8 снежня на Прафесарскім сходзе БДУ выступіў Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр КАНЮК, а таксама абмеркаваны даклад рэктара акадэміка Сяргея АБЛАМЕЙКІ пра гісторыю стварэння нашага ўніверсітэта і сённяшнія выклікі.
Сустрэча была заклікана спрыяць умацаванню даверу і падтрыманню дыялогу работнікаў універсітэта з органамі дзяржаўнай улады.
Генеральны пракурор распавёў прысутным пра асаблівасці рэформы судова-прававой сістэмы ў нашай краіне, пра ролю органаў нагляду ў прафілактыцы і папярэджанні злачынстваў. Пасля выступлення былі зададзены пытанні, якія тычацца праблемы смяротнага пакарання, захадаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, новых падыходаў да расследавання злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій.
Аляксандр Канюк, які сам з’яўляецца выпускніком юрыдычнага факультэта, падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта і прафесарскаму сходу за магчымасць сумленна і адкрыта распавесці пра дзейнасць Генеральнай пракуратуры, абмеркаваць актуальныя сацыяльныя пытанні, наладзіць супрацоўніцтва з вядучай вышэйшай навучальнай установай краіны.
Старшыня прэзідыума прафесарскага сходу прафесар Анатоль Зелянкоў адзначыў, што сустрэчы падобнага роду накіраваны на кансалідацыю беларускага грамадства і маюць усе шанцы стаць традыцыйнымі.
Наступным быў даклад рэктара акадэміка Сяргея Абламейкі пра гісторыю стварэння БДУ і перспектывы яго развіцця напярэдадні векавога юбілею. Рэктар акцэнтаваў увагу на актыўнай інтэграцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў сусветную адукацыйную прастору, удасканаленні арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Шырокі рэзананс у аўдыторыі выклікала пытанне пра дату заснавання ўніверсітэта, які сёння з’яўляецца буйным навукова-адукацыйным, даследчым, культурным цэнтрам.
Сяргей Уладзіміравіч адзначыў, што пры падрыхтоўцы да імпрэзы 95-годдзя БДУ была дэталёва вывучана гісторыя стварэння ўніверсітэта, і, у прыватнасці, вызначана, што афіцыйным дакументам пра адкрыццё БДУ з’яўляецца прыняты 25 лютага 1919 года Дэкрэт ЦВК рабочых, сялянскіх, і салдацкіх дэпутатаў ССРБ.
З таго часу пачалася падрыхтоўчая праца па стварэнні ўніверсітэта, што пацвярджаюць гістарычныя сведчанні і крыніцы. Акрамя таго, стварэнне першага нацыянальнага ўніверсітэта ішло паралельна са станаўленнем дзяржаўнасці. Разам з тым рэктар падкрэсліў, што ў дадзены момант гаворка не ідзе пра змену даты заснавання ўніверсітэта. Сёння, па меркаванні акадэміка Сяргея Абламейкі, наспела неабходнасць вярнуць гістарычную праўду і ўвесці ва ўніверсітэцкі каляндар дату 25 лютага 1919 года як дату ўсталявання БДУ, захаваўшы пры гэтым дату 30 кастрычніка 1921 года як дату пачатку навучальных заняткаў.
Па завяршэнні даклада рэктар ініцыяваў дыскусію, падчас якой выступілі: дэкан факультэта міжнародных адносін доктар гістарычных навук Віктар Шадурскі; дэкан гістарычнага факультэта доктар гістарычных навук Аляксандр Каханоўскі, дэкан юрыдычнага факультэта доктар юрыдычных навук Сяргей Балашэнка, загадчык кафедры філасофіі і метадологіі навукі доктар філасофскіх навук Анатоль Зелянкоў. Даклад рэктара быў цалкам падтрыманы, разам з тым удзельнікі сходу выказаліся пра неабходнасць шырокага грамадскага абмеркавання пытання пра дату заснавання ўніверсітэта.
Сяргей Абламейка падзякаваў прысутным і выказаў спадзяванне, што і ў далейшым Прафесарскі сход БДУ будзе таксама актыўна садзейнічаць прыняццю стратэгічных для развіцця ўніверсітэта рашэнняў.
Такім чынам, чарговае пасяджэнне Прафесарскага сходу БДУ пацвердзіла неабходнасць адкрытага прафесійнага абмеркавання жыццёва важных пытанняў, якія тычацца дзейнасці ўніверсітэта, а таксама яго ролі ў сацыяльным і культурным развіцці незалежнай Беларусі.
Ілья КАЛЯДКА
Фота: Генадзь Краскоўскі
Яшчэ больш фота на сайце БДУ i ў фотаархіве
Глядзiце таксама: