У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў і ўказамі Прэзідэнта Беларусі, якія заклікаюць узмацніць кантроль бяспекі ў месцах масавага збору людзей, у БДУ ажыццяўляецца ўкараненне сістэмы кантролю і кіравання доступам. Ахоўнікаў, якія правяраюць дакументы на ўваходзе на тэрыторыю кампуса і карпусоў БДУ, з цягам часу заменяць турнікеты і сістэма відэаназірання. У асобных, найбольш датыкальных, месцах змены можна будзе пабачыць неўзабаве. Чаго менавіта нам чакаць?
БДУ – не прахадны двор
Намеснік начальніка службы аховы і бяспекі БДУ Андрэй ДАВЫДЗЁНАК:
– Амаль усе ўніверсітэты Мінска аснашчаныя спецыяльнымі сродкамі (агароджамі) для абмежавання несанкцыяванага доступу на тэрыторыю. І ў нас плануецца ўсталяванне турнікетаў і сістэм відэаназірання. Забяспечваць парадак на тэрыторыі ўніверсітэта неабходна пастаянна, бо з аднаго боку ў нас вакзал, з іншага – адна з галоўных плошчаў краіны. Да стварэння службы аховы і бяспекі БДУ (якой, дарэчы, сёлета спаўняецца 20 гадоў) тут быў прахадны двор, з вакзала хто толькі ні ішоў: і бамжы, і крымінальныя элементы, хуліганы і проста нецвярозыя людзі, якім карцела заскочыць у дворык па зразумела якой патрэбе. Апрача гэтага, трэба ўлічваць міжнародную сітуацыю, тэракты ці жахлівы выпадак у ГЦ «Еўропа». Нарэшце, трэба працаваць для прафілактыкі правапарушэнняў, у асноўным крадзяжоў, якія, на жаль, здараюцца ў БДУ. Супрацоўнікі праваахоўных органаў па матэрыялах свайго разбіральніцтва зазвычай пішуць на імя рэктара прадстаўленне аб ліквідаванні прычын, што спрыяюць ажыццяўленню злачынства. Такое прадстаўленне мае пэўную юрыдычную сілу, і рэктар абавязаны рэагаваць. Адно з патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі – усталяванне сістэмы відэаназірання і кантролю доступу на тэрыторыі ўніверсітэта.
Спробы ўкаранення інтэграванай сістэмы фізічнай бяспекі ажыццяўляліся ў БДУ і раней, напрацоўкі ўжо ёсць. На хімфаку турнікеты стаяць з 2009 г., неўзабаве яны будуць перазапушчаны. З сакавіка 2016 г. спраўна працуюць турнікеты на Курчатава, 5 (ФРКТ), у штатным рэжыме. На ФМА ўжо дзейнічае сістэма відэаназірання. Дарэчы, у краіне існуе пэўная заканадаўчая база адносна абсталявання сродкамі відэаназірання ўсіх месцаў масавага збору людзей. Такім лічыцца месца, дзе адначасова знаходзіцца больш за сто чалавек. А ў нас паточныя аўдыторыі змяшчаюць часам значна болей студэнтаў…
Усталяванне турнікетаў чакаецца ва ўсіх будынках БДУ. Прыкладваеш дакумент – у вахцёра на экране высвечваецца электронная інфармацыя студэнта ці супрацоўніка з адзінай базы дадзеных БДУ, фіксуецца час праходу. Найперш «закрываць» плануецца ўніверсітэцкі дворык: праходы праз фізічны факультэт, галоўны корпус, ФМА, брамкі і вароты з боку вуліц Ленінградскай і Бабруйскай. Сістэма відэаназірання з’явіцца раней на самых «вострых» кірунках: галоўны корпус, фізічны корпус, ФМА. У будынках БДУ, якія стаяць асобна, інтэграваная сістэма з’явіцца трохі пазней – як будуць дазваляць сродкі.
«Усе будуць задаволены»
Прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце БДУ Уладзімір РАГАВІЦКІ:
– Новае часта ўспрымаецца з пэўнай цяжкасцю. У «наргасе» даўно дзейнічае такая сістэма: і ў інтэрнаты, і ў вучэбныя карпусы праходзяць праз турнікеты. А ў нас многія ў штыкі ўспрынялі праверку дакументаў на ўваходзе ў комплекс БДУ, былі нападкі і на службу бяспекі, а потым усе прывыклі. На хімфаку і на ФРКТ ніхто ўжо не задае пытанняў. Cістэма ж вельмі зручная. На ФМА з дапамогай сістэмы відэаназірання была адсочана і злоўлена жанчына, якая заходзіла з вакзала і займалася крадзяжом, прафесійна.
Я шмат дзе быў – і ў Кітаі, і ў Туркменістане, і ў расійскіх універсітэтах, там паўсюль стаяць турнікеты. У Туркменістане нас прапусцілі ва ўніверсітэт толькі пасля таго, як прарэктар выйшаў сустрэць нашу дэлегацыю. Універсітэцкі дворык наш – гэта «бойкае» месца. Памятаю, калі толькі прыйшоў у БДУ, шмат гадоў таму, бомж мог ляжаць проста на парозе, так што не ўвайсці было на працу. А цяпер служба бяспекі добра працуе, і крадзяжы скараціліся ў дзясяткі разоў. Калі поўнасцю запрацуе інтэграваная сістэма фізічнай бяспекі, ва ўсіх карпусах і ў інтэрнатах, калі ўсё адладзім – мне здаецца, усе будуць задаволены.
Разумна, мякка, па-ўніверсітэцку
Начальнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Юрый ВАРАТНІЦКІ:
– ЦІТ адказвае за тое, каб інтэграваць кантрольна-прапускную сістэму з наяўнай інфраструктурай, уключаючы пластыкавыя пасведчанні студэнтаў і супрацоўнікаў. У 2003 г. у нашых студэнтаў з’явіліся першыя ў краіне пластыкавыя студэнцкія білеты. Праз сем гадоў гэта стала агульным для ўсіх універсітэтаў краіны. Такі дакумент павінен быць шматфункцыянальным. Па замове міністэрства мы распрацоўваем новы прататып студэнцкага білета на базе банкаўскай карты, ён таксама зможа функцыянаваць у бібліятэках і кантрольна-прапускных сістэмах.
Проста так перакрыць БДУ нельга: тут праходзіць шмат масавых мерапрыемстваў – навуковыя канферэнцыі, школы юных, дзе займаюцца школьнікі, алімпіяды і інш. На некаторых мерапрыемствах шэраг наведнікаў немагчыма высветліць загадзя. На абарону дысертацый, напрыклад, мае права прайсці любы чалавек. Для такіх выпадкаў выпрацаваны адпаведны рэгламент прапускной сістэмы, і ён зроблены вельмі акуратна, каб не ствараць праблем для людзей. Напрыклад, як робяць на Курчатава, калі студэнт забыў і білет, і залікоўку: у супрацоўніка службы бяспекі ёсць доступ да базы дадзеных, ён уводзіць прозвішча няпамятлівага студэнта, бачыць фатаграфію, супастаўляе – і прапускае. Усё рашаецца разумна і мякка – я б сказаў, па-ўніверсітэцку.
Асноўная задача новаўвядзенняў – перапыніць наведванне карпусоў тымі асобамі, якія могуць прынесці шкоду, як фізічную, так і маральную. Аднойчы быў у мяне такі выпадак: затрымаўся на працы да сёмай-восьмай гадзіны ўвечары, і да мяне прыйшоў чалавек з просьбай адправіць факс у адміністрацыю Прэзідэнта з дапамогай камп’ютарнай мышкі. Ладны такі чалавек. Давялося званіць у службу бяспекі, прасіць зайсці – дапамагчы «факс адправіць». Мяне правільна зразумелі: прыйшлі два дужыя супрацоўнікі, «дапамаглі». Але адчуванні, прызнацца, былі не вельмі прыемныя, калі з табой сам-насам у пакоі сапраўдны псіх.
Ветлівае жалеза
Аператыўны дзяжурны Аляксандр ПЕТРАШКЕВІЧ, галоўны корпус БДУ:
– Турнікеты, вядома, значна аблегчылі б нашу штодзённую працу. Калі патрабуеш паказаць дакументы, то сутыкаешся з рознымі эмацыйнымі рэакцыямі, усялякае можна пачуць. Асабліва абураецца старэйшае пакаленне – маўляў, я тут ледзь не нарадзіўся і вырас у БДУ, а раптам вы, ахоўнікі-вартаўнікі, намаляваліся і пропуск патрабуеце… З «жалезам» усё атрымалася б ветлівей.
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ
Фота Генадзя Краскоўскага і Васіля Кузьмічкіна