Семінар “Рэпазітарыі адкрытага доступу ўніверсітэтаў Беларусі: сучасны стан і перспектывы развіцця” пачне сваю працу 9 лютага ў канферэнц-зале Нацыянальнага выставачнага цэнтра “Белэкспа” (пр. Пераможцаў, 14). Пачатак у 16.00.
Мерапрыемства арганізавана ў рамках XХIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. У працы семінара прыме ўдзел дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Кулажанка. Тэма яго даклада – “Істытуцыянальныя рэпазітарыі Беларусі: эфектыўная прылада навукі і адукацыі ў лічбавую эпоху”. Акрамя таго, тут прагучаць выступленні на тэмы: “Праект OAI-Беларусь. Тэхнічныя аспекты рэалізацыі”, “Research Data, Open Data: выклікі для бібліятэк” і “GRID.BY: інфармацыйна-вылічальныя сэрвісы для навукі”.
Арганізатарамі семінара выступілі: Фундаментальная бібліятэка БДУ, Навуковая бібліятэка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя.
Адзначым, сёлета ў XХIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы прымуць удзел выдавецтвы Беларусі, Венесуэлы, Германіі, Ірана, Італіі, Казахстана, Кітая, Карэі, Кубы, Літвы, Палесціны, Польшчы, Расіі, Сірыі, ЗША, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі, Эквадора і інш. Упершыню ў мерапрыемстве будзе ўдзельнічаць Грэцыя, а ганаровым госцем выставы на гэты раз стане Вялікабрытанія. Па традыцыі кожнае выдавецтва прадставіць свой стэнд з нацыянальнай літаратурай, узнагародамі будуць адзначаны найлепшыя творы і маладыя аўтары. Нагадаем, вядучыя тэмы форуму 2017 года – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Экспазіцыю запоўняць кнігі рознай тэматыкі, перыядычныя выданні і жанравыя віды паліграфічнай прадукцыі. Падчас працы кніжнай выставы-кірмашу адбудуцца прэзентацыі кніг, сустрэчы з пісьменнікамі і выдаўцамі, семінары і круглыя сталы, а таксама ўручэнне ўзнагарод пераможцам 56-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Акрамя таго, тут будзе арганізавана гандаль кнігамі.
Выстава будзе працаваць з 8 па 12 лютага.