Факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» было перададзена рэктару Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, падчас святкавання Дня праваслаўнай кнігі. На свяце адбылася і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу літаратурных і даследчых работ школьнікаў, прымеркаванага да 500-годдзя выдання Бібліі Францыскам Скарынам і праведзенага Інстытутам тэалогіі.
10 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы свята адбывалася з раніцы да вечара: у галерэі «Ракурс» высокіх гасцей і наведнікаў чакалі майстэрня па перапісванні кнігі, заняткі па каліграфіі, выстава беларускіх праваслаўных выдавецтваў, сустрэчы з аўтарамі духоўнай літаратуры і нават літаратурная кавярня з манастырскімі прысмакамі. Аздобай свята сталі выступленні ансамбля скрыпачоў «Сугучча» гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка і дзіцячага хору пры нядзельнай школе Свята-Елісавецінскага манастыра.
Дырэктар галоўнай бібліятэкі краіны прэзентаваў знакавае выданне, растлумачыўшы, чаму, што і для каго было зроблена.
З усяго свету па старонцы
Раман МАТУЛЬСКІ, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі:
– Першая кніга, надрукаваная беларусам для беларусаў, была кніга Свяшчэннага Пісання. Наш зямляк Францыск Скарына 500 гадоў таму зрабіў невыпадковы выбар з адной мэтай: каб Слова Божае яго землякі маглі чытаць на зразумелай ім мове. Выконваючы яго волю, яго дзеці – кнігі – разышліся па ўсім свеце.
Мы пачалі рыхтавацца да гэтага свята 10 гадоў таму і вырашылі спярша даведацца: а дзе ж кнігі Скарыны цяпер? Як высветлілася, не толькі ў Беларусі ці ў нашых найбліжэйшых суседзяў. Якраз у Беларусі іх апынулася вельмі мала. Такі лёс гэтай зямлі… Скарынаўскія кнігі раз’ехаліся па ўсім свеце, пераплылі мора і трапілі ў Англію, пераплылі акіян, каб дабрацца ў Злучаныя Штаты. Як бы вярнуць гэтыя кнігі на радзіму? Як даць магчымасць нашым сучаснікам прачытаць іх разам? Па старонцы з усяго свету, год за годам мы аднаўлялі гэту спадчыну – і сабралі 20 тамоў усіх друкаваных кніг Скарыны ў адным выданні.
Калі пачынаўся гэты праект, было шмат тых, хто сумняваўся ў яго паспяховасці, бо мэту мы сабе паставілі амаль немагчымую. Задавалі шмат пытанняў, і сярод іх было адно, якое паставіла мяне ў тупік: «А навошта?». Я, прызнаюся, разгубіўся і не адказаў, а пазней адказ знайшоўся, і вельмі просты: тое, што напісана ў Бібліі, тыя запаветы не састарэлі для нас і ніколі не састарэюць, колькі б стагоддзяў і тысячагоддзяў ні прайшло. На жаль, за тыя пяцьсот гадоў, якія прайшлі з выдання кніг Францыскам Скарынам, людзі не сталі значна лепшымі, і запаведзі «Не забі», «Не ўкрадзі», «Не сведчы лжыва» і іншыя – усё гэтак жа актуальныя. Выдаючы кнігу, мы хацелі нагадаць усім вярнуцца да гэтых вядомых запаведзяў.
Пачытаўшы прадмовы і каментарыі Скарыны, мы бачым, што ён выдаваў свае кнігі ў першую чаргу для моладзі – для тых, хто пачынае жыццё, выбірае арыенціры. Сімвалічна, што мы перадаем першую кнігу нашага шматтомнага факсімільнага выдання студэнтам.
Чалавек з вялікай літары
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі ПАВЕЛ, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, рэктар Інстытута тэалогіі імя Мяфодзія і Кірыла БДУ:
– Так, я таксама разгубіўся б, каб у мяне так спыталі: навошта такое выданне? У такіх выпадках звычайна кажу: хачу, каб і ў мяне былі такія кнігі, і не толькі ў мяне, але і ва ўсіх нас. Хачу, каб тое, што стваралася на нашай роднай зямлі нашымі землякамі, папярэднімі пакаленнямі, захоўвалася і прыносіла карысць. Бо, сапраўды, мы застаемся такімі самымі. Але, чытаючы гэту кнігу, мы павінны – закліканы – стаць лепшымі. Стаць дабрэйшымі, святымі. Стаць чалавекам з вялікай літары, богападобным. Якраз гэтая кніга будзе спрыяць працэсу богапрыпадабнення, удасканалення кожнага чалавека. Канечне, перадам гэту кнігу ў бібліятэку сваёй навучальнай установы, і мы станем у чаргу за наступнымі тамамі.
Цытаты («мя милостивый Бог с того языка на свет пустил»)
(Паводле выдання “Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ – першая палова ХVІІІ стагоддзя”)
…не толико докторове а люди вченые в них [сиих книгах] разумеють, но всякий человек простый и посполитый, чтучи их или слухаючи, можеть поразумети, что ест потребно к душному спасению его…<…> И тако младенцем и людем простым ест наука, учителом же и людем мудрым подивление. Яко река дивная мелка – по ней же агнець брести можеть, а глубока – слон убо пливати мусить. В сей книзе всее прироженое мудрости зачало и конець; Бог вседержитель познаван бываеть. В сей книзе вси законы и права, ими же люде на земли справоватися имають, пописаны суть. В сей книзе вси лекарства душевные и телесные зуполне знайдете.
(Прадмова да ўсёй Бібліі – “Предъсловие доктора Франциска Скорины с Полоцька во всю Бивлию рускаго языка”)И видечи таковые пожиткы в так малой книзе, я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарскых науках доктор, повелел есим Псалтырю тиснути рускыми словами, а словенскым языком напред ко чти и к похвале Богу в Троици Единому и пречистей Его матери Марии, и всем небесным чином, и святым Божьим, а потом к пожитку посполитого доброго, наболей с тое причины, иже мя милостивый Бог с того языка на свет пустил.
(Прадмова да Псалтыра – «Предъсловие в Псалтирь»)
Конкурс
Творчыя конкурсы сярод школьнікаў Інстытут тэалогіі ладзіць ужо адзінаццаты год. Да юбілею беларускай кнігі інстытут падрыхтаваў два мерапрыемствы: выязны лекторый музея Бібліі па школах краіны і ўласна конкурс літаратурных і даследчых работ, у якім гэтым разам узялі ўдзел каля 200 школьнікаў. Суарганізатарамі выступілі Нацыянальная бібліятэка і выдавецкі савет Беларускай праваслаўнай царквы.
У літаратурнай намінацыі «Мастацкая проза» перамаглі: Мікіта Віславух (СШ № 5, г. Жодзіна) і Наталля Гусік (СШ № 30 імя Д. Б. Гвішыяні, г. Брэст), у намінацыі «Паэзія» – Улада Быкава (СШ № 40, г. Магілёў) і Ганна Верабей (СШ № 2, г. Слаўгарад). Прызавыя месцы ў намінацыі «Публіцыстыка» занялі Вераніка Лукашэвіч (Сочыўкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, Брэсцкая вобл.) і Паліна Свірыдзенка (СШ № 17 імя Франсіска дэ Міранды, г. Гомель). Найлепшымі творамі ў намінацыі «Драматургія. Сцэнарыі лялечнага тэатра «Батлейка» прызнаны працы Дыяны Грышынай (СШ № 16, г. Ліда) і Лізаветы Лісоўскай (СШ № 10, г. Пінск).
Конкурс даследчых прац вызначыў шэсць пераможцаў у трох намінацыях: «Духоўныя сюжэты ў творах беларускай літаратуры», «Выявы Святога Пісання ў творах беларускага мастацтва» і «Роля хрысціянства ў гісторыі кнігі і кнігадрукавання Беларусі». Сярод пераможцаў: Ангеліна Дайлідзёнак і Дзмітрый Гмір (Крулеўшчынская СШ, Докшыцкі р. Віцебскай вобл.) і Юлія Асіпчук (СШ № 14, г. Пінск), Марыя Галаўчук (гімназія г. Іванава, Брэсцкая вобл.) і Дыяна Куксарава (СШ № 2, г. п. Круглае, Магілёўская вобл.), Марк Кодзенеў (гімназія № 1, г. Мінск), Марыя Кохан, Мацвей Рамейка і Дар’я Правалоцкая (гімназія № 2, г. Баранавічы).
Дыпломы лаўрэатам, падзякі настаўнікам і каштоўныя падарункі вучням уручалі першы прарэктар Інстытута тэалогіі іерэй Алег Голубеў і прарэктар па вучэбнай рабоце Ірына Латушка. Пасля для ўсіх вучняў і педагогаў была зладжана падрабязная экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Дыпломы 1 ступені пераможцам уручаў сам Уладыка Павел у рамках урачыстага свята.
Як адзначаюць арганізатары, такія конкурсы спрыяюць фарміраванню гістарычнай свядомасці, духоўна-маральных якасцяў асобы, выхаванню патрыятызму і грамадзянскасці навучэнцаў на грунце духоўных і культурных традыцый беларускага народа. Апроч гэтага, заўважае Алена ШЫМБАЛЁВА, начальнік службы па сувязях з грамадскасцю і інфармацыйна-аналітычнай рабоце Інстытута тэалогіі БДУ, самі настаўнікі дзякавалі за ўвагу ад вядучай ВНУ краіны, за магчымасць стаць заўважнымі для свайго кіраўніцтва, а таксама магчымасць вывезці сваіх навучэнцаў у сталіцу. Дарэчы, пасля такіх конкурсаў многія з лаўрэатаў паступаюць не толькі ў Інстытут тэалогіі, але і на журфак, філфак ці гістфак.
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ
Яшчэ больш фота ў архіве БДУ
Відэа: