У нядзелю на 24-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставе адбылася прэзентацыя першага на Беларусі “Даведніка па літаратурнай праўцы” – настольнай кнігі для рэдактараў, якія працуюць з беларускім словам. Дваццаць гадоў над ёй працаваў дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Iнстытута журналiстыкi БДУ Пятро Жаўняровiч. Падтрымаць Пятра Пятровіча, выкладчыка, рэдактара і перакладчыка, прыйшлі студэнты і калегі.
Беларускі Разенталь
“Даведнік” – першае ў Беларусі выданне (аналагаў яму няма), у якім абагульнены рэдактарскі досвед працы з беларускамоўнымі тэкстамі розных стыляў: ад афіцыйна-справавога да мастацкага. Ён прызначаецца выдаўцам і рэдактарам, настаўнікам і выкладчыкам, школьнікам і студэнтам, усім, хто цікавіцца пытаннямі ўнармавання і праўкі беларускамоўных тэкстаў. Як зазначыў на прэзентацыі прафесар кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Віктар Іўчанкаў, пад чыёй навуковай рэдакцыяй выйшла кніга, гэта знамянальная падзея для беларускасці, для нашай краіны і ўвогуле для такой практычнай навукі, як рэдагаванне. Чаму так сталася, што ў Беларусі не было яшчэ ніводнага падобнага выдання? На гэты конт доктар філалагічных навук прачытаў цэлую лекцыю. Нават настальгія ўзяла па студэнцкім часе.
– Усе мы ведаем Разенталя Дзітмара Эльяшэвіча, які ў Расіі, для Савецкага Саюза, увогуле для постсавецкай культуры, зрабіў самае патрэбнае для таго часу, для ХХ стагоддзя. Ведаем яго даведнікі па літаратурнай праўцы, па рэдагаванні, якім карысталіся шмат пакаленняў студэнтаў, філолагаў. Разенталь жыў у іншыя часы, тады нарматворчасць, увогуле, такі нармалізатарскі дух, проста лунаў у паветры. Таму што ў тыя часы на радыё, на тэлебачанні і ўвогуле ў культуры афіцыйнай камунікацыі вельмі цанілася правільнае слова: дзе пастаўлены націск, якая форма ўжыта. Аўтарытэт Разенталя і на сёння яшчэ не пераўзыдзены. Дык вось можна сказаць, што такім своеасаблівым Разенталем у Беларусі становіцца Пятро Пятровіч, але ўжо ў іншым напрамку.
Пасля Віктар Іванавіч распавёў пра імператыўнасць і дыспазітыўнасць нормы. Дарэчы, на гэты конт напісана ўступнае слова ў “Даведніку”.
– Сёння існуе імператыўнасць, але строгая абавязковасць нормы мала каму, на вялікі жаль, патрэбная. І, шчыра сказаць, на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Раней пісьмовая форма, тое, што было напісана пісьмом, мела нейкую кананічнасць. На сёння норма мае іншы характар. Яна дыспазітыўная. Напрыклад, Пятро Пятровіч настаяў, каб у яго даведніку (які таксама з цягам часу, з перавыданнямі, стане кананічным) словы тыпу асаблівасці, уласцівасці пісаліся ў родным склоне множнага ліку з канчаткамі -аў, -яў. Гэта аўтарская праўка. Зразумела, калі б гэта быў Разенталь, ён ніяк бы не дазволіў такую дыспазітыўнасць. Але я звяртаю вашую ўвагу на тое, што ўсё ж такі гэта першае выданне. Пройдуць гады, а то можа і дзесяцігоддзі. І ўсё стане на свае месцы: асаблівасцей ці асаблівасцяў. […] Я дапускаю, што ў гэтым даведніку могуць быць некаторыя спрэчныя моманты, іншыя погляды. Узяць той факт, што ў 2008 годзе прыняты Закон аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. З 2010 года ён дзейнічае. У гэтым законе і ў тым зводзе правіл, якія замацаваны гэтым законам, сёння ёсць спрэчныя моманты. Я вельмі спадзяюся, што час расставіць усё на свае месцы.
Літаратуры па арфаграфіі, якая атрымала новую рэдакцыю, ужо шмат. Але ў даведніку штрыхамі пазначана тое, што ў зводзе правіл 2010 года не зафіксавана, зрабіў першы рэкламны крок даведніка прафесар.
Рэдактар не майстар, а мастак
Пасля слова ўзяў аўтар, распавёў пра “Даведнік”, які складаецца з шасці частак: арфаграфічны, пунктуацыйны, лексічны, марфалагічны, сінтаксічны, тэхнічны ўзроўні.
– Праца рэдактара, безумоўна, творчая. Я б сказаў, што гэта нават не майстэрства, а мастацтва. Рэдактару пастаянна даводзіцца знаходзіць выхад са складаных становішчаў. […] Скажу словы, якія ёсць у артыкуле Уладзіміра Караткевіча “Родная мова”: “Гэта спявучы інструмент”. Рэдактар чытае гэтую фразу і думае: слоўнік падае толькі “пявучы”. Але разгортваю тлумачальны слоўнік: “спявучы” – меладычны, які падобны да спеву”. На погляд Караткевіча, гэтае слова больш характэрнае для беларускай мовы. Выбар павінен быць на карысць аўтара. Зноў выпадак з артыкула Караткевіча наконт перакладу: “Ці павінен паэт, які перакладае, памерці ў тым, каго ён перакладае?” Ці павінен рэдактар, які рэдагуе, памерці ў тым, каго рэдагуе? Ён павінен, з аднаго боку, не памерці і – з другога – праявіць прынцыповасць, калі патрабуе тэкст. Таму што вынік – гэта тое, як успрыме тэкст чытач. Мы ўсё робім для таго, каб наша мова жыла.
Мова – жывая істота, пісаў Кузьма Чорны. І, безумоўна, як да жывой істоты да слова, тэксту, мовы трэба ставіцца. Трэба ставіцца да мовы як да скарбніцы ХХI стагоддзя, якую трэба пастаянна папаўняць і не збядняць.
Пятро Пятровіч працытаваў пасляслоўе: разуменне таго, што ўсё робіцца на карысць слова, што любы ўнёсак да яго росквіту дапушчальны, дазваляе спадзявацца на прыязнае стаўленне да гэтага даведніка. Трэба адзначыць, што ў даведніку ў якасці прыкладаў выкарыстаны прыклады больш чым шасцісот аўтараў, каб паказаць усю разнастайнасць існавання мовы ад Дуніна-Марцінкевіча да сённяшніх маладых аўтараў. Таму імкненне пашырыць розныя адносіны да пэўных словаў і выразаў таксама адлюстраваліся ў гэтым даведніку.
Дастаеўскі загучыць па-беларуску
Пасля слова зноў узяў Віктар Іўчанкаў, узгадаў пра збор твораў Уладзіміра Караткевіча, у 12, 13, 14 тамах якога тэксты падрыхтаваны Пятром Жаўняровічам. Дарэчы, пляменніца Караткевіча Алена Сінкевіч прысутнічала на прэзентацыі, таму можна ўпэўніцца, што праца вельмі шчыльная. Раней Пятро Жаўняровіч пераклаў на рускую мову раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
– Імкненне паказаць магчымасці беларускага слова прымусілі мяне пасля доўгіх разваг заняцца перакладам рамана Дастаеўскага “Браты Карамазавы” на беларускую мову. Не з-за таго, што людзі пачнуць яго чытаць, таму што чытаць твор трэба ў арыгінале, але таму, як гэта гучыць па-беларуску, – распавёў Пятро Пятровіч. – Шмат было момантаў, якія з дапамогай слоўнікаў перакласці было немагчыма, бо гэта Дастаеўскі. Сёння выдаць гэты тэкст у папяровым выглядзе ў Беларусі немагчыма, таму я пайшоў на тое, каб выдаць электронную кнігу, якая з’явіцца ў гэтым месяцы ў выдавецтве Янушкевіча.
“Даведнік па літаратурнай праўцы” выдала выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” (філіял кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Iнстытута журналiстыкi БДУ), хутка ён з’явіцца ў кнігарнях. Усе, хто яго набудзе, па словах прадстаўніцы выдавецтва, будуць ім карыстацца, чытанне не лёгкае, чытанне з алоўкам, з закладкамі, з нейкай іншай літаратурай, са слоўнікамі, каб зверыцца і г. д. У кожнага аўтара, журналіста, пісьменніка гэта кніжка будзе самай надзённай, самай патрэбнай у паўсядзённай працы. Дарэчы, на сайце выдавецтва aiv.by можна замовіць даведнік ужо зараз. А 23 лютага ў бібліятэцы журфака адбудзецца яшчэ адна прэзентацыя для студэнтаў і выкладчыкаў, дзе таксама можна будзе набыць даведнік.
Наталля КУДРАШОВА
Відэа: