Развіццё сучаснай сістэмы адукацыі немагчымае без інфармацыйных тэхналогій, якія ўвесь час імкліва ўдасканальваюцца. Тое, што яшчэ ўчора здавалася экстравагантнай выдумкай, сёння з’яўляецца звыклым, а заўтра стане састарэлым рашэннем. Пра канкрэтныя дасягненні ў галіне інфарматызацыі БДУ і пра тэхналагічныя навінкі нам распавёў начальнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Юрый ВАРАТНІЦКІ.
– Юрый Іосіфавіч, як Вы ацэньваеце стан камп’ютарнай інфраструктуры ў БДУ, у тым ліку забеспячэнне бесправадным доступам?
– Адназначна і без залішняй сціпласці скажу, што камп’ютарная інфраструктура БДУ сёння найлепшая сярод устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны. Гэта датычыцца i бесправаднога доступу. Па-першае, мы маем уласную бесправадную сетку, якая з’яўляецца свабодна даступнай і бясплатнай для ўсіх студэнтаў, выкладчыкаў і работнікаў. Па-другое, бесправадная сетка выступае часткай універсітэцкай сеткі з агульнымі правіламі доступу да яе. Рэквізіты доступу – лагін і пароль – што мае кожны супрацоўнік, сапраўдныя для ўсіх прылад, якія падключаюцца да бесправадной сеткі БДУ. Па-трэцяе, бесправадная сетка БДУ – адзіная ў рэспубліцы сетка, якая інтэгравана ў міжнародную сістэму роўмінгавай аўтэнтыфікацыі Eduroam. Гэта дазваляе нашым студэнтам і выкладчыкам, прыехаўшы ў большасць універсітэтаў па ўсім свеце, не пераналаджваць свае мабільныя прылады, не атрымліваць там лагін і пароль, а непасрэдна ўваходзіць у сеткі гэтых універсітэтаў. Адпаведна і госці, якія прыязджаюць да нас са сваім лагінам і паролем, свабодна ўваходзяць у нашу сетку.
Адзінае, што мяне не задавальняе і прымушае зрабіць пэўныя агаворкі – зоны ўстойлівага пакрыцця. Першапачаткова, калі мы стваралі сваю ўласную бесправадную сетку, мы меркавалі, што студэнты будуць працаваць у ёй у зонах, свабодных ад заняткаў. Перш за ўсё гэта холы, універсітэцкі дворык, а таксама канферэнц-залы, залы пасяджэнняў саветаў факультэтаў – тыя месцы, дзе праходзяць масавыя мерапрыемствы. Больш за тое, менавіта такая палітыка прапаноўвалася дэканамі факультэтаў. Але час бяжыць, і сёння мы разумеем, што патрэба ў бесправадным доступе значна шырэйшая і ўяўляе цікавасць не толькі ў вольны час, але і непасрэдна на занятках.
Сёння студэнты старэйшых курсаў прыходзяць на камп’ютарны лабараторны практыкум са сваімі ноўтбукамі, што трэба толькi вітаць: гэта і зручна студэнтам, і выгадна ўніверсітэту. Мы павінны ствараць камп’ютарныя класы не згодна з прынцыпам «набіць лабараторыі камп’ютарамі». Гэта павінны быць класы, дзе можна камфортна працаваць са сваімі прыладамі. Бо сёння ноўтбук для студэнта – тое ж самае, што агульны сшытак канспекта для мяне 30 гадоў таму. Ужо ў гэтым годзе будзе рэалізаваны першы праект па практычна поўным пакрыцці бесправадным злучэннем БДУ навучальнага корпуса на Курчатава, 5. Корпус цікавы тым, што там размяшчаюцца два факультэты, якія, скажам так, узаемна дапаўняюць адзін аднаго: гэта факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій і факультэт сацыякультурных камунікацый.
Вось мы і паглядзім, як будуць выкарыстоўвацца бесправадныя сеткі, якія пакрываюць корпус, студэнтамі гэтых факультэтаў.
Акрамя сказанага, адзначу, што ў гэтым годзе мы забяспечылі ўстойлівае пакрыццё бесправадным доступам універсітэцкага дворыка. Гэта было зроблена яшчэ вясной. На перыяд прыёмнай кампаніі мы далі бясплатны доступ да рэсурсаў прыёмнай камісіі і да ўсіх сайтаў даменнай зоны bsu.by з універсітэцкага дворыка ўсім ахвотным. А сёння пакрыццё ўніверсітэцкага дворыка – гэта частка агульнаўніверсітэцкай сеткі. Ёмістасць сеткі ўніверсітэта вельмі вялікая, канкрэтна дадзенага сегмента – болей за паўтысячы адначасовых падлучэнняў.
– А хуткасць сеткі?
– Хуткасць бесправадной сеткі вызначаецца перш за ўсё пунктамі доступу і колькасцю падключэнняў да іх. Калі ж казаць увогуле пра знешнія каналы доступу ўніверсітэта ў інтэрнэт, то на сёння мы маем знешнія каналы агульнай ёмістасцю 2 Гбіт/сек. З іх 1 Гбіт – гэта ўласна інтэрнэт, 1 Гбіт ідзе ва ўнутраную навукова-інфармацыйную сетку нашай краіны. Гэта, дарэчы, зноў жа самы шырокі канал сярод навучальных устаноў Беларусі. Сёння на рабочым месцы любога пункта правадной сеткі БДУ рэальная сярэдняя хуткасць доступу ў працоўны час, калі і студэнты, і выкладчыкі знаходзяцца ва ўніверсітэце, складае каля 20 мбіт/сек.
– Інфарматызацыя БДУ – гэта не толькі інтэрнэт. Наколькі эфектыўна студэнты і выкладчыкі карыстаюцца магчымасцямі, напрыклад, нашага суперкамп’ютарнага цэнтра?
– Перш за ўсё трэба прама сказаць, што магутнасць нашага суперкамп’ютарнага цэнтра сёння не з’яўляецца чым-небудзь асаблівым. Выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі (скажам, тэхналогію CUDA), сёння вы можаце атрымаць на сваім дэсктопе супастаўную і нават большую вылічальную магутнасць. Наш СК-цэнтр уводзіўся ў эксплуатацыю амаль дзесяць гадоў таму, і магутнасць сучасных суперкамп’ютараў значна вышэйшая. Але навошта ён тады патрэбны, навошта марнаваць на яго сілы, рэсурсы, электраэнергію? Адказваю. Асноўная функцыя нашага СК-цэнтра сёння – адукацыйная. Нягледзячы на невысокую вылічальную магутнасць, наш суперкамп’ютар мае сучасную і рэалістычную архітэктуру. На ім вучацца студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. На ім працуюць студэнты і супрацоўнікі хімічнага, біялагічнага і іншых факультэтаў. Апошнім часам уводзяцца новыя навучальныя курсы, прысвечаныя суперкамп’ютарным тэхналогіям, бо паралельныя вылічэнні – гэта сёння магістральны кірунак павышэння прадукцыйнасці камп’ютараў. Гэта з аднаго боку. А другі бок тычыцца навуковых даследаванняў. І тут бачная яшчэ адна перавага, якую дае СК-цэнтр – маштабавальнасць. Рашэнні, якія нашы аспіранты, супрацоўнікі могуць тут і цяпер адпрацоўваць, далей маштабіруюцца на больш прадуктыўныя вылічальныя сістэмы. Няма неабходнасці марнаваць дадатковыя рэсурсы.
Усё вышэйпералічанае, на мой погляд, ясна паказвае значэнне суперкамп’ютарнага цэнтра сёння. Пры гэтым мы забяспечваем камфортны аддалены доступ да яго для нашых студэнтаў і супрацоўнікаў; зусім неабавязкова прыходзіць да нас, каб выканаць распрацоўку праграмнага забеспячэння. Гэта можна рабіць з любой рабочай станцыі, падлучанай да сеткі БДУ. А паколькі мы сёння забяспечваем, па заяўках нашых карыстальнікаў, абаронены доступ у сетку БДУ і з дома, то ў прынцыпе хоць з хатняга ПК распрацоўвай праграмы для суперкамп’ютара.
– Як вядома, адзін з праектаў ЦІТ – сайт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь…
– Гэта быў цалкам наш праект. Але Вы кажаце пра папярэднюю версію сайта. Новая версія распрацоўвалася БелТА.
– Ці былі іншыя маштабныя вэб-праекты?
– Былі і ёсць. Гэта сайты Міністэрства адукацыі Беларусі, Канстытуцыйнага суда, Міністэрства ўнутраных спраў, суда Еўразійскага эканамічнага саюза, Вышэйшай атэстацыйнай камiсii.
– Сайт БДУ неаднаразова адзначаўся прэміямі TIBO…
– Пачынаючы з 2007 года, універсітэцкі сайт тройчы ўдзельнічаў у інтэрнэт-конкурсах TIBO і кожны раз займаў першае месца ў намінацыі «Навука і адукацыя». У 2016 годзе у нас ізноў атрымалася паўтарыць дасягненне.
– Ці мае сайт якія-небудзь яшчэ дасягненні? І як асабіста Вы ацэньваеце яго працу?
– Я думаю, што лепш за ўсё стан і працу нашага сайта ацэньвае па цэлым наборы аб’ектыўных крытэрыяў экспертная група, якая вядзе рэсурс http://webometrics.info. Групай ацэньваецца не толькі галоўны сайт, але і наогул усе інтэрнэт-рэсурсы дамена bsu.by, якімі мы валодаем. На сёння мы займаем у свеце 634-е месца. Найбліжэйшы да нас беларускi інтэрнэт-сайт – сайт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта – займае 3142-е месца. Але што гэта такое – 634-е месца ў свеце?
Давайце паглядзім, на якой мы пазіцыі сярод рускамоўных рэсурсаў. З расійскіх сайтаў мы прапусцілі наперад толькі Маскоўскі дзяржаўны і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэты, якія займаюць адпаведна 183-е і 532-е месца ў агульнасусветным рэйтынгу. Далей, украінскія ўніверсітэты. Самы лепшы з іх – Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі, – займае 1155-е месца. Калі казаць пра Прыбалтыку, то найлепшы латвійскі ўніверсітэт – на 1016-м месцы, Вільнюскі ўніверсітэт – на 768-м месцы, і толькі Тартускі ўніверсітэт (Эстонія) – нас апярэдзіў. Ён на 447-м месцы. Але, як вядома, Эстонія сёння ў Еўрапейскім саюзе з’яўляецца амаль што эталонам інфарматызацыі.
На ўсёй жа прасторы СНД мы не проста ўваходзім у «спіс найлепшых» – мы на 3 месцы. Крытэрыі і сістэму ацэнак можна ўбачыць на сайце праекта. Яны мяняюцца, але так ці інакш там заўсёды прысутнічаюць аб’ектыўныя і, больш за тое, комплексныя крытэрыі. Прычым да іх адносяцца не толькі якасць і аб’ёмы адукацыйных і навуковых публікацый, але і наколькі яны цытуемыя. Па сутнасці, сёння рэйтынг Webometrics ацэньвае ўвогуле прысутнасць універсітэта ў сусветнай інфармацыйнай прасторы.
– Якія яшчэ напрамкі па інфарматызацыі ў БДУ бачацца Вам перспектыўнымі?
– Нам трэба імкнуцца да максімальнага выкарыстання анлайн-тэхналогій на ўсіх формах навучання. Адпаведнае рашэнне прыняў Савет БДУ на пашыраным пасяджэнні ў верасні. Шчыра кажучы, мы, сапраўды, неэфектыўна выкарыстоўваем і час студэнтаў, і час выкладчыкаў, марнуючы яго на тое, каб шматразова ўзнаўляць адзін і той жа вучэбны матэрыял. У нашых студэнтаў з пераходам на 4-гадовае навучанне і так цяпер вельмі мала часу для пошуку працы і стажыроўкі. Мы іх трымаем у аўдыторыях, максімальна загружаючы навучальны працэс, спрабуючы за 4 гады даць ім прафесійныя веды, якія дазволяць займаць годнае месца на рынку працы. Трэба сумяшчаць гэтыя дзве задачы – спрыяць студэнтам стажыроўкамі на рэальных месцах працы і ў той жа час даваць ім неабходныя прафесійныя кампетэнцыі. Але спыняцца на анлайн-навучанні таксама не варта, трэба рухацца да адкрытай адукацыі.
– І апошняе пытанне. У БДУ прынята праграма інфарматызацыі на 2016–2020 гг., што яна прадугледжвае?
– Дадзеная праграма заклікана забяспечыць далейшае развіццё БДУ як вядучага ўніверсітэта нашай краіны і на сусветным узроўні. Першая мэта – павысіць якасць адукацыі, зрабіць адукацыю ў БДУ даступнай на працягу ўсяго жыцця чалавека. Другая мэта – гэта развіццё мабільнага навучання; наша адукацыя павінна быць даступнай у любым пункце планеты незалежна ад фізічнага месцазнаходжання навучэнца. І трэцяя мэта – зрабіць так, каб усе працэсы інфарматызацыі палегчылі працу выкладчыкам,
і садзейнічалі прафесійнай падрыхтоўцы студэнтаў. Вось што нам трэба: якасць, мабільнасць і паляпшэнне ўмоў вучобы і працы. Бо калі інфарматызацыя не адкрывае новыя магчымасці, яна ніколі не будзе эфектыўнай. Інфарматызацыя – гэта заўсёды мастацтва магчымага. У праграме прапрацаваны канкрэтныя напрамкі, яна апублікавана ў часопісе «Веснік БДУ», Серыя 1 («Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка»), №1, 2015 г.
Гутарыў
Сяргей МАЕЎСКІ
Фота 1,2 Васіля Кузьмічкіна
Чытайце таксама:
Прарэктар БДУ Сяргей Ходзін: “Шукайце новае, але шануйце тое, што маеце”