Cтартаваў першы этап праекта “БДУ супраць тытуню”

11 Jan, 2017.

fota-1

Дацэнт Т. П. Дзюбкова чытае лекцыю студэнтам 1-га курса ФМА БДУ. На экране – дынаміка распаўсюджанасці курэння тытуню ў Рэспубліцы Беларусь на працягу апошняга дзесяцігоддзя.

Курэнне тытуню – адна з асноўных прычын заўчаснай смяротнасці мужчынскага і жаночага насельніцтва, у тым ліку ў працаздольным узросце. Штодня ад анкалагічных, сардэчна-сасудзістых і іншых хвароб, развіццё якіх абумоўлена курэннем, паміраюць 42 беларусы. Дэмаграфічныя страты нашай краіны ад тытуню складаюць штогадова больш за 15,5 тысяч чалавек. Рэспубліка Беларусь ратыфікавала ў 2005 годзе Рамачную канвенцыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе супраць тытуню. Гэта асноўны дакумент, у якім сканцэнтраваны найбольш важныя накірункі дзейнасці па прадухіленні распаўсюджвання спажывання тытуню ва ўсім свеце і стрымліванні тытунёвай “эпідэміі”.

Наша суразмоўніца – кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт факультэта сацыякультурных камунікацый, член ГА “Саюз жанчын БДУ”, кіраўнік праекта Таццяна ДЗЮБКОВА.

dzyubkova-fota-autara

Кіраўнік праекта “БДУ супраць тытуню” Таццяна Дзюбкова

– Таццяна Пятроўна, няўжо на самай справе гаворка ідзе аб тытунёвай “эпідэміі”?

– Так. Паводле афіцыйнай інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), звыш аднаго мільярда чалавек на планеце з’яўляюцца спажыўцамі тытуню. Гэта складае прыкладна трэцюю частку ўсёй папуляцыі ва ўзросце, старэйшым за 15 гадоў. Міжнародныя эксперты прагназуюць павелічэнне колькасці курцоў у свеце на працягу бліжэйшага дзесяцігоддзя. На пачатак 2025 года яна будзе налічваць каля 1,6 млрд чалавек.

– Развіццё якіх хвароб звязана з курэннем тытуню?

– Курэнне тытуню — адна з асноўных прычын заўчаснай смяротнасці насельніцтва краін Еўропы ад інфаркта міякарда, рака лёгкага і злаякасных пухлін іншай лакалізацыі, мазгавога кровазліцця, хранічнай абструкцыйнай хваробы лёгкіх. Згодна з доказнай базай даных сучаснай медыцыны, 85-95 % усіх выпадкаў рака лёгкага ў мужчын абумоўлены курэннем тытуню. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, з курэннем тытуню асацыіраваны каля 40 % смяротных зыходаў ішэмічнай хваробы сэрца (інфаркт міякарда, стэнакардыя, раптоўная сардэчная смерць і інш.). Кожны пяты выпадак смяротнасці беларусаў (пераважна мужчын), узрост якіх перавышае 35 гадоў, апасродкавана звязаны з курэннем.

– Якая распаўсюджанасць курэння тытуню ў Беларусі і ці змянілася яна ў апошнія гады ў лепшы бок?

– Вынікі сацыялагічных апытанняў насельніцтва, атрыманыя з розных крыніц, нярэдка істотна адрозніваюцца паміж сабой. Згодна з інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, на пачатак новага тысячагоддзя курцамі былі 41,6 % дарослых жыхароў краіны. Тытунь курылі больш паловы мужчын (64,1 %) і кожная пятая жанчына (19,7 %). Высокая удзельная вага курцоў выяўлена сярод моладзі 15–19 гадоў (43,6 %).

Паводле афіцыйных даных, на працягу апошняга дзесяцігоддзя частата курэння тытуню сярод дарослага насельніцтва паменшылася на 16,5 % і склала 25,1 % у 2014 годзе. Тытунь спажывалі 48,0 % мужчын і 8,9 % жанчын ва ўзросце, старэйшым за 16 гадоў. Іншыя крыніцы інфармацыі сведчаць аб тым, што доля жаночага насельніцтва Беларусі, якое спажывае тытунь, у апошнія гады ўзрасла і склала ў сярэднім 16,0 % на пачатак 2015 года. Па-ранейшаму захоўваецца высокая ўдзельная вага курцоў сярод моладзі, у тым ліку сярод дзяўчат. Міністэрства аховы здароўя занепакоена тым, што на працягу 2007–2010 гадоў павялічылася доля навучэнцаў школ, якія спрабавалі ўпершыню курыць тытунь. Паводле вынікаў апытання, праведзенага спецыялістамі Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ ў маі-чэрвені 2016 года, тытунь курыць 35,0 % дарослага насельніцтва краіны, або кожны трэці жыхар, старэйшы за 18 гадоў (Naviny.by, 18.07.2016). Найбольшая колькасць курцоў зарэгістравана ва ўзроставых групах 18–24 гады і 25–39 гадоў.

– А колькі цыгарэт у сярэднім выкурваюць беларусы за год?

– На фоне адноснага зніжэння колькасці курцоў у краіне продаж тытунёвых вырабаў на душу насельніцтва ў 2013 годзе склаў 2739 цыгарэт, што ў 1,7 разоў больш у параўнанні з 2005 годам. Але больш дакладна інтэнсіўнасць курэння тытуню адлюстроўвае такі паказчык, як колькасць выкураных цыгарэт на душу насельніцтва за год. Паводле даных, апублікаваных Euromonitor International, Рэспубліка Беларусь – адзін з сусветных лідараў па колькасці выкураных цыгарэт на душу насельніцтва за год. Так, у 2014 годзе гэта лічба склала 3831 цыгарэту (для параўнання: у Швецыі паказчык амаль у 5 разоў ніжэйшы). Высокая інтэнсіўнасць курэння характарызуе наяўнасць тытунёвай залежнасці і звязаную з ёй высокую рызыку сардэчна-сасудзістай і анкалагічнай паталогіі.

– Ці ёсць у Вас даныя наконт распаўсюджанасці курэння тытуню сярод моладзі, якая навучаецца ў БДУ?

– Так, я добра валодаю гэтай статыстыкай і нават дынамікай лічбаў. Мая працоўная дзейнасць у БДУ цягнецца з верасня 2003 года. Праз некалькі месяцаў я па сваёй ініцыятыве акрэсліла тэму навукова-даследчай працы, якая прысвечана гэтаму пытанню. Спачатку распрацавала план, размеркавала этапы, здзейсніла інфармацыйна-патэнтны пошук. Уласнае навуковае даследаванне распачала з 2005 года. Колькасць адзінак назірання склала на цяперашні момант больш за паўтары тысячы, што адпавядае папярэднім разлікам аб’ёму выбаркі і дазваляе атрымаць карэктныя вынікі.

Частата курэння тытуню сярод студэнтаў універсітэта, якія дасягнулі ў сярэднім 20-гадовага ўзросту, скарацілася ў 2011–2012 гг. на 9,2 % у параўнанні з 2005–2006 гг. і склала 21,4 %. Гэты паказчык удвая ніжэйшы, чым аналагічны сярод моладзі той жа ўзроставай групы ў цэлым па краіне. На працягу 7-гадовага перыяду зарэгістравана змяншэнне долі курцоў як сярод дзяўчат, так і сярод юнакоў. Праўда, паказчык частаты курэння сярод асоб мужчынскага полу па-ранейшаму лідзіруе. Але мне хацелася б звярнуць увагу на тое, што удзельная вага студэнтаў – рэгулярных курцоў, якія пакутуюць ад тытунёвай залежнасці, за гэты перыяд амаль не змянілася.

tabak-i-alkogol-delayut-prichesku-tuskloy-lomkoy-slaboy– У якім узросце пачалі курыць юнакі і дзяўчаты – пасля таго, як сталі студэнтамі ўніверсітэта або яшчэ ў перыяд навучання ў школе?

– Паводле вынікаў праведзенага мною сацыялагічнага апытання, 85,2 % студэнтаў пачалі курыць тытунь у падлеткавым узросце, а 2,2 % юнакоў і дзяўчат мелі першыя спробы курэння нават да 12 гадоў жыцця. Кожны восьмы студэнт зрабіў усвядомлены выбар, пачаўшы курыць пасля 18 гадоў.

Пад уздзеяннем якіх знешніх ці ўнутраных стымулаў моладзь пачынае курыць тытунь?

– Прыярытэтнае месца сярод іх займае цікаўнасць, што характэрна для падлеткавага ўзросту. Пошук знешніх пацвярджэнняў уласнай значнасці і прызнання ў асяроддзі равеснікаў, жаданне пазбавіцца адзіноты і суму, няздольнасць рацыянальна арганізаваць свой вольны час абумовілі перайманне звычак сяброў курцоў і схільнасць падпарадкоўвацца іх ўплыву ў чвэрці рэспандэнтаў. Імкненне пазбегнуць вырашэння рэальных жыццёвых праблем, палепшыць свой эмацыянальны стан праз выкурванне чарговай цыгарэты назіралася ў кожнага пятага юнака і кожнай дзявятай дзяўчыны – курцоў. Частка курцоў абодвух палоў сфарміравала свой стандарт паводзінаў на прыкладзе курэння тытуню бацькамі або іншымі членамі сям’і.

– Вядома, што курэнне – дзеянне з усвядомленай шкодай для здароўя. Ці разумеюць гэта студэнты, якія кураць тытунь?

– Пераважная большасць (97,2 %) студэнтаў, якія спажываюць тытунь, усведамляе, што курэнне наносіць урон іх здароўю. Але па розных прычынах юнакі і дзяўчаты працягваюць курыць у перыяд навучання ва ўніверсітэце. У людзей сталага ўзросту важкім аргументам для прыняцця рашэння аб адмаўленні ад тытуню з’яўляюцца сур’ёзныя адхіленні ў стане здароўя. Але цяжкія хваробы, развіццё якіх асацыіравана з курэннем, развіваюцца ў большасці выпадкаў праз 25–30 гадоў пасля пачатку курэння. Моладзь недаацэньвае ролю гэтага фактара. У цяперашні час юнакі і дзяўчаты адчуваюць сябе здаровымі і ўяўляюць у будучыні перспектыўнымі, паспяховымі і шчаслівымі. Яны не задумваюцца аб тым, што праз дзесяцігоддзі могуць узнікнуць нейкія сур’ёзныя праблемы, тым больш звязаныя з курэннем у перыяд маладосці. Акрамя таго, 83,5 % юнакоў і дзяўчат упэўнены, што змогуць у любы момант адмовіцца ад тытуню. Праведзенае апытанне сведчыць аб тым, што большасць моладзі, якая курыць тытунь, не ўсведамляе развіццё тытунёвай залежнасці і пераацэньвае магчымасць самастойнага (без дапамогі ўрача) адмаўлення ад тытуню.

Чым матываваны працяг курэння тытуню ў перыяд навучання ва ўніверсітэце?

– Чвэрць рэспандэнтаў – курцоў адзначае, што асноўнай прычынай працягу курэння і адначасова перашкодай для адмаўлення ад тытуню з’яўляецца курэнне сяброў, у тым ліку аднакурснікаў. Амаль кожны пяты рэспандэнт лічыць неабходным звярнуцца да выкурвання цыгарэты пры ўзнікненні цяжкасцей падтрымання звычайнага ладу жыцця, для ліквідацыі наступстваў стрэсу і псіха-эмацыянальнага перанапружання з прычыны празмернай вучэбнай нагрузкі ці іншых праблем. За гэтым стылем паводзінаў хаваецца, як правіла, няўдалая мадэль фарміравання жыццёвых звычак, адсутнасць вопыту пераадолення цяжкасцей, заніжаная самаацэнка, якая патрабуе знешніх пацвярджэнняў уласнай значнасці, адсутнасць жадання прыкласці намаганні для канструктыўнага вырашэння праблемы або няздольнасць да самастойных і адказных дзеянняў. Трэцяя частка курцоў наогул не мае жадання кінуць курыць. Кожны дзясяты рэспандэнт з ліку спажыўцоў тытуню адзначае адсутнасць вонкавага стымулу для адмаўлення ад яго. Частка студэнтаў – рэгулярных курцоў падкрэслівае беспаспяховасць шматразовых спроб кінуць курыць. Неадольная цяга да тытуню з-за патрэбнасці арганізма ў чарговай дозе нікаціну і пакутлівыя праявы сіндрома абстыненцыі былі прычынай узнаўлення і працягу курэння.

Калі гаворка ідзе пра курцоў, мы чуем часцей за ўсё, што курэнне – гэта шкодная звычка. Вы падкрэсліваеце, што частка моладзі пакутуе ад тытунёвай залежнасці. Хто мае рацыю?

– Лічыць курэнне толькі шкоднай звычкай, ад якой у любы момант можна пазбавіцца, – найвялікшая памылка. Міжнародная класіфікацыя хвароб 10-га перагляду ўтрымлівае сіндром залежнасці, абумоўлены ўжываннем тытуню. З пункта гледжання клінічнай медыцыны, тытунёвая залежнасць – гэта хранічная хвароба, адметнымі рысамі якой з’яўляюцца паталагічная цяга да тытуню і сіндром абстыненцыі (адмены). Паводле ацэнак спецыялістаў, тытунёвая залежнасць рознай ступені цяжкасці выяўляецца ў 90 % курцоў, якія паляць штодзённа. Моц залежнасці ад тытуню фарміруецца паступова, прапарцыянальна працягласці курэння і колькасці выкурваемых штодзённа цыгарэт. Развіццё залежнасці суправаджаецца складанымі працэсамі нейраадаптацыі, павялічэннем колькасці нікацінадчувальных рэцэптараў, якія звязваюць нікацін, узнікненнем іх новых падтыпаў. Фармакалагічныя працэсы, што адбываюцца ў арганізме курцоў з тытунёвай залежнасцю, і асаблівасці паводзінаў пры абстыненцыі вельмі падобныя на тыя зрухі, якія маюць месца пры ўжыванні какаіну і гераіну. Афіцыйнае прызнанне курэння як фізічнай залежнасці ад нікаціну мае вялікае значэнне для арганізацыі мер прафесійнай дапамогі курцам, матываваным на адмаўленне ад тытуню. Толькі 5 % рэгулярных курцоў могуць кінуць курыць самастойна, астатнім патрэбна дапамога ўрача-нарколага.

Вельмі трапна сказаў некалі Марк Твен: “Няма на свеце нічога лягчэйшага, чым кінуць паліць. Я ўжо трыццаць разоў кідаў.”

Як любая хранічная хвароба, тытунёвая залежнасць патрабуе працяглага і ў большасці выпадкаў паўторнага лячэння. Актуальнасць праблемы пацвярджае той факт, што ўсяго 7 % курцоў, якія адмовіліся ад тытуню, не ўзнаўляюць паленне на працягу аднаго года. Поўны курс лячэння доўжыцца 6-12 месяцаў, многім курцам патрабуецца 2-3 курсы. Але нават вялікая працягласць лячэння не гарантуе поспех. Курцы без тытунёвай залежнасці (шкодная звычка) могуць кінуць курыць без дапамогі ўрача.

– Калі развіваецца сіндром паталагічнай цягі да тытуню і як праяўляецца сіндром абстыненцыі?

– Сіндром паталагічнай цягі да тытуню, які складае аснову тытунёвай залежнасці, развіваецца звычайна праз 3–4 гады эпізадычнага курэння, але ў 15 % курцоў узнікае імгненна пасля першай выкуранай цыгарэты. Ён праяўляецца патрэбнасцю ў сістэматычным штодзённым курэнні. Пры ўстрыманні ад курэння на працягу 24–48 гадзін у курцоў з тытунёвай залежнасцю нарастаюць праявы сіндрома абстыненцыі, або адмены. Гэта перш за ўсё моцнае, неадольнае жаданне закурыць і неўрозападобныя расстройствы (раздражняльнасць, гняўлівасць, залішняя трывожнасць, зніжэнне канцэнтрацыі ўвагі, дрыготка ва ўсім целе). Я шмат размаўляла са студэнтамі, якія пакутуюць ад тытунёвай залежнасці. Паводле іх слоў, думкі аб курэнні становяцца неадчэпнымі, пакутлівымі, стымулююць да пошуку цыгарэт або пляцоўкі, дзе іх можна выкурыць. Нават па-за межамі тэрыторыі БДУ, на якой курэнне забаронена, яна знойдуць месца, каб запаліць цыгарэту і атрымаць чарговую дозу нікаціну. Пры паступленні яго ў арганізм сімптомы абстыненцыі гаснуць. Сістэматычнае курэнне тытуню прадухіляе развіццё сіндрома адмены. У курцоў без тытунёвай залежнасці сіндромы паталагічнай цягі да тытуню і абстыненцыі не выяўляюцца.

tabakokurenie– Як узнікла ідэя новага праекта менавіта з такой назвай?

– Скажу шчыра, гэтай ідэяй я была апанавана даўно. Яна нарадзілася ў ходзе апытанняў і прыватных размоў са студэнтамі. Праект арыентаваны перш за ўсё на моладзь, якая навучаецца ў БДУ. З аднаго боку, менавіта юнакі і дзяўчаты – мэтавая аудыторыя для тытунёвых кампаній. Вытворцы тытунёвых вырабаў наўмысна выкарыстоўваюць фармакалагічную ўласцівасць нікаціну выклікаць залежнасць, каб заахвоціць да палення большую колькасць маладых людзей дзеля атрымання прыбытку. З другога пункта гледжання, нашы цяперашнія студэнты – гэта стратэгічны рэзерв высокакваліфікаваных спецыялістаў для розных галін народнай гаспадаркі. Ад стану іх здароўя залежыць паспяховая рэалізацыя працоўнага і абарончага патэнцыялаў краіны ў бліжэйшай і доўгатэрміновай перспектыве. Акрамя таго, з моладдзю звязана наша надзея на захаванне генафонду нацыі. У міжнародных дакументах па барацьбе з тытунём адзначаецца, што пераважная большасць смяротных выпадкаў, асацыіраваных з курэннем, прагназуецца на працягу бліжэйшых 25 гадоў менавіта сярод тых людзей, якія з’яўляюцца спажыўцамі тытуню у цяперашні час. Ці варта ж тады выкарыстоўваць такую вялікую сукупнасць сродкаў для падрыхтоўкі спецыяліста, калі яго жыццё абарвецца ў самым росквіце працоўнай дзейнасці з прычыны інфаркта міякарда або рака лёгкага, абумоўленага курэннем тытуню? Гэта смяротнасць, якую можна і трэба прадухіліць.

Новы праект адпавядае асноўным палажэнням Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016 – 2020 гады”,  зацверджанай Пастановай Савета Міністраў краіны 16 сакавіка 2016 года № 200, у частцы скарачэння распаўсюджанасці спажывання тытуню асобамі ва ўзросце, старэйшым за 16 гадоў, і змяншэння ўплыву фактараў рызыкі, у тым ліку курэння, на развіццё неінфекцыйных захворванняў. Гаворка ідзе перш за ўсё аб хваробах сістэмы кровазвароту і анкалагічнай паталогіі, якія адпаведна займаюць першае і трэцяе месца сярод прычын смяротнасці насельніцтва. Паводле афіцыйных даных СААЗ, смяротнасць мужчын ва ўзросце 15–60 гадоў у Рэспубліцы Беларусь у 3–4,5 разоў перавышае аналагічны паказчык у краінах Еўрасаюза.

– Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра праект “БДУ супраць тытуню”.

Першы этап праекта стартаваў у Міжнародны дзень адмаўлення ад тытуню, які адзначаецца штогадова ў многіх краінах свету ў трэці чацвер лістапада. У бягучым годзе гэтай датай стаў дзень 17 лістапада. Саюз жанчын БДУ звярнуўся з заклікам да ўсіх студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта далучыцца да міжнароднай акцыі. У рамках праекта плануецца ажыццявіць шэраг розных мерапрыемстваў. Наша мэта – прыцягнуць увагу кожнага чалавека да праблемы распаўсюджанасці курэння тытуню, павысіць узровень інфармаванасці грамадскасці аб тытунёвай залежнасці і яе незваротных наступствах, сфарміраваць сацыяльную непрымальнасць курэння.

У лістападзе студэнты трох аддзяленняў (міжнароднае права, міжнародны турызм, мытная справа) 1-га курса факультэта міжнародных адносін праслухалі лекцыю пра негатыўны ўплыў тытунёвага дыму на здароўе курцоў і людзей, якія вымушаны ўдыхаць навакольны тытунёвы дым.

Як кіраўнік праекта, я падрыхтавала да друку вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў “Курэнне тытуню і рэпрадуктыўнае здароўе”. Падрыхтаваны таксама шэраг інфармацыйных матэрыялаў. Зараз працую над адпаведным артыкулам для навуковага часопіса. Праект будзе ажыццяўляцца на працягу 6 месяцаў. Апошні дзень яго рэалізацыі запланаваны на 31 траўня. Гэта дата абвешчана СААЗ у 1988 годзе Сусветным днём без тытуню. Па ініцыятыве Саюза жанчын БДУ ў траўні наш універсітэт падтрымае штогадовую рэспубліканскую інфармацыйна-асветніцкую акцыю “Беларусь супраць тытуню”.

– Ці спадзяваліся Вы, ініцыіраваўшы акцыю адмаўлення ад тытуню, што пляцоўкі для курцоў у гэты дзень будуць пуставаць?

Безумоўна, не. Такія спадзяванні не адпавядаюць рэчаіснасці і нават ўяўляюцца мне па-дзіцячаму наіўнымі. Калі прыгледзецца да той моладзі, якая штодзень спажывае тытунь у адведзеных для курэння месцах, увагу прыцягваюць нярэдка адны і тыя ж твары. Можна не сумнявацца ў тым, што большая частка гэтых рэгулярных курцоў пакутуе ад тытунёвай залежнасці. Яны не могуць па нейкай просьбе ці загаду ў адзін момант кінуць курыць. Па-першае, адмаўленне ад тытуню – дзеянне матываванае, а па-другое, тытунёвая залежнасць – гэта хвароба і лячыць яе трэба не адзін дзень. Таму наяўнасць курцоў на пляцоўках нават у Дзень адмаўлення ад тытуню яшчэ раз пацвярджае існаванне праблемы тутунёвай залежнасці сярод моладзі. Мэта нашай акцыі – прыцягнуць увагу да гэтай праблемы.

fota-2

Студэнты 1-га курса аддзялення «Міжнародны турызм» ФМА ўважліва слухаюць лекцыю пра негатыўны ўплыў тытунёвага дыму на здароўе чалавека.

Ці трэба павышаць узровень інфармаванасці студэнтаў аб негатыўным уплыве тытунёвага дыму?

– Простае павелічэнне аб’ёму інфармацыі аб негатыўных наступствах курэння і мерапрыемствы, засяроджаныя на запалохванні моладзі, даўно прадэманстравалі сваю неэфектыўнасць. Але нават цяпер, у век сучасных тэхналогій, патрэбна жывое слова, каб данесці юнакам і дзяўчатам праўдзівую інфармацыю. У Інтэрнеце яе ўтрымліваецца шмат, але аддзяліць зярняты ад пустазелля бывае цяжка нават спецыялісту. Я надаю вялікую ўвагу зваротнай сувязі са студэнтамі і добра ведаю, што прабелаў у ведах па праблеме курэння тытуню і асабліва тытунёвай залежнасці ў іх хапае. Мая задача – пасеяць у душы сумненні наконт таго, ці правільны выбар быў некалі зроблены курцом. Чалавек разумны пачынае думаць, аналізаваць, шукаць адказы на пытанні. А гэта ўжо палавіна поспеху.

– Якія напрамкі барацьбы з распаўсюджваннем курэння тытуню сярод моладзі Вы лічыце найбольш перспектыўнымі?

На мой погляд, калі ўжо і трэба з кім-небудзь весці барацьбу, дык гэта з вытворцамі тытунёвых вырабаў. Яны выкарыстоўваюць любыя сродкі, спосабы, навейшыя тэхналогіі для павышэння прывабнасці курэння для моладзі. Дзяржаўныя меры барацьбы ў гэтым напрамку поўнасцю сябе апраўдваюць. Што датычыць канкрэтнага чалавека курца, то барацьбу з ім я лічу бессэнсоўнай і заведама беспаспяховай. Яна можа, наадварот, падштурхнуць курца да выпрацоўкі стратэгіі абароны, эфектыўнасць якой часта перавышае вынік запланаваных мер барацьбы. Я прыхільнік паважлівых адносін да чалавечай годнасці, незалежна ад таго, з’яўляецца чалавек курцом або ён ніколі ў жыцці не спрабаваў тытуню.

Вынікі апытання студэнтаў пацвердзілі той факт, што спажыванне тытуню можа ствараць ілюзію задавальнення некаторых псіхалагічных патрэб чалавека, такіх, як павышэнне самаацэнкі і ролі ўласнай значнасці, пазбаўленне ад адзіноты і суму і інш. Прэвентыўная работа павінна ўключаць пошук альтэрнатыўных спосабаў задавальнення гэтых патрэб, накіраваных перш за ўсё на рознабаковае развіццё асобы. Трэба ўдасканальваць формы і метады псіхалагічнай дапамогі студэнтам, актыўна запрашаць іх браць удзел у трэнінгавых занятках па фарміраванні ўстойлівасці да стрэсаў, упэўненасці ў сабе. Прафілактычная работа павінна быць сканцэнтравана на фарміраванні ў студэнтаў установак і формаў паводзінаў, якія складаюць аснову здаровага ладу жыцця (замяшчальная тэхналогія). Сутнасць гэтай тэхналогіі ў тым, каб прапанаваць студэнту эфектыўную альтэрнатыву курэнню тытуню ў залежнасці ад яго індывідуальных асаблівасцяў і асабістых патрэб (наведванне спартыўных секцый і трэнажорных залаў для ўдасканалення фізічнай формы, авалодванне ігрой на музычным інструменце, вывучэнне замежных моў). Фарміраванне матывацыі адмаўлення ад тытуню ў рэгулярных курцоў належыць да сферы медыцынскіх, псіхалагічных і сацыяльных тэхналогій, а медыкаментознае лячэнне тытунёвай залежнасці з’яўляецца прафесійнай кампетэнцыяй толькі ўрача.

– Якая альтэрнатыва тытуню, паводле вынікаў Вашага даследавання, з’яўляецца найбольш эфектыўнай?

– Прыярытэтнае месца займаюць рэгулярныя фізічныя трэніроўкі і спорт. Для павышэння ўзроўню фізічнай актыўнасці студэнтаў вельмі важную ролю іграе стварэнне спрыяльных умоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам і псіхалагічны камфорт пры іх правядзенні. Паводле вынікаў майго даследавання, менавіта рэгулярныя фізічныя трэніроўкі забяспечылі паспяховы вынік адмаўлення ад тытуню студэнтаў – курцоў са сфарміраванай матывацыяй. Дасягненне акрэсленай мэты (спартыўны вынік, перамога ў спаборніцтвах, падтрымка добрай фізічнай формы) патрабавала строгага прытрымлівання рэжыму трэніровак, сур’ёзнай псіхалагічнай падрыхтоўкі, здаровага ладу жыцця. Студэнты адзначалі, што ў працэсе рэгулярных трэніровак істотна паляпшаліся самаадчуванне і настрой, паступова фарміраваліся ўпэўненасць у сабе і ўстойлівасць да стрэсаў, відавочна ўзрастала самаацэнка. Акрамя ўдасканалення фізічнай формы, былыя курцы набылі вопыт канструктыўнага вырашэння розных жыццёвых праблем. Сярод курцоў, якія пачалі актыўна займацца ў спартыўных секцыях і трэнажорных залах, толькі двое ў далейшым узнавілі курэнне тытуню, прычым адзін з юнакоў спыніў рэгулярныя фізічныя трэніроўкі.

– Таццяна Пятроўна, якія словы Вам хацелася б сказаць студэнтам і выкладчыкам нашага ўніверсітэта на развітанне?

– Па-першае, шчыра дзякую старшыні Саюза жанчын БДУ прафесару І.В. Казаковай за падтрымку маёй ініцыятывы і новага праекта “БДУ супраць тытуню”. Гэта таленавітая жанчына – крыніца невычарпальнай энергіі. Яна адкрыла прастору і запаліла зялёнае святло на шляху рэалізацыі маёй ідэі, накіраванай на аб’яднанне намаганняў дзеля захавання здароўя нацыі.

Па-другое, я жадаю ўсім выкладчыкам, студэнтам і супрацоўнікам універсітэта клапатліва ставіцца да свайго здароўя, нават тады, калі яго стан не выклікае ніякіх праблем. Кожны чалавек на працягу жыцця карыстаецца правам уласнага выбару пры здзяйсненні розных учынкаў, у тым ліку пры прыняцці рашэння аб курэнні тытуню. Як урач, я дазволю сабе даць параду – не пачынайце курыць. Калі Вы ўжо паліце і пакутуеце ад тытунёвай залежнасці, звяртайцеся па дапамогу да ўрача-нарколага. Курэнне тытуню – прычына мноства цяжкіх хвароб з незваротнымі наступствамі. Любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Сяргей МАЕЎСКІ

print

Вам таксама можа спадабацца: