Анжаліка ПУШНОВА – трэцякурсніца журфака і маладая таленавітая спявачка. Нягледзячы на юны ўзрост, у сваёй музычнай скарбонцы дасягненняў мае не адну ўзнагароду. У гэтым годзе дзяўчына вырашыла адправіцца на Еўрабачанне. Анжаліка расказала, як з кожным крокам набліжаецца да мары.
– Якія яркія падзеі адбыліся ў тваёй музычнай кар’еры ў 2016 годзе?
– 2016 стаў для мяне сапраўды паспяховым, асабліва што тычыцца музычнай сферы. Кажуць, як пачнеш год, так яго і правядзеш. Вось я і пастаралася. Першыя дні студзеня працавала на 12-м Калядным міжнародным турніры аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Там была снягуркай-вядучай-спявачкай на каньках. Гэта было вельмі класна! Можна сказаць, на той працы я адпачывала і адчувала сябе як рыба ў вадзе. Потым запрашэнне на Рэспубліканскі прыём, дзе я таксама грала галоўную ролю. Затым было шмат канцэртаў, мерапрыемстваў, запрашэнняў, якія мне было вельмі прыемна атрымліваць. Новыя знаёмствы, пачатак супрацоўніцтва з замежнымі аўтарамі, прэм’еры песень. Выхад той самай “Мой день начинается заново”, якая сапраўды стала маёй візітнай карткай. А ўлетку я атрымала першую “Песню года”. Восенню – запрашэнні на ўніверсітэцкія мерапрыемствы, напісанне песні “We should be together”. Таксама ў гэтым годзе я ўпершыню выступіла ў Маскве на навагоднім фэсце. Ну, а канец года – вядома ж, Еўрабачанне. Цяпер яно стала неад’емнай часткай майго жыцця.
– Ты з’яўляешся самай маладой уладальніцай “Песні года”, якую атрымала ў мінулым годзе. Побач на сцэне былі вядомыя беларускія выканаўцы – з кім давялося паразмаўляць, атрымаць параду? Чым запомнілася табе гэтае выступленне?
– Так, гэта было вельмі класна! Я доўга рыхтавалася да гэтага выступлення. Увесь той летні дзень у Маладзечна панавала творчая атмасфера. Мы ўсе размаўлялі, жартавалі, фатаграфаваліся. Там набыла новых знаёмых, пагутарыла з калегамі. Многія вядомыя артысты мяне віншавалі і жадалі добрых песень, а некаторыя пыталіся, хто пашыў мой касцюм.
– У новым годзе ты вырашыла пакарыць сцэну Еўрабачання. Як пайшла на такі смелы крок?
– Ідэя з’явілася, калі я ў лютым 2016 змагла наведаць у Швецыі адбор на Еўрабачанне. Там гэта набывае проста неверагодныя памеры! Натхнілася, захацела. Улетку гуляла з Кірылам Ермаковым, ён сказаў, што пачаў пісаць песню і думае, што яна мне вельмі падыходзіць. Я тады загарэлася і ўпэўнена сказала бацьку ўвечары: “Я хачу на Еўрабачанне!”
– Раскажы пра стварэнне сваёй песні “We should be together”, якую марыш прадставіць на міжнародным песенным конкурсе.
– Аўтар музыкі – Кірыл Ермакоў, аўтар тэксту – Наталля Тамбоўцава. Сама таксама прымала ўдзел, усюды патроху. Мне пашанцавала працаваць з гэтымі людзьмі! Яны сапраўдныя прафесіяналы, мы разумеем адзін аднаго, знаходзімся “на адной хвалі”. Песня атрымалася менавіта такая, як я хацела. Хачу, каб яна была зразумелая людзям, знайшла водгук у іх сэрцах і прымусіла паверыць у сапраўднае каханне на Зямлі.
– 20 студзеня ў рамках фіналу нацыянальнага адбору ты будзеш змагацца за права прадставіць Беларусь на “Еўрабачанні–2017” у Кiеве. Як ацэньваеш сваіх супернікаў?
– Мае супернікі – гэта таленавітыя выканаўцы. Шмат з кім мы былі знаёмыя яшчэ да Еўрабачання, з некаторымі пазнаёміліся толькі цяпер. Сярод нас няма нявартых. Калі мы трапілі ў фінал, значыць, мы ўсе вартыя. Песні некаторых фіналістаў у мяне ёсць нават у плэйлісце!
– Ці хапае часу на вучобу ва ўніверсітэце ў шчыльным рэпетыцыйным графіку? Падтрымліваюць цябе выкладчыкі і студэнты Інстытута журналістыкі БДУ?
– Складана, вядома. Але калі было лёгка? Заўсёды ў мяне неяк супадалі сесія і важныя канцэрты. Але ж з той падтрымкай, якая ёсць у мяне цяпер, я з усім спраўлюся, упэўненая. Пакуль ёсць людзі, якія вераць у мяне, якія дапамагаюць, я буду працаваць на мяжы сваіх магчымасцяў. Падтрымка роднага ўніверсітэта праяўляецца вельмі моцна, што мяне матывуе. Студэнты, якія ведаюць на памяць песню і прысуджаюць “Чалавека года”, і выкладчыкі, якія дзеляцца ідэямі для нумара і абяцаюць галасаваць у фінале – што можа быць лепей?
– Што пажадаеш сабе і маладым выканаўцам Беларусі ў зімовыя святы?
– Жадаю берагчы сябе ў такія маразы! Здароўе – гэта вельмі важна. А таксама жадаю верыць у цуды і шанаваць тых, хто побач.
Мы ў сваю чаргу жадаем Анжаліцы паспяхова выступіць 20 студзеня ў фінале нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне–2017”!
Размаўляла Дар’я НІКАНЧУК
Чытайце таксама:
«Мала які ўніверсітэт можа пахваліцца сваім студэнцкім гімнам…» Alen Hit і Анжаліка Пушнова распавялі аб тым, як ствараўся This is BSU (+музыка i відэа)