Многія супрацоўнікі нашага ўніверсітэта з нецярпеннем чакаюць канца студзеня, калі яны могуць з эмацыйным уздымам і сапраўднай спартыўным імпэтам, ды яшчэ ў добрай хвацкай кампаніі паўдзельнічаць у традыцыйнай спартакіядзе “Здароўе” на базе гасціннага САК “Брыганціна”.
27 студзеня пасля працоўнай фазы пятніцы ўсіх аматараў актыўнага адпачынку чакаў камфартабельны аўтобус, каб з максімальнымі выгодамі даставіць іх да месца прызначэння. Супрацоўнікі з задавальненнем скарысталіся прадстаўленым прафсаюзным камітэтам транспартам, бо апроч вялікага багажу (на ўсе выпадкі жыцця) захапілі з сабой кучу спартыўнага інвентару, у тым ліку і габарытнага (ну як зімою ды без лыжаў).
Капітаны камандаў удакладнілі наяўнасць сваіх асноўных спартсменаў, атрымалі адмашку намесніка старшыні прафкама Аляксандра Нікіценкі і далі старт насычанай праграме, разлічанай на два дні. Адразу пасля размяшчэння ў добра абагрэтых памяшканнях удзельнікаў спартакіяды чакала смачная вячэра і культурная праграма. Некаторыя энтузіясты прысвяцілі вольны вечар старанным трэніроўкам. Бо рэдка каму атрымліваецца выкраіць на гэта час у чарадзе працоўных будняў хоць пару разоў на год.
На наступны дзень на чароўна заснежаным стадыёне пад мяккі марозік адбылося афіцыйнае адкрыццё спартакіяды. Удзельнікам спаборніцтваў далі наказ на спартыўныя здзяйсненні рэктар БДУ Сяргей Абламейка і галоўны суддзя Васіль Амялюсік ад кафедры фізвыхавання і спорту. Падтрымаць сваіх актыўных калегаў, а заадно і праверыць сябе ў “баявых абставінах” прыбылі прарэктары і дэканы факультэтаў. Асабісты прыкладам натхнялі наш рэктар уласнай персонай, амаль усе яго намеснікі, дэканы філфака, геафака, ФРКТ і ФФСН, а таксама начальнікі галоўных упраўленняў.
Сёлета актывісты здаровага ладу жыцця традыцыйна выступалі ў шасці відах спорту: більярд, валейбол, настольны тэніс, лыжныя гонкі, плаванне і шахматы.
Першым стартам стала лыжная эстафета, у якой удзельнічала па чатыры чалавекі ад кожнай з трох каманд. Як заведзена, гонка была няпростая, але да перамогі ўпэўнена прыехала зборная факультэтаў у складзе Міхаіла Жураўкова, Вольгі Чупрыс, Святланы Наганавай і Валерыя Радкевіча. За імі фінішавала каманда рэктарата, якая троху апярэдзіла ГУН.
У шахматах даказалі свой клас намеснік дэкана ММФ Уладзімір Курсаў і дэкан геафака Мікалай Клебановіч, нягледзячы на тое, што ім супрацьстаялі рэктар Сяргей Абламейка і прарэктар Васіль Сафонаў.
Унікальная сітуацыя склалася ў більярдзе, у якім каманды паказалі абсалютна сіметрычныя вынікі і для выяўлення пераможцаў прыйшлося цягнуць жэрабя! У выніку такімі “шчасліўчыкамі” апынуліся Валерый Радкевіч (ВФ) і Юрый Шаўцоў (юрфак) са зборнай факультэтаў. Мікалаю Сурмачу і Дзмітрыю Мікулку ад каманды рэктарата “выпала” другое месца, а Руслану Папку і Віталю Кутавічусу (ГУН) дасталася трэцяе.
Затое ў настольным тэнісе сенсацыйную перамогу атрымала каманда ГУН, якую прадстаўлялі намеснік дырэктара ІБМТ Андрэем Зубаравым і рэдактарам газеты БДУ і па сумяшчальніцтве летапісцам дадзенай падзеі Сяргеем Шафаловічам, якая зрынула шматгадовых фаварытаў са зборнай факультэтаў – дэкана філфака Івана Ровду і Дзмітрыя Ушакова (ФРКТ).
Аднак каманда факультэтаў даказала сваю сілу ў валейболе і плаванні і першынствавала ў агульным заліку спартакіяды. Другой стала зборная “Рэктарат, галоўныя ўпраўленні, упраўленні” і трэцяй – “ГУН, НДУ, цэнтры і іншыя падраздзяленні”.
Цікавым новаўвядзеннем сёлета стаў пазаконкурсны турнір па дартсе, у якім з вялікім імпэтам прынялі ўдзел каля 40 чалавек. Спаборніцтвы праходзілі па сістэме “Вялікі раўнд”, пры якой кожны ўдзельнік кідае па тры дроцікі ў 20 сектараў, а таксама ў цэнтр – “вока быка”. Найлепшымі снайперамі сярод жанчын сталі Алена Коўшар з ФМА, Лілія Бярэйшык з гістфака і начальнік ГУБУФ Таццяна Каўшэвіч. У мужчын трапнымі стралкамі выявілі сябе Дзмітрый Ушакоў, Павел Балточка з ФМА і Сяргей Снегіроў (КФВС).
Па словах галоўнага суддзі Васіля Амялюсіка, у наступным годзе спаборніцтва троху зменіць свой фармат з прыярытэтам на масавасць і будзе праводзіцца пад дэвізам: “Не вынік – а рух!”.
Усяго ў спартакіядзе адміністрацыйна-кіраўнічага персаналу БДУ прынялі ўдзел каля 120 супрацоўнікаў. Арганізатарамі выступілі Пярвічная прафсаюзная арганізацыя працаўнікоў БДУ і кафедра фізічнага выхавання і спорту.
Фота Аляксандра Снапка
Яшчэ больш фота тут