Новы персанаж праекта «Асобы БДУ»: Інэса Васільеўна Згіроўская

20 Jan, 2017.

2pKbsE3oVuE

-Добры дзень, Інэса Васільеўна! Усе, хто прыходзіць у рэктарат, сустракаюцца ў першую чаргу з Вамі. Як даўно Вы працуеце ў БДУ?

— У службе аховы і бяспекі БДУ я працую ўжо дзевяць з паловай гадоў, пасля пенсіі мне пашчасціла знайсці працу вартаўніка спачатку ў навучальна-спартыўным комплексе “Універсітэцкі”. Кожны дзень я гутарыла са студэнтамі, парой у зносінах прысутнічаў момант выхавання, асабліва для хлопчыкаў, бо ў самой два дарослыя сыны. А цяпер працую ў рэктараце.

Інэса Васільеўна, распавядзіце, дзе Вы нарадзіліся, якія цікавыя падзеі памятаеце з дзяцінства?

— Я нарадзілася ў Мінску. Бацькі пераехалі з Львова яшчэ да майго нараджэння, працавалі на чыгунцы. У 1948 годзе на цяперашнім цэнтральным вакзале знаходзіліся доўгі час нямецкія вагоны на калодках. Бацька пераехаў у Мінск з прыяцелем, яны вычысцілі адзін з вагонаў, абляпілі шпалерамі і запрасілі маму з маленькім сынам жыць у Мінск. Наш гарадок разрастаўся, я тут і нарадзілася, да 5 гадоў пражыла ў вагончыку. Памятаю, у нас нават парася пад вагонам жыло. Крыху пазней бацькі атрымалі двухпакаёвую кватэру на вул. Ульянаўскай, першапачаткова ў ёй жылі 2–3 сем’і, але з часам засталася толькі наша сям’я: тата, мама, двое братоў і я.

En5_oFDvoO4

Дзе Вы вучыліся, працавалі да прыходу ў БДУ?

— Пасля школы я паступіла ў Мінскі радыётэхнічны інстытут, цяпер вядомы як БДУІР. Вучылася на факультэце аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі па спецыяльнасці “ЭВМ”. Па размеркаванні патрапіла на Мінскі завод вылічальных машын імя К. Арджанікідзэ, працавала інжынерам. Варта адзначыць, што тады гэта быў вельмі вядомы завод, і працаваць на ім лічылася гонарам.

Памятаю, калі ўпершыню патрапіла ў адзін з цэхаў. Пускалі туды не ўсіх, толькі для азнаямлення, перад уваходам абавязкова здымалі абутак. У цэху ляжалі дывановыя дарожкі, каб не было шуму, вакол бездакорная чысціня. Пасярод цэха знаходзілася машына “Вясна” для ваенных мэтаў, гарэла вялікая колькасць лямпачак. І ў той момант, мяне ахапіў гонар – дзе я працую! Праца была высокааплатная, за адну зарплату і адпускныя можна было паехаць адпачываць на поўдзень. Калі ты яшчэ і сябар прафсаюза, то пуцёўку можна было набыць нядорага.

 — Інэса Васільеўна, працуючы на заводзе, Вы ўдзельнічалі ў самадзейнасці, у творчых калектывах?

— Вядома! Што я толькі ні рабіла: і спявала, і танчыла, і ў паходы хадзілі, і пікнікі ладзілі. Доўгі час я займалася ў калектыве народных танцаў – гэта быў выдатны час! Мы шмат ездзілі выступаць з гастролямі ў іншыя гарады і ў іншыя рэспублікі. Самы яркі ўспамін пакінула паездка ў Карпаты, захавалася шмат фатаграфій. Мяне захапілі горныя пейзажы, горад Львоў са сваімі старадаўнімі вулачкамі, спадабаліся Лычакаўскія могілкі з незвычайнымі скляпамі і скульптурнымі збудаваннямі.

Што прыемна, для ўдзельнікаў калектыву існаваў бонус – адпачынак нам давалі толькі ўлетку, а не па графіку, таму яго заўсёды можна было запланаваць.

OmAQMQ2gebMСа сваім калектывам узімку мы ездзілі на лыжныя шпацыры ў мястэчка “Зялёнае” недалёка ад Мінска. Кожныя выходныя мы бавілі час з карысцю!

 — Вы кажаце, што яшчэ займаліся спевам, распавядзіце падрабязней.

Так, спявала я ў фальклорным ансамблі. Пасля дэкрэтнага я разумела, што не магу без творчасці, і прыйшла запісвацца ў хор, а мяне запрасілі на наступны дзень выступаць на канцэрце. Вось так і пачаліся мае заняткі спевам. Памятаю, ездзілі ўлетку выступаць у лагеры “Маяк” і “Электрон”, а ўвосень-узімку тут дзейнічаў санаторыя-прафілакторый, і нас, працаўнікоў, туды адвозілі для аздараўлення.

— Інэса Васільеўна, я так разумею, што гэта не ўвесь спіс Вашых захапленняў?

— Гэта праўда, я займалася на курсах фларыстыкі, з нічога магла стварыць ікебану, наведвала курсы крою і шыцця. З нядаўняга часу я займаюся скандынаўскай хадой. Хоць мне ўжо 67 гадоў, я лічу, што мой біялагічны ўзрост 47, таму заўсёды імкнуся быць актыўнай. Жыццё – гэты рух!

Скандынаўская хада для Беларусі кірунак новы, распавядзіце, адкуль з’явілася такое жаданне?

— Аднойчы ў газеце прачытала артыкул, дзе распавядалася пра хаду, паглядзеўшы, што гэта нескладана, я захацела паспрабаваць. Неяк раз мой калега з галоўнага корпуса абмовілася, што ідзе на чарговыя заняткі па скандынаўскай хадзе, збор каля стэлы “Мінск – горад-герой” у чацвер у 9.15 раніцы. Вядзе заняткі валанцёр Саша. Гэта была мая мара! Я даўно ўжо “саспела” і пасля начной змены, раніцай, перапранулася ў спартыўную адзежу і прыйшла да стэлы. Знайшла сярод людзей маладога чалавека – трэнера Аляксандра. Ён ласкава мне падабраў палачкі, прайшоўся са мной 15 хвілін, паказаў, як правільна хадзіць, даў асноўныя навыкі. Сталі займацца, прайшло 6 месяцаў і я – найлепшая вучаніца! У мяне нават 2 разы інтэрв’ю бралі, бачыла, што паказвалі мяне ў праграме “Карціна свету” па АНТ.

Што характэрна, заняткі мае пачаліся якраз перад днём нараджэннем, так што гэта своеасаблівы мне падарунак! Я так рада, ніколі не кіну. Людзі ў нас розныя займаюцца, ёсць нават жанчына 80 гадоў. Заўсёды трымаюся ля трэнера, галоўнае, каб толк быў ад практыкаванняў. Хачу атрымаць максімальную карысць ад заняткаў.

— Што яшчэ Вас прыцягвае, і чым бы хацелі яшчэ заняцца?

— Цяпер свет не стаіць на месцы, трэба быць мабільным ва ўсіх сферах. Трэба ведаць асновы працы на камп’ютары, ведаць замежныя мовы. Дык вось, зноў жа дзякуючы свайму калегу я даведалася, што ёсць магчымасць вывучаць англійскую мову для пенсіянераў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Наведала ўжо 4 заняткі. Ёсць невялікія поспехі, кіруюся пакуль падручнікам для пачаткоўцаў.

PpyVnznHNvw

 — Вы дзівосны чалавек!!! Як вы праводзіце час з сям’ёй?

— У мяне два сыны, ужо жанатыя і жывуць асобна. Ёсць унук Іван, яму 3,5 гады, люблю праводзіць час з ім. Заўсёды, калі прыходзіць да мяне ў госці, я яму апранаю фартух, адмыслова для яго сшыла, і мы пячом печыва. Пасля гатавання ён дапамагае мыць посуд, ды так старанна і ахайна, што налюбавацца не магу. Цяпер, калі падрастае ўнук, хочацца больш часу прысвяціць яму.

 — У чым сакрэт шчасця, як Вы думаеце?

— Заўсёды рабіце людзям дабро, чым больш аддаяце, тым больш атрымліваеце. Калі штосьці паабяцалі, абавязкова зрабіце. У свой час у мяне сфарміраваў мужчынскі калектыў на заводзе, таму даў слова – трымай. Я кожны дзень паўтараю такія словы, якія робяць мяне шчаслівейшай:

Мои мечты сбываются,Дворик БГУ_2

Желания исполняются,

Прекрасен мир вокруг.

Мои доходы множатся,

И всё как надо сложится,

Я знаю, что Вселенная

Мой самый лучший друг!

Трэба дзякаваць небу, сусвету, Богу за кожны дзень, за тое, што ў вас ёсць.

 — Якую б кнігу Вы парэкамендавалі нашым студэнтам?

Для студэнтаў я рэкамендую прачытаць кнігу Д. Карнэгі “Як набываць сяброў і ўплываць на людзей”, у ёй распавядаецца, як з розумам распараджацца часам і не марнаваць час дарма, а гэта важна маладому пакаленню, бо яно будучыня нашай краіны.

 — Інэса Васільеўна, што для Вас БДУ?

— Калісьці я хацела паступіць у БДУ, некаторы час я сустракалася з хлопцам з БДУ, павінна была нават выйсці замуж за яго, але мама адгаварыла ад ранняга замужжа, пасля растання зразумела, што кахала гэтага чалавека, яго ўвагу і клопат памятаю дагэтуль.

Цяпер БДУ – гэта магчымасць працаваць побач з домам. Для мяне важна, што я запатрабаваная, маю тут зносіны і новыя знаёмствы. Мая мара – дапрацаваць да 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта!

Гутарыла Кацярына ШАЙКО

Фота: Анастасія Пеліх

 

print

Вам таксама можа спадабацца: