Падчас сустрэч з выпускнікамі, што дарыць люты, завітала да Анатоля Бензерука, якім па праву могуць ганарыцца і Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, і БДУ. Ён аўтар дзевяці кніг, у якіх раскрываецца не толькі пісьменніцкі талент, але і вялікая цікавасць і любоў да гісторыі. Таксама Анатоль Расціслававіч праслаўляе і журналісцкую справу: з 2009 года працуе ў раённай газеце Жабінкаўшчыны “Сельская праўда”.
– Найперш вы абралі шлях гісторыка, а не журналіста. Чаму?
– Я заўжды любіў гісторыю, цікавіўся ёй. Памятаю, як яшчэ ў дзявятым класе прачытаў і ледзь ад рукі не перапісаў падручнік па гісторыі сярэдніх вякоў, які выкладаюць на гістфаку. Дарэчы, у мяне было два выбары, дзве мары, якія ўжо абедзве здзейсніліся. Па-першае, я хацеў стаць гісторыкам, па-другое, журналістам. Спачатку пайшоў па першаму шляху, таму што патрапіў у самы сапраўдны гістарычны беларускі горад Гродна. А там нават той, хто да гісторыі ставіцца абыякава, не можа не закахацца ў яе. Гісторыя на самой справе вучыць і дапамагае жыць далей.
– Што памятаецца з тых юнацкіх гадоў, праведзеных у Гродна?
– У Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы паступіў у 1986 годзе, адразу пасля заканчэння Азяцкай сярэдняй школы Жабінкаўскага раёна. Вучыўся даволі доўга, шэсць гадоў, таму што ў той час студэнтаў бралі ў войска. Таму адразу пасля першага курса пайшоў у армію. Дазволілі здаць летнюю сесію і павезлі далёка ад дома, у Казахстан, у той закрыты горад, якога не было нават на картах. Ён зваўся Ленінск, цяпер гэта знакаміты Байканур. Там і давялося служыць два гады. Спачатку ніхто не расказваў, куды нас вязуць. Час быў неспакойны, яшчэ заставалася два гады да вываду войск з Афганістана, таму ўсе бацькі жылі ў вялікім хваляванні: як бы сын не патрапіў на сапраўдную вайну. Да Масквы, як цяпер памятаю, везлі ў вагоне, і колькі мы не пыталіся, куды, ніхто не прызнаваўся. У Маскве падзялілі на дзве групы. Нашу накіравалі ў стэпы Казахстана, другая ж група на самалёце трапіла спачатку ў Ташкент, а затым у Афганістан. Такім чынам, гэта была латэрэя. Няпростая сустрэла служба, тым больш хлопца, які з большай ахвотай праводзіў час з кніжкамі. Цяжкім быў сам па сабе клімат. Ён моцна адрозніваўся ад нашага, таму і хваробы падступалі розныя. Усё ж адчуў сябе мацней, калі вярнуўся на радзіму з войска – армія робіць мужчынам.
– Пасля войска было цяжка ўліцца ў вучобу і прадоўжыць навучанне?
– Пачынаўся ліпень 1989 года, калі бацькі расказалі, што мой выкладчык Міхась Ткачоў набірае групу, каб везці на практыку ў Браслаў на раскопкі старажытнага гарадзішча. Дарэчы, Міхаіл Аляксандравіч – знакаміты прафесар, які займаўся вывучэннем старажытных замкаў Беларусі, які пазней узначаліў выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”. Мне вельмі пашчасціла на выкладчыкаў. Акрамя Міхася Ткачова, значны след у маім жыцці пакінуў вядомы гісторык Барыс Клейн. Ён цікавіўся асобай Касцюші, з-пад яго пяра выйшла самая першая ў Беларусі кніга, прысвечаная знакамітаму генералу, звязанаму лёсам з нашай Жабінкаўшчынай. Барыс Самуілавіч быў вельмі строгі і патрабавальны, студэнты баяліся яго, але разам з тым вельмі паважалі. Памятаю, як стала вядома, што ён пакідае Беларусь і з’язджае да сына ў ЗША, нашы хлопцы сарваліся з заняткаў і пабеглі купіць цэлы ахапак кветак. Зайшлі з ёй у аўдыторыю, і тады я ўпершыню пабачыў, як гэты чалавек, што падаваўся на занятках краменем, расчуліўся і заплакаў ад удзячнасці.
– Гэта было ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Для Беларусі настаў незвычайны час. Што адчувалі вы, маладыя?
– Так, вучоба прыйшлася на пераломны момант, калі стваралася незалежная Беларусь. Адносіны да беларускасці былі вельмі прыхільныя: узнікла цікавасць да мовы, літаратуры, айчыннай гісторыі. Фактычна тады мы ўпершыню адкрывалі для сябе тое, што было схавана за смугою часу. Скажу нават, што так, як чыталі выданні па гісторыі Беларусі тады, цяпер і блізка не чытаюць, хоць зараз магчымасці значна большыя. Калі выходзілі кнігі, якія распавядалі сапраўдную гісторыю нашай краіны, то яны разбіраліся, як нейкія гарачыя піражкі. Куплялі іх не толькі студэнты-гісторыкі, а ўсе. Вельмі хацелася даведацца, як жа ўсё было ў нас на самой справе. За часы арміі жыў далёка ад радзімы, лічыце, цалкам адрэзаным ад цывільнага свету. Гэтак і атрымалася, у 1987-ым выехаў з адной краіны, а праз два гады вярнуўся зусім у іншую. Было адчувальна – незалежнасць Беларусі не за гарамі.
– Якой у той час бачылася вам уласная будучыня?
– Пасля трэцяга курса я перавёўся на завочнае аддзяленне. Вырашыў, што трэба працаваць, зарабляць нейкія грошы, а не сядзець на шыі ў бацькоў. Уладкаваўся настаўнікам гісторыі ў Якаўчыцкую сярэднюю школу Жабінкаўскага раёна, дзе адпрацаваў сем гадоў. Той час настаўніцтва вельмі адрозніваўся ад сённяшняга. Матэрыяльна-тэхнічная база школ была значна бяднейшая, падручнікаў, асабліва па гісторыі, не хапала, і настаўнікі, рыхтуючыся да ўрокаў, самастойна шукалі вялікую колькасць матэрыялаў па газетах, часопісах, даводзілася нават канспекты пісаць разам са школьнікамі, самастойна маляваць карты! Гэта стала падвіжкаю, каб ў 1996 годзе напісаць кніжку па краязнаўству “Наш край – Жабінкаўшчына”. Гэты дапаможнік быў вельмі запатрабаваны, выдадзены накладам у 2000 экзэмпляраў. Ведаю, што і цяпер настаўнікі карыстаюцца ім на занятках. У 1997-м паўдзельнічаў у конкурсе “Настаўнік года”, увайшоў у фінал раённага спаборніцтва, а напрыканцы года, калі ў Беларусі праходзіў першы з’езд настаўнікаў краіны, педагагічная сябрына Жабінкаўшчыны абрала мяне дэлегатам.
– Чым займаліся, калі занялі цікавую пасаду спецыяліста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны?
– У 1998 годзе мне прапанавалі заняць новую пасаду спецыяліста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. З прапановай патэлефанавала мне тагачасны намеснік старшыні райвыканкама Святлана Іванаўна Майсейчык. Дагэтуль удзячны ёй за аказаны давер. Целае дзесяцігоддзе прысвяціў пачэснай справе аховы нашай даўніны. Помнікі, якіх больш за сем дзясяткаў на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна, цікавілі мяне сваім мінулым і сучасным станам, нямала паспелі зрабіць, каб яны не разбураліся, у час рамантаваліся, узводзіліся новыя памяткі нашай гісторыі.
– Як так атрымалася, што ў вашым насычаным жыцці знайшлося яшчэ месца і для журналістыкі?
– У канцы 2008-га ўсё ж такі захацелася здзейсніць і другую юнацкую мару. Падалося, у краязнаўчай справе нейкія вяршыні ўжо дасягнуты, хацелася змяніць месца працы. На працягу многіх гадоў нярэдка публікаваўся ў раённай газеце “Сельская праўда”, у абласных, рэспубліканскіх выданнях. Жадаў далучыцца да журналістыкі. За некалькі тыдняў да таго, як перайшоў на працу ў рэдакцыю, выпадкова трапіў на сайт БДУ, дзе абвяшчалася пра першы набор на факультэт перападрыхтоўкі, які ажыцяўляецца на базе першай вышэйшай адукацыі. Нядоўга думаючы, патэлефанаваў, і ў красавіку 2009 года для мяне адчыніліся дзверы Інстытута журналістыкі БДУ. У выніку атрымаў не толькі дыплом, але й шматлікіх сяброў і ўвогуле пазнаёміўся са многімі цікавымі людзьмі.
– Ведаю, што яшчэ настаўнікам вы не толькі спрабавалі свае журналісцкія здольнасці на старонках газет, але і на тэлебачанні. Як гэта адбывалася?
– Яшчэ ў 1996-1997 гады я задумаў і ажыццявіў на брэсцкім абласным тэлебачанні праект, прысвечаны гісторыі Брэстчыны. Тады ў модзе былі прамыя эфіры. Адрэналін гэта, канечне, выклікала неверагодны, калі ты сам насам з уключанай тэлекамерай. На мой погляд, гэта быў цікавы праект, які і цяпер часам згадваюць тыя, хто працаваў тады на тэлестудыі. Усведамленне таго, што можна ўсё перарваць, перазапісаць, падманліва ўздзейнічае на чалавека, прынамсі, на мяне. Быццам бы можна штосьці паправіць. Калі папраўляеш, становіцца яшчэ горш. У прамым эфіры я адчуваў сябе як птушка ў паветры, калі яго стала менш, а пасля зусім зніклі з тэлебачання прамыя эфіры, я з гэтай справай развітаўся. Усведамляю, гэта была вялікая школа, адна з самых цікавых і карысных.
– Што любіце ўспамінаць з часоў навучання ў БДУ?
– У нас была найвыдатнейшая група. Амаль з трох дзясяткаў выпускнікоў першага набору факультэта перападрыхтоўкі чырвоны дыплом атрымалі тры чалавекі, усе з нашай групы. З некаторымі да гэтага часу падтрымліваю моцныя стасункі. Сярод нас не было выпадковых людзей, амаль усе працавалі ў СМІ і ведалі, для чаго прыйшлі ў інстытут. З выкладчыкаў запомніліся заняткі Ганны Басавай, Віктара Іўчанкава, Алега Слукі, які быў маім навуковым кіраўніком, а таксама фотамайстэрства з Віктарам Шымоліным. Ад Уладзіміра Касько пачуў цікавае і нестандартнае словазлучэнне, якое мне вельмі падабаецца і зараз, – практыкуючы журналіст. Мы звыкла ўжываем у жыцці, напрыклад, “практыкуючы ўрач”, а разам са словам “журналіст” гэта гучыць неардынарна. Таксама помніцца сустрэча са шведскім журналістам Эрыкам Фіхцеліусам, калі на базе Інстытута журналістыкі БДУ ладзілася прэзентацыя ягонай кнігі “Дзесяць запаведзяў журналістыкі”.
– Як зараз балансаванне паміж светам гісторыі і журналістыкі ўплывае на вас як карэспандэнта раённай газеты Жабінкаўшчыны?
– На мой погляд, сапраўдная журналісцкая адукацыя павінна быць усё ж такі другой. Спачатку чалавек павінен дасягнуць нечага ў пэўнай спецыяльнасці, асвоіцца ў гэтым свеце, набыць жыццёвы вопыт, а ўжо пасля гэтага “дарослымі” вачыма зірнуць на тое, што адбываецца навокал. Гэты позірк для журналіста вельмі важны. Я не супраць таго, каб паступалі на журналістыку адразу пасля школы, але ўсё ж вопыт, набыты папярэдне, для карэспандэнта надзвычай карысны і патрэбны ў ягонай справе. Пісьменнік, гісторык, журналіст – менавіта ў гэтых трох іпастасях, перыядычна мяняючы іх парадак, я і выступаю. Гэта тры галоўныя мае прысутнасці на гэтым белым свеце.
– Вы сябра двух творчых саюзаў, пісьменніцкага і журналісцкага. Якія яшчэ кнігі, акрамя “Наш край – Жабінкаўшчына”, выйшлі з-пад вашага пяра?
– Стаў адным з аўтараў гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Жабінкаўскі раён», выдадзенай у 1999 годзе. У 2002-м свет пабачыла яшчэ адна кніга краязнаўчага накірунку «Памяць нашае зямлі». Адразу дзве кніжкі, вельмі запатрабаваныя чытачамі выйшлі ў свет у 2006 годзе: «Касцюшкі-Сяхновіцкія», прысвечаныя радаводнаму дрэву Тадэвуша Касцюшкі, і “Калодзеж памяці” пра гісторыю цікавага настаўніцкага роду Ласёў. Праз год была надрукавана кніга, якая мела вялікі розгалас: «Крупчыцы. 1794 год: Падзеі і памяць роднай гісторыі». Ёю карыстаюцца гісторыкі і краязнаўцы не толькі Беларусі, але й замежжа, пра што сведчаць лісты, якія прыходзяць з розных бакоў. Вялікім попытам, асабліва ў нашай раённай бібліятэцы, карыстаецца кніга “Сорак дарог”. Яна выйшла таксама ў 2007-м да абласных “Дажынак”, што ладзіліся ў Жабінцы. Многія госці пазнаёміліся са знакамітымі нараджэнцамі нашага краю менавіта праз гэтую кнігу. Яшчэ прыгадаю два выданні: “Свята для сэрца” (2009) і «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля» (2012) – кнігі, якія прынеслі мне асаблівае задавальненне. Яны былі напісаныя ад душы і для душы. Пісалася вельмі хутка, з любоўю да юных чытачоў. Былі надрукаваныя ў сталічных выдавецтвах і разышліся па ўсёй Беларусі. Задумы ёсць і надалей, можа, з цягам часу яны ажыцяўляцца. Заўжды існуюць цікавыя тэмы, якія трэба распрацоўваць. Здаецца, што журналісцкая справа ад пісьменніцкай амаль не адрозніваецца. Быццам бы яны падобныя, у абедзвюх пануе натхненне. Любая творчасць настойваецца на натхненні. Аднак, калі да пісьменніка капрызная муза не прыходзіць – спазнілася ці недзе заблудзілася, – то ён спакойна недапісанае можа адкласці і забыцца да таго часу, пакуль яна не вернецца. У журналіста такой раскошы няма: газетныя палосы чакаюць тваёй працы штодня.
– Можна з упэўненасцю сказаць, што свае рознабаковыя і цікавыя тры місіі – гісторыка, пісьменніка, журналіста – вы выканалі і працягваеце выконваць на самым высокім узроўні. Ці сустрэлі вы шчасце на гэтым шляху?
– Ёсць такі выраз: шчасце патрабуе цішыні. Вось і мне не хочацца словамі, якія ўсё роўна не выкажуць ўсёй глыбіні думак, паказваць, што шчаслівы. Найбольшае шчасце ў тым, што маю цудоўных бацькоў і добрую сям’ю, у якой разам з жонкай Аленай гадуем двух сыноў Кірыла і Генадзя ды “лапачку-дачку” Лізавету. Журналістыка і пісьменства – гэта прыходзячае. Калі нават больш нічога добрага і выдатнага не напішацца, не буду вельмі з-за гэтага хвалявацца. Галоўнае, каб здаровымі і радаснымі заставаліся блізкія мне людзі.
Гутарыла Дар’я НІКАНЧУК