знешнасць, манера паводзін, голас – навучэнцы намагаліся адлюстраваць усё! Часам з першых слоў было зразумела, якога выкладчыка прадстаўляюць ягоныя студэнты.

u17

Мініяцюры вымушалі гледачоў не толькі смяяцца, але і перажываць за “лёс” сваіх “выкладчыкаў”

Цікавыя і гумарыстычныя мініяцюры перарываліся момантамі ўзнагароджання. Праз галасаванне ў сацыяльных сетках студэнты прызналіся у тым, якога выкладчыка лічаць найлепшым на кожнай кафедры Інстытута журналістыкі БДУ. Валерый Іванавіч Талкачоў стаў уладальнікам залатой качкі ад кафедры тэорыі і метадалогіі журналістыкі. Ён шчыра прызнаўся, што побач са сваімі студэнтамі на журфаку адчувае сябе ва ўтульным доме вялікай сям’і і падараваў прысутным верш Акуджавы “Давайте восклицать”.

u9-kopiya

Таццяна Іванаўна Прановіч заваявала залатую качку ад кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры

Да магіі ў выступленні звярнуліся выкладчыкі кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры. Сапраўды, можа ўзнікнуць уражанне, што некаторых яе прадстаўнікоў ахінае магія, але насамрэч гэта любоў студэнтаў! Таму не першы раз залатую качку атрымала Таццяна Іванаўна Прановіч. Яна з усмешкай заўважыла, што будзе дабрэйшай пры праверцы тэстаў, якія яе чакалі пасля мерапрыемства дома.

u18

Узнагароду атрымлівае выкладчыца кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ Інга Дзмітрыеўна Воюш

Прадстаўнікі кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ ўспомнілі былых выкладчыкаў і рассмяшылі песенькай, у якой з гумарам расказвалася пра тое, што марыць зрабіць са студэнтамі раззлаваны на іх выкладчык. На працягу многіх гадоў пераможцам ад гэтай кафедры станавілася Інга Дзмітрыеўна Воюш. У гэты раз традыцыя працягнулася.

u10-kopiya

Малады спецыяліст кафедры тэхналогій камунікацыі Лікія Міхайлаўна Яніцкая ўжо атрымала залатую качку

Лікія Міхайлаўна Яніцкая сама год таму яшчэ была студэнткай Інстытута журналістыкі, а ўжо сёння была прызнана самым лепшым выкладчыкам кафедры тэхналогій камунікацыі. Яна падзякавала сваім былым настаўнікам за выдатны прыклад, якому яна зараз вельмі стараецца адпавядаць, а таксама за цёплы прыём у новым статусе. Студэнтам з усмешкай нагадала цяпер называць яе не звыкла “Ліка”, а Лікія Міхайлаўна.

У мініяцюры прадстаўнікоў кафедры англійскай мовы і маўленчай камунікацыі разгарэлася спрэчка, хто з іх найлепшы выкладчык.

u14

Сярод прадстаўнікоў кафедры англійскай мовы і маўленчай камунікацыі залатую качку заваявала Ірына Віктараўна Талстаногава

Студэнты палічылі, што гэта Ірына Віктараўна Талстаногава. Сваім навучэнцам яна спачатку падзякавала на роднай мове, а пасля на англійскай.

Выкладчыкі кафедраў медыялогіі і вэб-журналістыкі і фізічнага выхавання і спорту аб’ядналіся падчас выступлення, таму адначасова і танцавалі, і выконвалі вельмі знаёмы студэнтам журфака кантэнт-аналіз.

u11

Выкладчыца кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі Раіса Іванаўна Меляшэвіч атрымала сваю першую залатую качку

Ганна Віктараўна Гарбацэвіч, якая дапамагае дзяўчатам быць сапраўднымі прыгажунямі, папоўніла сваю калекцыю залатых качак, а вось Раіса Іванаўна Меляшэвіч атрымала ў той вечар першую.

Вядучыя не далі сумаваць гледачам і запрасілі паўдзельнічаць у цікавым конкурсе. З інгрэдыентаў, вядомых студэнту-журфакаўцу, патрэбна было прыгатаваць незвычайны кактэйль. Пакуль на сцэне над напоямі “чаравалі” студэнткі Кацярына Чычэрава і Вераніка Жосан, прысутныя ў зале расказвалі пра сваіх любімых выкладчыкаў.

Кафедра тэлебачання і радыёвяшчання зусім нядаўна пабагацела на выкладчыкаў. Лізавета Раманаўна Хмель у 2015 годзе скончыла Інстытут журналістыкі і вырашыла паспрабаваць сябе ў новым статусе. У мініяцюры прадстаўнікі гэтай кафедры прадэманстравалі гумарыстычнае прысвячэнне дзяўчыны ў выкладчыкі. Пераможцам жа традыцыйна стала Ганна Леанідаўна Лебедзева. Яна заўважыла, што кожны год на журфак прыходзяць таленавітыя юнакі і дзяўчаты, таму “Залатая качка” заўжды такая цікавая і яркая.

u13

Пераможца кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Пётр Пятровіч Жаўняровіч атрымліваў асалоду ад студэнцкай беларускай мовы

Выкладчыкі кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання прысвяцілі сваю мініяцюру жартаўліваму абмеркаванню курсавых работ навучэнцаў. Студэнты падчас выступлення размаўлялі толькі па-беларуску, як і прадстаўнікі гэтай кафедры. Пераможца – Пётр Пятровіч Жаўняровіч – заўважыў гэта і прызнаўся, што чуць беларускую мову ад сваіх студэнтаў яму вельмі прыемна.

u7

“Традыцыйны пераможца” кафедры перыядычнага друку Вольга Міхайлаўна Самусевіч.

За добры гумар і выдатны настрой выступоўцам падзякавала Вольга Міхайлаўна Самусевіч. Яе можна назваць “традыцыйным пераможцам” ад кафедры перыядычнага друку. Такі ж тытул на працягу многіх гадоў пацвярджае прадстаўнік кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Уладзімір Анатольевіч Капцаў, як было і ў гэты раз. У той вечар залатую качку атрымаў таксама прадстаўнік вучэбнага цэнтра камунікацыйных тэхналогій журфака БДУ Мікалай Міхайлавіч Райкевіч.

u22

Ганаровыя граматы адміністрацыі ўстановы ўручылі прадстаўнікі Студэнцкага тэлебачання БДУ

Ганаровыя граматы для Сяргея Валянцінавіча Дубовіка, Вольгі Міхайлаўны Самусевіч і Паўла Леанідавіча Салаўёва падрыхтавалі ­галоўны рэдактар студэнцкага тэлебачання БДУ Юлія Вараб’ёва і яе намеснік Ілья Пазняк. Студэнты падзякавалі адміністрацыі за вялікі ўклад у развіццё і падтрымку праекта.

Кульмінацыйным момантам вечара стала абвяшчэнне ўладальніка галоўнай качкі. З дапамогай знакамітай скрыні, якая кожны год чакае запаветныя галасы студэнтаў на чацвёртым паверсе, былі вызначаны тры пераможцы сярод усіх выкладчыкаў журфаку.

u16

Пераможца “Залатой качкі-2016” Фёдар Валянцінавіч Драбеня

Трэцяе месца заваяваў Валерый Іванавіч Талкачоў, другое – Інга Дзмітрыеўна Воюш. Пераможцам “Залатой качкі–2016” стаў Фёдар Валянцінавіч Драбеня. “Я пачынаю прывыкаць да пастаянства, а гэта дрэнна”, – з усмешкай прызнаўся ён. Выкладчык кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры ўжо на працягу многіх гадоў атрымлівае залатую качку ад сваіх студэнтаў, таму з ўпэўненасцю можна сказаць, што Фёдар Валянцінавіч заваяваў любоў некалькіх пакаленняў выпускнікоў.

Дар’я НІКАНЧУК

u2

Арганізоўвала свята дружная вялікая каманда

 Яшчэ больш фота тут

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: