Упершыню ў Інстытуце журналістыкі БДУ прайшло неардынарнае мерапрыемства ў жанры стэндап. Сем журфакаўцаў – студэнты Канстанцін Баяндзін, Данііл Шаўроў, Таісія Ганчарук, Аляксандр Гурын, Яраслаў Пісарэнка, а таксама магістранты Павел Кіслы і Аляксандр Івулін – падрыхтавалі для гледачоў жартаўлівыя гісторыі пра саміх сябе. А яшчэ на сустрэчу завітаў таемны госць.
Кожны з гэтай сямёркі не пабаяўся выйсці на сцэну, расказаць усім смешныя факты з жыцця, пажартаваць з сябе і падзяліцца чымсьці вельмі асабістым. Удзельнікі яшчэ раз нагадалі: многія праблемы, якія падаюцца важнымі ў студэнцтве, не з’яўляюцца невырашальнымі. Лепш зрабіць з іх нагоду для ўсмешкі, чым для незадаволенасці і расчараванняў.
Канстанцін Баяндзін паглыбіўся ва ўспаміны пра дзяцінства. Распавёў, як стаў навучэнцам сувораўскага ваеннага вучылішча пасля прагляду знакамітага моладзевага серыялу “Кадетство”, але ненадоўга. Нават зараз ён можа размаўляць адначасова з яго героямі – за час прагляду вывучыў тэкст на памяць. Дэманстраваў свае дзіцячыя фотаздымкі і нават кпіў з былога знешняга выгляду. Прызнаваўся, што тады быў падобны да Сцяпана Перапечкі ўсё з таго ж любімага фільма. Зараз Косця вельмі змяніўся, але пажадаў усім заўжды заставацца крыху дзецьмі ў душы.
Данііл Шаўроў шчыра жартаваў з таго, што не можа назваць сябе чалавекам спрытным. Узгадваў розныя моманты, дзе нязграбнасць кардынальна змяніла сітуацыю. Разам з тым юнак падзяліўся яшчэ адной цікавай рысай: многія кажуць, што ў дзелавым аддзенні ён падобны да чыноўніка. Данііл з гонарам успамінаў, што не раз на яго прымяралі вобраз чалавека на пасадзе. Разынкай ягонага выступлення стала незвычайная прэзентацыя. Данііл вырашыў злучыць розныя знакамітыя брэнды з асобамі выкладчыкаў журфака. Атрымалася “на выдатна”, пра што сведчылі гучныя авацыі публікі.
Магістрант Аляксандр Івулін, якога многія яшчэ доўга будуць узгадваць як капітана зборнай журфака па футболе, жартаваў са свайго ўзросту. Прызнаўся: летам яму споўніцца 25 гадоў. У выступленні ён па-добраму выкарыстаў многае, што ўласціва пажылым людзям. Саша падрыхтаваўся, таму нават свой мабільны, як і некаторыя прадстаўнікі шаноўнага ўзросту, намагаўся дастаць з цэлафанавага пакеціка. Таксама ён узгадаў гады вучобы, выкладчыкаў і прызнаўся ў любові журфаку. “Інакш і быць не можа, бо я паступіў сюды пасля атрымання адукацыі праграміста”, – заўважыў Аляксандр. Сям’і юнак яшчэ не мае, але прызнаўся: хоча, каб будучы сын таксама абраў такі ўтульны і родны журфак.
Таісія Ганчарук стала адзінай дзяўчынай у гэтай камандзе. Частку выступлення яна прысвяціла жартам пра сваіх калег-юнакоў, з якімі разам прымала ўдзел у стэндапе. Яна звярнула ўвагу на факты, якія маглі ведаць не ўсе. Напрыклад, Павел Кіслы дасягнуў поспеху не толькі ў журналістыцы, але і ў іншых сферах. Юнак цікава правёў не адно вяселле. Наконт гэтага Таісія падаравала жарт, які прымусіў залу выбухнуць ад смеху. “Пашка ўжо нават з пад’езда выйсці не можа, пакуль яму ў твар зерне не кінуць”, – з добрай усмешкай сказала дзяўчына.
Аляксандр Гурын распавёў пра свой навучальны шлях у БДУ, які пачаўся ў 2011 годзе. Справа ў тым, што спачатку юнак паступіў на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Аляксандр прызнаўся, што там падчас сесіі адчуваў сябе прадстаўніком каманды Клуба вясёлых і знаходлівых. У залікоўцы чатыры, чатыры, чатыры і чатыры. Сярэдні бал – чатыры балы роўна. Журфак жа для Аляксандра стаў утульным і дарагім. Тут пануе асаблівая творчая атмасфера, тут сустракаемся з творчасцю выдатных паэтаў, празаікаў, мастакоў розных кірункаў, а за дзвярыма ўніверсітэта зноў звычайнае і простае жыццё. Аляксандр параўнаў гэта з амерыканскімі горкамі: кожны дзень ад зямнога да ўзнёслага. “Гэта я ні на што не прамяняю”, – прызнаўся ён.
Таемны госць – выкладчык журфака, які таксама падрыхтаваў выступленне для сваіх студэнтаў. Да апошняга моманту асоба госця была сакрэтам. Вялікай нечаканасцю для прысутных стала з’яўленне на сцэне намесніка дэкана факультэта журналістыкі Ганны Віктараўны Курэйчык. Яна заўважыла, што тэма для выступлення сама прыйшла ў рукі. Ганна Віктараўна сочыць за наведваннем студэнтаў Інстытута журналістыкі, таму ёй даводзіцца знаёміцца з тэкстамі тлумачальных дакументаў. Без выкрыцця аўтараў запісак выкладчыца звярнулася непасрэдна да іх зместу. Калі студэнты спасылаюцца на дрэннае самаадчуванне, часта самастойна ставяць дыягназ.
Больш за іншых публіцы спадабалася наступная інтэрпрэтацыя. “Справа ў частых болях у жываце, якія не дазваляюць адправіцца ў паліклініку, а пасля іх спынення не атрымліваецца ўсталяваць іх наяўнасць ва ўрача для атрымання даведкі”. Таксама папулярнымі прычынамі пропускаў з’яўляюцца аўташкола і праца. Наконт апошняй была прадэманстравана запіска з 11 лістоў, больш падобная да дзённіка практыкі, якую журфакаўцы праходзяць у канцы кожнага навучальнага года. Сярод усіх тлумачальных дакументаў першае месца можна смела прысудзіць такому тэксту: “Бывае простае чалавечае жаданне пасля цяжкага дня крыху раней пайсці дадому”.
Яраслаў Пісарэнка звярнуўся да вельмі актуальнай тэмы ў студэнцтве – каханне. Ён параўнаў, як наладжвалі стасункі раней, напрыклад, нашы бацькі і як гэта робіць сучасная моладзь. Юнаку-пяцікурсніку яшчэ не пашанцавала, таму работу над памылкамі вырашыў правесці наўпрост цягам выступлення. З залы да Яраслава паднялася дзяўчына, з якой ён адправіўся ў “кінатэатр”, размешчаны на сцэне. Ён намагаўся завесці з ёй размову, пажартаваць, здзівіць. Увага – абавязковы складнік адносін ва ўсе часы.
Магістрант Павел Кіслы, які падчас навучання ў Інстытуце журналістыкі заваяваў тытул выдатнага вядучага, у выступленні распавёў пра бацькоў і вучобу. Ён успомніў паступленне, жыццёвыя ўрокі, атрыманыя ва ўніверсітэце, мары і надзеі, многія з якіх споўніліся таксама на журфаку. “Я расказаў пра бацькоў і пра журфак, але насамрэч я распавёў пра сям’ю, дзе мае бацькі – гэта мама, а журфак – тата. А яшчэ ў мяне ёсць малодшыя браты і сёстры, якія апладзіруюць зараз свайму старэйшаму брату”, – завяршыў стэндап Павел.
Спадзяюся, што Павел Кіслы ўвасобіў у сваім выступленні меркаванне многіх студэнтаў журфака, а такія сустрэчы стануць добрай традыцыяй!
Дар’я НІКАНЧУК