Фізікі БДУ працягнуць працу ў ЦЕРН

2 Feb, 2017.

Беларускія інжынеры і даследчыкі ў ЦЕРН

У Навукова-даследчым інстытуце ядзерных праблем БДУ завяршыў працу семінар «LHC Days in Belarus 2017».

На гэтым навуковым форуме падводзілі колькасныя і якасныя вынікі працы беларускіх навукоўцаў у эксперыментах на Вялікім адронным калайдары (ВАК) у Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў (ЦЕРН, Швейцарыя). У ім прынялі ўдзел больш за 30 навукоўцаў з НДІ ЯП, ЦЕРН, Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (АІЯД, г. Дубна, Расія), вядучыя супрацоўнікі беларускіх навуковых арганізацый у галіне фізікі высокіх энергій. Таксама ў БДУ былі запрошаны афіцыйныя прадстаўнікі сектара міжнародных адносін ЦЕРН прафесары Крыстоф Шэфер і Та­дэвуш Куртыка.

Выступленне заг. лабараторыяй праблем ядзернай фізікі і бяспекі ДНУ «АДЭЯД — Сосны» НАН Беларусі прафесар В. І. Кувшынаў

Падчас форуму былі прадстаў­лены 22 даклады, у якіх падрабязна разгледжаны апошнія дасягненні беларускіх навукоўцаў, атрыманыя ў рамках міжнародных калабарацый CMS і ATLAS. Навукоўцы абмеркавалі шырокае кола пытанняў удзелу навукова-даследчых арга­нізацый нашай краіны ў экспе­рыментах на ВАК. У прыватнасці, агаворваліся ўмовы ўдзелу навукоўцаў НДІ ЯП БДУ ў эксперыментальным праекце UA9 і падпісанне ў найбліжэйшай перспектыве адпаведнага мемарандума.

Юрый Курачкін

Загадчык лабараторыі тэарэ­тычнай фізікі Інстытута фізікі НАН Беларусі Юрый Курачкін падрых­таваў падрабязны аналіз і прэзентацыю, дзе высока ацаніў прафесіяналізм беларускіх навукоў­цаў. Гэта абумоўлена наяўнасцю навуковай школы фізікаў – спецыялістаў у галіне фізікі элементарных часціц, дзяржаўнай фінансавай  падтрымкай навуковых даследаванняў у рамках адпаведных дзяржаўных навукова-даследчых праграм і праектаў.

«Сёння беларускія фізікі паўнапраўна ўдзельнічаюць і ў міжнародных праектах», – адз­на­чыў Курачкін. Супрацоўнікі Цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій НДІ ЯП БДУ таксама зрабілі істотны ўнёсак у стварэнне вузлоў і дэталяў дэтэктара ATLAS. Дарэчы, гэты апарат складаецца з кампактнага ўнутранага дэтэктара, у якім ад­сочваюцца траекторыі часціц, за ім ідуць каларыметры, якія вымяра­юць іх энергію, а звонку размешчаны мюонныя дэтэктары. Самая ўражлівая характарыстыка ATLAS – гэта яго памер. Нават па сучасных мерках гэта велізарны дэтэктар. Яго даўжыня складае 43 метры, а дыяметр – 22 метры. Зрэшты, дзякуючы досыць ажурнай канструкцыі поўная вага дэтэктара не такая вялікая, як у CMS, – усяго 7 тысяч тон.

 

Выступленне прафесара А. А. Панкова (ГДТУ ім П.В.Сухога, Гомель)

Падчас працы семінара адбы­ліся сустрэчы афіцыйных прадстаўнікоў сектара міжнародных ад­носін ЦЕРН з першым прарэктарам БДУ акадэмікам Алегам Івашкевічам, прарэктарам па навуковай  рабоце БДУ Васілём Сафонавым, намеснікам старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргеем Кіліным.

Выступленне заг. лабараторыяй фундаментальных узаемадзеянняў НДІ ЯП БДУ Х. Г. Суарэса

На семінары было прынята рашэнне пра штогадовае правядзенне семінараў «LHC Days in Belarus» у БДУ з удзелам навукоўцаў ВНУ і інстытутаў НАН Беларусі, а таксама прадстаўнікоў ЦЕРН і АІЯД.
 

ЦЕРН – навуковы цэнтр, агульнаеўрапейскія лабараторыі ядзерных даследаванняў у Швейцарыі. Заснаваны ў 1954 годзе як міжурадавая арганізацыя. Гэта галоўны цэнтр па вывучэнні фізікі элементарных часціц у Еўропе. Вялікі адронны калайдар – найбуйнейшая ў свеце паскаральная ўстаноўка. У 2012 годзе спецыялісты арганізацыі паведамілі пра адкрыццё часціцы з уласцівасцямі базона Хігса. Пасля правядзення эксперыментаў калайдар быў спынены 14 лютага 2013 года і запушчаны ў 2015 пасля мадэрнізацыі. У наш час у ЦЕРН налічваецца 20 пастаянных членаў і тры (разам з Украінай) – асацыяваныя. Навуковая, адукацыйная і кадравая палітыка, а таксама яго фінансаванне вызначаецца пастаяннымі і асацыяванымі членамі. Да працы прыцягнута каля 3 тысяч чалавек.

Жанна ВАСАНСКАЯ

 

 
print

Вам таксама можа спадабацца: