У межах праекта «Асобы БДУ» прадстаўляем вашай увазе інтэрв’ю з прарэктарам па вучэбнай рабоце БДУ Сяргеем ХОДЗІНЫМ. У яго студэнты даведаліся, як выхаваць у сабе якасці кіраўніка, настаўніка, як ставіцца да вучобы, працы, вывучаць і шанаваць свае традыцыі.
– Сяргей Мікалаевіч, адкуль Вы родам? Як праходзіла Ваша дзяцінства?
– Мае першыя шэсць месяцаў жыцця прайшлі ў пасёлку Путчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Менавіта тут нарадзіўся знакаміты гісторык Мікалай Улашчык, сапраўдны патрыёт Беларусі. Мікалай Мікалаевіч – выпускнік БДУ, вучань У. І. Пічэты і Д. І. Даўгялы. І хоць усё сваё плённае навуковае жыццё ён правёў у Маскве, але бязмерна любіў Беларусь і сваю малую радзіму. Ужо ў сталым узросце напісаў пра яе кнігу, напоўненую трапятаннем і любоўю да сваіх землякоў. Так што мой выбар стаць гісторыкам, магчыма, быў наканаваннем лёсу.
Амаль усё маё дзяцінства прайшло ў вёсцы Лютавічы Капыльскага раёна ў бабулі з дзядулем, пакуль бацькі не атрымалі кватэру і не ўладкаваліся побач, у г. п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна.
Беларусы – пераважна нацыя сельская і жылі вялікімі сем’ямі. У часы «валочнай памеры», вядомай са школьнай праграмы, сем’і пры раздзеле двара сяліліся побач. Так атрымалася, што прозвішча Ходзін не вельмі распаўсюджанае, але ў Лютавічах Ходзіны складалі ў другой палове 19 стагоддзя да чвэрці ўсіх жыхароў. У вучняў Лютавіцкай пачатковай школы часам супадалі не толькі прозвішчы і імёны, але нават імёны па бацьку. Таму настаўнікі пазначалі дзённікі навучэнцаў ад імя маці (Ірын, Валін і г. д.).
– Вы з ранніх гадоў марылі звязаць сваё жыццё з гісторыяй?
– Не. У дзяцінстве я марыў быць урачом, пасля – біёлагам. Быў удзельнікам раённых і абласных алімпіяд па рускай і беларускай мовах, па матэматыцы. Пісаў вершы і прозу. Друкаваўся. Апускаючыся з галавой ва ўсё, што цікавіла. Было складана спыніць свой выбар на чымсьці адным, але ў выніку галоўным захапленнем у жыцці стала гісторыя.
Нас у сям’і трое дзяцей. На сваёй малой дзіцячай радзе мы, дзеці, неяк вырашылі, што калі я буду гуманітарыем, то павінны быць у сям’і і тэхнік, і ўрач. У выніку я скончыў гістарычны факультэт БДУ, брат – радыётэхнічны, а сястра – медыцынскі.
Са школьнай лавы я пачаў пісаць вершы, і многія з іх памятаю дагэтуль. Публікавацца стаў пазней. Паступаць першапачаткова планаваў на факультэт журналістыкі. На гэта мяне падштурхнула тое, што аднойчы на зімовых вакацыях да нас у школу прыехала маладая журналістка, і нам, 10 класу, прачытала свой аповед (я да таго часу ўжо таксама друкаваўся). Але для паступлення патрэбна была творчая характарыстыка, па якую я адразу ж адправіўся ў Дом друку. Апублікаваных матэрыялаў у мяне было нямала, але ў кожным са шматстайных выданняў – па адным. Плюс да ўсяго не ведаў, што можна задзейнічаць публікацыі ў раённай газеце («Шахцёр»). Урэшце, не атрымаў характарыстыкі з рэдакцыі, таму абраў іншы шлях і паступіў на гістарычны факультэт.
Што гэта – выпадковасць ці лёс? За шматлікімі выпадковасцямі, магчыма, хаваецца наша наканаванне. Гэта потым ужо ўспамінаеш, што ўлюбёным адпачынкам было чытанне міфаў Старажытнай Грэцыі і Рыма, што падручнікі па гісторыі прачытваў яшчэ да пачатку заняткаў, што ў бібліятэцы перачытаў усе кнігі па ваеннай гісторыі. І зараз ужо разумееш, што не выпадкова тэмамі першых курсавых прац былі культ Афрадыты і ваенныя дзеянні ў гады Першай сусветнай вайны.
Вядома, не варта цалкам разлічваць на лёс: калі ёсць за што перажываць – перажывайце, а калі дзесьці не пашанцавала – не адчайвайцеся. Часовыя няўдачы не павінны быць перашкодай для здзяйснення важных адкрыццяў, набыцця новых ведаў.
– Чаму так важна ведаць гісторыю сваёй краіны і іншых дзяржаў?
– Самае страшнае, што можна зрабіць з чалавекам – адняць у яго памяць. І тады ім можна лёгка маніпуляваць: накіраваць супраць сваіх бацькоў, блізкіх, сяброў, супраць сваёй Радзімы. Гісторыя – злучнае звяно пакаленняў, трансляцыя досведу. Ці ўсе ведаюць, што класік эканамічнай гісторыі Адам Сміт, перш чым напісаць сваю знакамітую кнігу «Багацце нацый», займаўся вывучэннем традыцый і маралі розных народаў. Вядомы расійскі гісторык В. В. Ключэўскі аспрэчваў сцвярджэнне старажытных пра тое, што «гісторыя – настаўніца жыцця». Яна не вучыць, яна карае за няведанне ўрокаў. Але часам, на жаль, такое адбываецца. Вывучаючы мінулае, мы лепш разумеем сучаснасць і ўяўляем будучыню.
Я ні разу не пашкадаваў, што абраў гісторыю як асноўны кірунак сваёй навуковай дзейнасці. Свет гісторыі стаўся для мяне больш займальным, чым іншыя навукі.
Лічу, што кожны чалавек, які паважае сябе, павінен вывучаць і ведаць гісторыю сваёй краіны, гісторыю малой радзімы, імкнуцца даведацца пра свае карані. Некаторыя мяркуюць, што гэта даволі сумны занятак: трэба чытаць шмат кніг, марнаваць нямала вольнага часу. Але ж важнае творчае ўспрыманне гісторыі. Можна не толькі штудзіраваць падручнікі, але і наведваць тэатры, глядзець фільмы, тэлеперадачы. Хацелася б працягнуць – шукаць у інтэрнэце… Але, на жаль, там часам знаходзіш такое!..
– У жыцці кожнага чалавека бываюць цяжкасці ў рэалізацыі планаў ці мар. Як з імі справіцца?
– Дзякуючы цяжкасцям мы гартуем свой характар, імкнёмся да найлепшага. На працягу жыцця мы здзяйсняем шмат памылак, якія цягнуць за сабой не заўсёды добрыя наступствы. Трэба ўмець своечасова спыніцца і зрабіць высновы. Часам з прычыны ўзросту і недахопу досведу мы ўспрымаем добрае як дрэннае. Часам толькі таму, што нам здаецца: нас прымушаюць, і мы пярэчым то бацькоўскаму досведу, то прапанове ад грамадства.
У многіх краінах праблема працаўладкавання вельмі актуальная, і ў свеце вялікая частка беспрацоўных – моладзь. У нас гэтаму пытанню надаецца адмысловая ўвага. Але хіба ўсе задаволеныя размеркаваннем… Калі я заканчваў універсітэт, ведаў, што размеркаванне чакае ўсіх студэнтаў. І гэта ўяўлялася магчымасцю напоўніцу адчуць сваю самастойнасць, пабыць удалечыні ад родных, самому зарабляць сабе на жыццё. Па размеркаванні трапіў у вёску Доктаравічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Школа была вялікая для вясковай – каля 450 вучняў.
У першы год працы я выкладаў геаграфію, фізкультуру, спевы, найменш – гісторыю, таму што майму калегу перад выхадам на пенсію важна было зарабіць як мага больш. Потым гэты досвед мне спатрэбіўся, калі стаў дырэктарам. І той перыяд часу, калі я жыў і працаваў у вёсцы, апынуўся вельмі важным досведам для мяне з пункта гледжання чалавечых зносін і школы жыцця.
Калі ты пачынаеш рэальна штосьці рабіць, бачыш першыя вынікі, то табе вельмі складана пакідаць гэту справу. Вельмі добра памятаю апошнюю лінейку першага верасня ў Доктаравіцкай школе. Па шэрагах перадалі тэлеграму з Мінска, што атрымана згода на мой перавод у БДУ. Бо гэта была мара! Але калі да мяне падышла трэцякласніца з велізарнымі белымі бантамі і са слязамі на вачах спытала: «Гэта праўда, што Вы з’язджаеце?» – паверце, яшчэ імгненне, і я гатовы быў сказаць: «Не, вядома!» Бо ў школе прапрацаваў ужо 3 гады. За гэты час паспеў прывыкнуць да ўсіх, прасякнуцца іх лёсам. Але ж вельмі хацелася паспрабаваць сябе і ў іншым…
У 1988 г. быў пераведзены на працу на гістарычны факультэт. Напачатку чытаў свае лекцыі на беларускай мове. У цэлым успрымалася гэта з узнёсласцю. Памятаю перапоўненую 433 аўдыторыю галоўнага корпуса, дзе студэнты сядзелі нават на падлозе. Такая цікавасць была да сваёй гісторыі! Але на завочным аддзяленні многія былі супраць лекцый на беларускай мове. Важна было не раскалоць грамадства па моўным прынцыпе. І, хоць для мяне беларуская мова з нараджэння такая блізкая, выступаў за тое, каб гэты працэс быў усвядомленым і добраахвотным. Хоць тады, у канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг., былі розныя настроі і дзеянні.
У 1990 г. на кафедру перайшоў Павел Алегавіч Лойка, сын вядомага беларускага пісьменніка, які сам ужо да гэтага часу быў папулярным гісторыкам. Мы падзялілі з ім курс лекцый на факультэтах: ён чытаў курс да 1917 года, а я – савецкі перыяд. Дарэчы, не трэба бачыць гісторыю, у тым ліку савецкі час, у чорна-белым святле. Гераізуючы адны старонкі, не варта пэцкаць дзёгцем іншыя. Бо гэта наша гісторыя, якую стваралі нашы бацькі, дзяды і прадзеды, нашы Настаўнікі…
– Што параіце студэнтам?
– Трэба імкнуцца да новага, але і шанаваць тое, што атрымліваеш у спадчыну. Памятайце прыказку: «Што маем – не захоўваем, страціўшы – плачам». У дзяцінстве, калі ў мяне быў юнацкі максімалізм, злаваўся па дробязях, быў залішне імпульсіўным. Але мая бабуля заўсёды мне казала: «Абы вайны не было». З гадамі зразумеў, што бабуля мела рацыю. Часам мы прымаем тое, што ёсць (свет за акном, разуменне блізкіх ці калегаў і г. д.) як належнае, не імкнёмся рабіць штосьці для сям’і, сяброў, для краіны. Здаецца ж гэта нікуды не знікне, нават клапаціцца не трэба… Але тады ёсць небяспека з часам самае важнае і патрэбнае страціць. Фарміруйце не толькі свой імідж, але і імідж сваёй краіны, універсітэта, любіце і паважайце сваіх родных і блізкіх.
– Як у Вас атрымліваецца не губляць запал?
– Так склалася, што асноўную частку свайго часу я прысвячаю працы, нават падчас адпачынку. Калі я быў дырэктарам школы, то вельмі хваляваўся за ўсё, што адбывалася ў яе сценах. У марозную зімовую ноч мог прыбегчы і праверыць, ці ўсё ў парадку, ці грэюць батарэі. 16 гадоў майго жыцця звязаныя з пасадай дэкана гістарычнага факультэта, таксама не бесклапотнай. Не так даўно стаў працаваць на новай пасадзе прарэктара па вучэбнай рабоце БДУ. Ахоп працы стаў шырэйшы, часу на адпачынак – менш, але мяне гэта задавальняе. Мне падабаецца хуткі рытм жыцця, ён дапамагае размеркаваць свой час правільна, сканцэнтравацца на самым важным.
Каб не страціць цікавасць да працы, неабходна заўсёды знаходзіцца ў тонусе, трэба любіць тое, чым займаецеся, аддаваць усе сілы і энергію. Толькі тады ваша праца будзе прыносіць радасць і станоўчыя вынікі.
– Сяргей Мікалаевіч, вандраванні прысутнічаюць у Вашым жыцці?
– Я люблю падарожнічаць па Беларусі, калі выдаецца такая магчымасць. Часта вельмі заняты, таму рабіць гэта складана. Але кожны год абавязкова вылучаю некалькі дзён, каб знайсці новыя цікавыя месцы для наведвання. Я шмат чаго ведаю пра пэўныя месцы нашай Радзімы, але цікавей убачыць усё ўвачавідкі. Супрацоўнічаючы з замежнымі ўніверсітэтамі, бываў за мяжой. Безумоўна, імкнуся паглядзець выбітнасці краіны, у якую прыязджаю, архітэктуру, пазнаёміцца з рознымі цікавымі людзьмі. Люблю атрымліваць асалоду ад прыгажосці прыроды. Яна схіляе часам пабыць сам-насам з ёй, паслухаць цішыню, трапятанне лістоты… На жаль, для гэтага часу ўсё менш і менш.
– Ці верыце Вы ў цуды? Ці здаралася з Вамі нешта незвычайнае?
– Цуд адбываецца тады, калі мы не толькі гэтага чакаем, але і да гэтага рыхтуемся. Многія студэнты чакаюць цуду на іспыце. Часам мы верым у прыкметы. Я ж таксама быў студэнтам. Памятаю іспыт і білет, самы складаны, які ўсе баяліся выцягнуць (тыповая сітуацыя для студэнтаў) – Канстытуцыя Эфіопіі і камуністычныя партыі краін Трапічнай Афрыкі. Як на ліха, менавіта ён мне трапіўся ў «судны дзень». Але я чакаў гэтага падвоху, прачытаў манаграфію замест падручніка. Выцягнуў гэты білет… Атрымаў за адказ пяцёрку (была пяцібальная сістэма). Для мяне гэта быў своеасаблівы цуд. Але пагадзіцеся: цуды адбываюцца, калі мы іх хоць трошкі рыхтуем! Верце ў цуд і рабіце ўсё, каб ён адбыўся.
– Найлепшы падарунак для Вас – гэта…
– Добрае чалавечае стаўленне. Калі ў тваім сэрцы любоў, то не знаходзіцца месца для нянавісці. А матэрыяльных выгод мы заўсёды можам дамагчыся. Грошы – гэта істотна, але без здароўя не дасягнуць нічога. Калі ўзнікаюць у жыцці складанасці, то чалавечыя адносіны могуць усё выратаваць. Калі разлады ці дрэнны настрой – патрэбны чалавек, які цябе падтрымае. Тады ўсё стане на свае месцы, і вы будзеце шчаслівымі.
– Падкажыце кнігу, якую варта прачытаць.
– У акадэміка Мікалая Дубініна ёсць кніга «Вечны рух». Я раю яе прачытаць. Яна апавядае пра выдатных людзей такой навукі, як генетыка, пра падзеі, звязаныя з рашэннем шэрагу карэнных праблем навукі і практыкі, пра барацьбу за генетыку, у развіццё якой сам М. П. Дубінін зрабіў вялікі ўнёсак. А яшчэ ўнікальныя творы Уладзіміра Караткевіча! Яго «Ладдзя роспачы» – абавязкова раю прачытаць, асабліва калі вам вельмі складана.
І яшчэ хочацца дадаць: на эмблеме нашага ўніверсітэта БДУ намалявана кветка папараці. Гэта таксама знак руху, пошуку. Ніхто не бачыў гэту кветку, але кожны спадзяецца на цуд. Але цуд – гэта пошук, гэта праца людзей, накіраваная на тое, каб зрабіць сябе і свет лепшым. Надзея выкладчыкаў – гэта студэнты, якія сваім жаданнем і ідэямі дапамагаюць удасканальваць наш універсітэт, студэнты, якія аддаюць часцінку сябе для вялікай дружнай сям’і БДУ.
Гутарыла
Дар’я ШЛАПАКОВА
Чытайце таксама:
Начальнік ЦІТ БДУ Юрый Варатніцкі: «Інфарматызацыя – гэта мастацтва магчымага»