Свята закаханых любімы ўніверсітэт сустрэў вельмі маштабна. У холе галоўнага корпуса было размешчана шмат пляцовак, дзе кожны мог знайсці занятак на свой густ, а можа, і… сваё каханне, калі яно дагэтуль недзе блукала.
Куды вядзе сапраўднае каханне? Кагосьці, можа, і на край зямлі, але лепш, каб у загс. Адчуць сябе сапраўдным жаніхом і нявестай, “зарэгістраваць” шлюб і атрымаць яго жартаўлівае пасведчанне падчас свята студэнтам дапамагала Кацярына Кавалёва. Шаноўную “пасаду” на мерапрыемстве дзяўчына займала другі год, таму з усмешкай прызналася: “Да нас звяртаюцца не толькі сапраўдныя пары, але і тыя маладыя людзі, якія пазнаёміліся на свяце. Прыемна ведаць, што наш “загс” дапамагае некаторым студэнтам знайсці сваю другую палову. Мне радасна, што я прымаю ўдзел у добрай справе, якая робіць людзей шчаслівейшымі”. Дарэчы, сярод гасцей гэтая пляцоўка карыстаецца вялікай папулярнасцю. Бывала, што падчас свята шлюб “рэгістравалі” каля 50 пар.
Калі шлюб яшчэ вельмі далёка ды каханне ўсё гуляе ў хованкі, то на свяце вас чакалі дзве “варажбіткі”, якія з дапамогай картаў і свечак абяцалі расказаць будучае. Іх незвычайныя ўборы ўзмацнялі дух таямнічасці, таму вельмі хацелася верыць прадказанням, у якіх было толькі добрае. Гэта пацвердзіла студэнтка Аляксандра Маскаленка: па словах “варажбітак”, у будучым яе чакаюць цудоўная работа, мноства падарожжаў і шчасце з каханым чалавекам.
З прыемнымі навінамі завітала на свята і начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Наталля Капацэвіч. Яна расказала прытчу пра вялікае і высокае пачуццё, а таксама ўручыла падарункі пераможцам конкурсу малюнкаў “Каханне – гэта…”. З дапамогай алоўкаў, фарбаў, каляровых крэйдаў студэнты БДУ падзяліліся тым, што для іх значыць слова “каханне”. Дакладнага вызначэння дагэтуль не існуе, а што нельга выказаць словамі, можна перадаць праз вобраз. Другое месца падзялілі студэнткі ДІКСТ БДУ Вольга Краўчанка і Маргарыта Ставер. Пераможцам конкурсу стаў таксама прадстаўнік ДІКСТ Ілья Чычын. Малюнкі ўсіх удзельнікаў былі прадстаўлены на выставе, размешчанай у холе галоўнага корпуса.
Таксама свята падаравала магчымасць паглядзець, як малююць прафесіяналы, ды яшчэ на вашай скуры! Ахвотнікі дапоўніць свой вобраз маглі парадаваць сябе часовай татуіроўкай хной. Напрыклад, студэнтка Дар’я Мядвецкая вырашыла не адмаўляцца ад такого выдатнага шанцу, упрыгожыўшы кісці рук незвычайным малюнкам.
Здзівіць свайго адрасата нестандартнай валянцінкай вам дапамагла б супрацоўніца фундаментальнай бібліятэкі БДУ Ганна Міхнюк. Яна з задавальненнем дэманстравала, як лёгка з дапамогай тэхнікі арыгамі можна атрымать цудоўныя пасланні ў выглядзе сэрца. Таксама арганізацыя прэзентавала выставу кніг пра каханне.
У межах свята БРСМ БДУ ажыццявіў шматгранную акцыю “За любімую Беларусь!”. Пра пляцоўкі, прадстаўленыя ў холе галоўнага корпуса саюзам, расказаў сакратар БРСМ БДУ Канстанцін Андрусевіч:
– Студэнты могуць паўдзельнічаць у майстар-класе па мадэляванні гальштукаў-матылькоў з выкарыстаннем папулярных стужачак з нацыянальным арнаментам. Праз нашу пошту “ВалянцінкаBSU” ёсць магчымасць адаслаць паштоўку ў выглядзе сэрца рэктару, любімаму выкладчыку ці проста прызнацца ў любові свайму дарагому ўніверсітэту! Таксама прапануем студэнтам праявіць фантазію і з дапамогай ватмана, стылізаваных валянцінак, фламастараў разам папрацаваць над стварэннем вялікага сэрца Беларусі. Пра тое, што гэтае свята яны правялі разам з БРСМ і любімым універсітэтам, будуць нагадваць пазітыўныя фотаздымкі, анлайн-друк якіх ажыццяўляецца падчас мерапрыемства праз PhotoBox.
Акрамя мноства займальных пляцовак, для прысутных былі падрыхтаваны гульні, музычныя выступленні, а таксама прагучалі душэўныя вершы пра каханне ў выкананні аўтара Сяргея Кажадуба. Добры настрой перадаваўся ад пацешных мімаў, анёлаў і купідонаў, якія кружылі сярод гасцей падчас свята ўсіх закаханых. Хто ведае, можа, гарэза-купідон пусціў у той дзень стралу і ў ваша сэрца, калі яно было адзінокім?
Дар’я НІКАНЧУК
Вiдэа тут