Дацэнт БДУ Максім Шундалаў: пра астрафізіку і прастору бязмежных магчымасцяў (+відэа)

19 Jan, 2017.

Дастаткова хоць раз зірнуць на неба, на ўсю веліч глыбінь Сусвету, і не застанешся абыякавым. Пра рысы і асаблівасці навукі пра космас – астраноміі – распавёў Максім ШУНДАЛАЎ, дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук кафедры фізічнай оптыкі фізфака БДУ. Ён каля 10 гадоў выкладае астраномію. Суаўтар навучальнага дапаможніка “Астраномія”, які выйшаў летась.

shundalov_maxim_kniga_o_astrofizike

Дацэнт кафедры фізічнай оптыкі Максім Шундалаў

Астраномія ў Беларусі

Гэта прыродазнаўчая навука, дзе аматарскія даследаванні па-ранейшаму маюць каштоўнасць. Аматары апрацоўваюць вынікі назіранняў, якія пазней уключаюцца ў агульную карціну. Да прыкладу, на тэрыторыі Віцебскай вобласці знаходзяцца дзве астранамічныя абсерваторыі, якія маюць код Цэнтра малых планет (афіцыйная арганізацыя пры ўдзеле Міжнароднага астранамічнага саюза): абсерваторыя “Taurus-1” і віцебская аматарская астранамічная абсерваторыя.

У адрозненне ад Расіі, дзе астраномія выкінута са школьнай праграмы, у Беларусі яна ёсць у 11 класе. Таксама ў нас праводзяцца школьныя алімпіяды і навукова-практычныя канферэнцыі, у якіх Максім Барысавіч таксама бярэ ўдзел:

“Я бачу, што прыходзяць на алімпіяды, канферэнцыі школьнікі з бліскучымі вачыма. Ці пасля першай лекцыі да мяне падыходзяць некалькі студэнтаў і кажуць, што займаюцца астраноміяй. Проста паведамляюць мне, што яны такія ёсць”.

Спецыфіка выкладання

Па словах дацэнта кафедры фізічнай оптыкі, няпроста знайсці баланс паміж займальнымі малюнкамі і багаццем формул і вылічэнняў, каб студэнты не страцілі цікавасць да прадмета. Гэта сінтэтычная навука, якая з’яўляецца адной з найскладанейшых. У першую чаргу гэта фізіка (існуе частка астраноміі – астрафізіка). І фізіка тут глыбокая – механіка, тэорыя рэлятыўнасці, оптыка, атамная фізіка… Сюды ж адносяцца матэматыка, хімія, астрабіялогія і гэтак далей.

Копия JrCtwQeKInhcGAa37MEV

Маятнік Фуко ў педагагічным універсітэце

Каб лепш зразумець, як уладкаваны сусвет, далёка хадзіць не трэба, лічыць Максім Барысавіч. Да прыкладу, у педагагічным універсітэце імя М. Танка ёсць маятнік Фуко. Ён наглядна даказвае, што Зямля круціцца: падчас ваганняў маятніка шар павольна паварочваецца ў бок, процілеглы ад кручэння нашай планеты, здзяйсняе поўны абарот кожныя суткі. Усяго ў свеце падобных маятнікаў каля дваццаці.

“Яшчэ да значных у Беларусі астранамічнымх аб’ектаў адносіцца частка дугі Струвэ (агульная працягласць якой складае больш за 2820 кіламетраў) – сетка з 265 трыангуляцыйных пунктаў, якія ўяўлялі сабой закладзеныя ў зямлю каменныя кубы з даўжынёй рабра 2 метры. Стваралася з мэтай вызначэння параметраў Зямлі, яе формы і памеру. Неяк студэнтка падышла і сказала, што, пачуўшы ад мяне пра дугу на лекцыі, яна з сябрам улетку наведалі адзін з пунктаў”.

У рамках правядзення ўніверсітэцкіх заняткаў ёсць пэўныя абмежаванні. Сярод іх графік пар, якія не заўсёды супадаюць з астранамічнымі падзеямі, за якімі можна было б паназіраць. Да таго ж адсутнічае магчымасць сачыць за вячэрнім небам з-за асвятлення Мінска. Таму да ўвагі студэнтаў БДУ прапануюцца традыцыйныя пляцоўкі: абсерваторыі ў БДУ і ў парку Горкага.

shundalov_maxim_kniga_o_astrofizike

Навучальны дапаможнік па астраноміі пад рэдакцыяй В. І. Шупляка, М. Б. Шундалава, А. П. Клішчанка, В. В. Малышчыца

Літаратура

Пра астраномію можна прачытаць у шматлікіх крыніцах. “Як правіла, імпакт-фактар (лікавы паказчык важнасці навуковага часопіса) вышэйшы ў выданняў па астраноміі, чым па фізіцы ці хіміі, – разважае кандыдат фізіка-матэматычных навук. – Я падпісаны на змест нумароў навуковых часопісаў. Навукоўцы адкрываюць якую-небудзь з’яву – і тут жа навіны пра гэта з’яўляюцца ў СМІ. Гэта вельмі пісьменны падыход PR-кампаній да папулярызацыі навукі. Чым больш увагі, тым больш перспектыў фінансавання”.

Абнаўляецца навучальная літаратура. У жніўні 2016 г. выйшаў навучальны дапаможнік “Астраномія”, падрыхтаваны М.Б. Шундалавым сумесна з В.І. Шупляком, А.П. Клішчанкам і В.В. Малышчыцам. “Галоўным чынам, гэты перапрацаваны дапаможнік першай кнігі, – дзеліцца Максім Барысавіч. – Але час прайшоў, і мы назапасілі шмат новай інфармацыі. Да таго ж у кнігу дадалі задачы алімпіяднага ўзроўню. Узялі многае з сайта http://physics.bsu.by/sites/all/other/astronomy/1-1-foreword.html, падрыхтаванага на фізічным факультэце БДУ”.

DSC_1979

Зараз у героя публікацыі часу мала для чытання – праца, сямейныя клопаты. Але калі вольны час з’яўляецца, перавага аддаецца навукова-папулярнай літаратуры. “Лічу, добрым прыкладам навуковай фантастыкі кнігу “Марсіянін” Эндзі Уіра, якую прачытаў за пару начэй, вельмі ж захапіла. І фільм, вядома, паглядзеў. Ёсць сур’ёзнае дапушчэнне без якога сюжэт не атрымаўся б. На Марсе няма такіх моцных пяшчаных ураганаў, якія маглі б перакуліць ракету. Там разраджаная атмасфера. І аўтар ведае пра гэта, прызнаецца ў інтэрв’ю, што ўраганы дададзены адмыслова для вастрыні падзей. А ў астатнім, калі ўсё склалася б такім чынам, як апісана ў творы, то цалкам праўдападобнае развіццё падзей”.

pq6bwuhxqr8

Паўночнае ззянне над Браславам. Фота Цімафея Петрашкевіча

У Беларусі можам назіраць

сонечныя і месячныя зацьменні, рух нябеснай сферы, фазы Месяца… Часцей за ўсё заўважаюць метэарытныя дажджы, пра якія звычайна кажуць “зоркі падаюць”. Існуе меркаванне, што тым часам трэба паспець загадаць жаданне. Пра іх выкладчык кажа так: “Я чалавек матэрыялістычны, жаданняў не загадваю. Але калі камусьці хочацца, хтосьці верыць у іх выкананне, то хай загадвае”. У апошнія гады можна назіраць палярныя ззянні, але ў нашых шыротах яны не вельмі яркія. Убачыць іх няўзброеным вокам складана. Але сучасныя лічбавыя камеры фіксуе гэта з’ява. Калі ёсць тэлескоп і фільтр, то можна назіраць плямы на Сонцы (толькі пад кіраўніцтвам дасведчанага астранома, каб не пашкодзіць зрок!) – гэта і школьнікі робяць. Максім Барысавіч распавядае: “У сакавіку 2015 было сонечнае зацьменне, пра якое папярэдзіў студэнтаў загадзя. Глядзець на сонца няўзброеным вокам небяспечна. Тэлескоп , які належыць абсерваторыі БДУ, размясцілі ва ўнутраным дворыку ўніверсітэта. У мяне былі заняткі ў той час. Раздаў дыскеты студэнтам, адпусціў глядзець на зацьменне”.

IMG_54211

Студэнты БДУ назіраюць за сонечным зацьменнем 20 сакавiка 2015 г. Фота Генадзя Краскоўскага

Ці ёсць жыццё апроч як на Зямлі?

Гэта самае важнае пытанне, якое цікавіць многіх. А ці ёсць на яго адказ? Да прыкладу, у 2015 годзе НАСА абвясціла, што на Марсе знойдзены рэкі – сезонна з’яўляюцца струмені салёнай вадкай вады. Таксама астраномы прыйшлі да высновы, што пад тоўстым пластом лёду, які пакрывае спадарожнік Юпітэра Еўропу, знаходзіцца акіян вады, надзвычай багаты на кісларод. Калі б у гэтым акіяне было жыццё, то такога аб’ёму растворанага кіслароду хапіла б на падтрыманне мільёнаў тон рыбы. Зрэшты, пакуль пра існаванне хоць нейкіх складаных формаў жыцця на Еўропе гаворкі не ідзе.

17

Пад тоўстым пластом лёду, які пакрывае спадарожнік Юпітэра Еўропу, знаходзіцца акіян вады, надзвычай багаты на кісларод

Мы не ведаем ніякага іншага жыцця, акрамя таго, да якога самі належым, а яно пабудавана на вугляродзе. Таму мяркуецца наступнае: для таго, каб узнікла жыццё, патрэбная тэмпература вышэйўая за 0°С (г. зн. вадкая вада), электрычнасць, набор хімічных элементаў і час. “Існаванне жыцця апроч нашай планеты – для мяне гэта бясспрэчна, – падкрэслівае Максім Барысавіч. – Па формуле Дрэйка (якая вызначае колькасць пазазямных цывілізацый у нашай галактыцы, з якімі можа быць усталяваны кантакт), самыя аптымістычныя з рэалістычных ацэнкі даюць каля 20 000 цывілізацый. Найбліжэйшая да Зямлі зорка (пасля Сонца) Проксіма Цэнтаўра знаходзіцца на адлегласці ўсяго толькі больш за чатыры светлавыя гады. Еўрапейскія астраномы сёлета выявілі ў гэтай сістэме землепадобную планету памерам з Зямлю, на паверхні якой можа патэнцыйна існаваць жыццё. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць адправіць туды беспілотную ракету (але падобнае яшчэ не створана). І калі гэта зрабіць цяпер, то, магчыма, праз паўстагоддзя яна будзе там. Некалькі гадоў будзе ісці сігнал, а пасля ўжо нашым нашчадкам пашчасціць убачыць запаветныя здымкі”.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: