Любіш сачыць за жыццём праз аб’ектыў камеры? Жадаеш, каб твой універсітэт даведаўся пра гэта? У цябе ёсць выдатная магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе фатаграфій і відэаролікаў “БДУ ў тваім фармаце”. На ўсе пытанні, якія могуць узнікнуць у навічкоў, адказала арганізатар праекта Марыя Баглай.
– Марыя, як ўзялі на сябе адказнасць стаць кіраўніком праекта? Цяжка сумяшчаць вучобу з такой няпростай справай?
– Я заўжды была актывісткай. На сваім біялагічным факультэце займаю пасаду старшыні студэнцкага саюза, а таксама кіраўніка куратарскай службы. У студсаюзе БДУ з’яўляюся намеснікам старшыні. Зараз вучуся на апошнім курсе, сумяшчаю вучобу і працу. Два гады таму як арганізатар уключылася ў “БДУ ў тваім фармаце”, кіраўніком конкурсу стала з гэтага навучальнага года. Мне падабаецца тое, чым я займаюся.
– Хто дапамагае вам у падрыхтоўцы да конкурсу?
– За ўсё адказвае невялікая каманда студсаюзаўцаў з розных факультэтаў БДУ. У гэтым годзе я асабліва ўдзячная за дапамогу і падтрымку Лізавеце Басалызе з філфака і Настассі Трэшчавай з біяфака. Заўжды вельмі адчувальны ўнёсак робіць упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю, асабліва фінансавы. Хачу сказаць вялікі дзякуй Рыгору Пасрэдніку і Наталлі Капацэвіч.
– Ці ёсць у конкурсу свае спонсары?
– Так, менавіта яны даюць падарункі для нашых пераможцаў. І, як адзначала вышэй, нас вельмі падтрымлівае УВРМ БДУ.
– Якія асноўныя мэты мае “БДУ ў тваім фармаце”?
– Вельмі важны і цікавы погляд студэнтаў на нашу альма-матар. У конкурсе прымаюць удзел зусім розныя навучэнцы: фатографы-аматары і тыя, хто займаецца гэтым прафесійна. Лічу, што “БДУ ў тваім фармаце” можа стаць тым добрым шанцам, праз які заўважаць твой талент і дапамогуць развіць яго.
– Наколькі зацікаўленыя студэнты ў гэтым конкурсе? Можа, ёсць пастаянныя ўдзельнікі?
– Зацікаўленасць вельмі радуе, мы атрымліваем шмат работ. Напрыклад, сёлета іх было больш за 500. Прыемна, што ёсць тыя, для каго ўдзел у гэтым конкурсе стаў сапраўднай традыцыяй. Заўжды радуюць сваімі творамі Настасся Суп, Аляксандр Лапуцько, Ілья Качан. Актыўнымі ўдзельнікамі з’яўляліся Юлія Ішмуратава і Аляксандр Шэлегаў, якія нядаўна скончылі вучобу ва ўніверсітэце і атрымалі дыплом.
– Сёлета ў конкурсе дазвалялася ўдзельнічаць выкладчыкам і адміністрацыі БДУ. Ці адгукнуліся яны на такое рашэнне?
– Скажу, што ініцыятыва пайшла ад іх, а мы з радасцю падтрымалі гэтае жаданне. Удзельнічалі выкладчыкі з розных факультэтаў, якія прафесійна займаюцца фатаграфіяй. Іх работы ацэньваліся асобна ад студэнцкіх.
– Якім чынам змяняюцца намінацыі конкурсу з году ў год?
– Кожны год мы прытрымліваемся пэўных намінацый, якія ўжо сталі вядомымі для студэнтаў, але ж дадаюцца і новыя. Гэта дазваляе пашырыць не толькі межы конкурсу, але і працоўную пляцоўку нашых удзельнікаў. Так, сёлета з’явілася намінацыя “Святло дабра”.
– Хто ацэньвае работы, якія дасылаюцца на конкурс?
– Журы прадстаўлена адміністрацыяй БДУ. Сёлета яго склад папоўніла выпускніца Інстытута журналістыкі і шматразовая пераможца “БДУ ў тваім фармаце” ў розных намінацыях Юлія Ішмуратава. Узначальвае журы прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Уладзімір Сувораў. У кожнай намінацыі выбіраюцца сем найлепшых работ, якія пасля размяркоўваюцца ў парадку змяншэння. Пасля гэтага мы вызначаем для іх месцы.
– Якая будучыня чакае “БДУ ў тваім фармаце”? Ці сустрэліся цяжкасці на шляху развіцця конкурсу?
– Конкурс расце і набірае абароты, з кожным годам ахвотнікаў паўдзельнічаць усё больш і больш. Ёсць адзін невялікі недахоп. Гэта малая запоўненасць залы падчас узнагароджання. Работ дасылаюць шмат, але іх аўтары чамусьці не заўсёды прыходзяць па свае падарункі, хоць усіх папярэджваем асабіста некалькі разоў. А тым, хто падымаецца на сцэну па ўзнагароду, думаю, было б прыемна ўбачыць у зале сваіх сяброў і знаёмых, якія прыйшлі падзяліць радасць перамогі.
– Што пажадаеце тым, хто яшчэ толькі плануе прыняць удзел у «БДУ ў тваім фармаце»?
– Хочацца пажадаць ім палёту творчай фантазіі, а таксама памятаць пра крытэрыі, якіх неабходна прытрымлівацца пры адпраўцы заявак. Кожны год мы чакаем іх у другой палове кастрычніка, таму яшчэ ёсць шмат часу, каб нарэшце адкінуць усе сумненні і праз свае работы падзяліцца ўнутраным светам і талентам з іншымі.
Гутарыла Дар’я НІКАНЧУК
Фота з цырымоніі ўзнагароджання глядзіце тут
Фота пераможцаў 2016 года: