На галоўных мерапрыемствах БДУ вы абавязкова заўважыце юных, актыўны хлопцаў і дзяўчат, на чыіх футболках красуецца лагатып Студэнцкага тэлебачання БДУ. Яны бяруць інтэрв’ю ў самых цікавых людзей універсітэта, бегаюць з камерай, спрабуючы зняць найлепшыя моманты, і мантуюць днямі і начамі, каб распавесці нам пра галоўныя падзеі нашай alma mater.
Студэнцкае тэлебачанне БДУ створана на базе навучальнай лабараторыі эксперыментальнай аўдыявізуальнай праграмы Інстытута журналістыкі. Пра пачатак працы праекта ўпершыню было абвешчана на зімовай школе журналістыкі 2016 года, дзе каманда тэлеканала падрыхтавала і паказала ролік пра мерапрыемства. Вялікую дапамогу дадзенай ініцыятыве аказалі дырэктар Інстытута журналістыкі Сяргей Дубовік, яго намеснік Вольга Самусевіч і дырэктар Медыяцэнтра БДУ Павел Салаўёў.
Для пошуку юных талентаў быў праведзены кастынг, на які было пададзена больш за 100 заявак. Кастынг праходзіў у тэлецэнтры БДУ. Кандыдаты, якія прэтэндавалі на ролю карэспандэнтаў, паказвалі, як яны ўмеюць працаваць перад камерай, а аператары распавядалі пра сваю тэхніку і дэманстравалі свае навыкі працы ў відэарэдактарах.
«Да карэспандэнтаў мы прад’яўляем высокія патрабаванні: у іх павінна быць выразная дыкцыя і разняволенасць. Яны павінны ўмець думаць, аператыўна на месцы пісаць закадравы тэкст. Ідучы на здымкі, карэспандэнты прадумваюць сюжэт, менавіта яны вырашаюць, што і як здымаць», – распавядае пра кастынг дырэктар канала Аляксандр РУДНIЦКI.
Па выніку кастынгу была сфарміравана рэдакцыя і яе структура. Галоўным рэдактарам з’яўляецца студэнтка Інстытута журналістыкі Юлія Вараб’ёва, яе намеснікам Ілья Пазняк. На канале 28 работнікаў, якія сумяшчаюць працу карэспандэнта і аператара. У Інстытуце журналістыкі ім даюць штатыў і пятлічку, тэхніку для здымак яны выкарыстоўваюць сваю.
Аснова рэдакцыі – гэта студэнты факультэта журналістыкі, ёсць студэнты біялагічнага, геаграфічнага, філалагічнага і іншых факультэтаў. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да тэлебачання і жаданне займацца творчасцю. Яны наведваюць розныя мерапрыемствы, размаўляюць з цікавымі людзьмі, а таксама праходзяць станаўленне ў якасці карэспандэнтаў, тэлевядучых, тэлеаператараў і мантажораў.
«Наша галоўная мэта цяпер – гэта павышэнне якасці і колькасці сюжэтаў. Напачатку працы праекта мы выпускалі дзесьці адзін рэпартаж на тыдзень, але ўжо з лютага гэтага года ў нас за тыдзень выходзіць у эфір па 4-5 сюжэтаў. Акрамя таго мы ўзмацнілі жорсткасць патрабаванняў да якасці здымак і мантажу відэа. Калі студэнты толькі прыйшлі ў рэдакцыю, яны не заўважалі дэталяў: дзесьці камера тузанулася, дрэнна запісаўся гук. Цяпер яны зважаюць на ўсе нюансы. Мы імкнёмся да паляпшэння якасці карцінкі, каб гук быў запісаны на пятлічку, камера была на штатыве, абавязкова патрэбная стабілізацыя карцінкі пры мантажы. Студэнты актыўныя, мэтанакіраваныя і галоўнае – хочуць развівацца і атрымліваць веды, яны разумеюць: ёсць да чаго імкнуцца, таму не стаяць на месцы», – распавядае Аляксандр Рудніцкі.
Курыруе і каардынуе працу канала ў інфармацыйнай прасторы ўніверсітэта Медыяцэнтр БДУ. Калі ва ўніверсітэце адбываецца значная падзея, студэнцкае тэлебачанне запрашаюць прыняць удзел у асвятленні мерапрыемства. Тады галоўны рэдактар шукае карэспандэнтаў і аператараў, якія і адпраўляюцца на заданне. Калі сюжэт адзняты і змантаваны, яго праглядае галоўны рэдактар, а далей ён ідзе на ўхвалу да дырэктара канала. Кожны сюжэт правяраецца вельмі старанна, вывяраецца пасекундна і толькі пасля гэтага прапануецца гледачу.
Студэнты таксама прапануюць і рэалізоўваюць свае ідэі і праекты. Хоць часам задуманае складана ажыццявіць з-за недахопу камер і іншага абсталявання.
Журфак-ТВ і студэнцкае тэлебачанне запусцілі конкурс для абітурыентаў. Дзеці, якія хочуць паступіць на журфак, дасылаюць свае відэапрацы, іх разглядае адмысловая камісія, і найлепшыя з гэтых прац будуць адабраны для эфіру. Школьнікі таксама атрымаюць эфірную даведку, якая дасць ім перавагу пры паступленні.
Калі казаць пра планы, то ў студэнцкага тэлебачання яны амбіцыйныя: да канца 2017 года павялічыць аўдыторыю да 400 падпісантаў у групе «УКантакце» і 100 на канале youtube, запусціць новую рубрыку Hard Monday’s Night інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, правесці яшчэ некалькі кастынгаў і майстар-класаў. А ў марах – стварыць карэспандэнцкія пункты на ўсіх факультэтах універсітэта, каб напоўніцу адлюстроўваць сапраўднае студэнцкае жыццё, а таксама прыцягнуць больш гледачоў.
«Сапраўднае майстэрства да журналіста прыходзіць з досведам, і я не ўяўляю, дзе яшчэ такі досвед я магла б атрымаць. Я навучылася размаўляць з людзьмі, пераадольваць страхі і сарамлівасць. Таксама я навучылася камунікаваць з калектывам у якасці галоўнага рэдактара. І я ўпэўнена, што ў маёй кар’еры мне гэты досвед вельмі дапаможа», – падзялілася з «Універсітэтам» Юлія Вараб’ёва.
Паглядзець сюжэты студэнцкага тэлебачання БДУ, а таксама даведацца пра іх больш вы можаце ў групе «УКантакце», на юцюб-канале, і на сайце.
Дар’я КОЎЗА