Духмяныя падарункі: студэнты БДУ спяклі імбірныя пернікі для жанчын-ветэранаў

2 Mar, 2017.

 Пах свежай выпечкі і водар пахкіх спецый напоўніў 28 лютага інтэрнат №7 БДУ: тут студэнты выпякалі імбірныя пернікі ў падарунак жанчынам-ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія раней працавалі ў нашым універсітэце. Мерапрыемства прайшло ў рамках акцыі “Напярэдадні 8 сакавіка”.

Дзяўчаты замешваюць цеста пад чулым кіраўніцтвам педагога-арганізатара інтэрната № 7 БДУ Наталлі Шчарбаковай. Менавіта ёй належыць ідэя вырабляць пернікі ў падарунак:

— Я з той катэгорыі людзей, якім калі штосьці спадабалася, то яны імкнуцца гэта паўтарыць. Імкнуся напоўніць сябе. Неяк ездзіла ў Швейцарыю на навагоднія святы і ўбачыла, што там культ імбірнага перніка. Час ішоў, а я ўсё думала пра гэту ідэю, хацела паспрабаваць зрабіць такія ж. І вось на гэты новы год мы са студэнтамі вырашылі ў нашым інтэрнаце аздобіць ёлку не проста цацкамі, а размаляванымі імбірнымі пернікамі. А цяпер, набраўшыся досведу, выпякаем іх у падарунак ветэранам.

Фірмовы рэцэпт у інтэрнаце знайшлі не адразу. Пасля некалькіх спроб выпекчы пернікі стала ясна, што прыгожы колер ім і адмысловую тэкстуру надае сакрэтны кампанент – натуральны мёд. Дарэчы, астатнія інгрэдыенты не мудрагелістыя і знойдуцца ў кожнай гаспадыні на кухні: мука, сметанковае масла, яйка, троху разрыхляльніку і спецыі, галоўная сярод якіх – імбір.

Студэнты, якія пражываюць у інтэрнаце, ідэі педагога-арганізатара актыўна падтрымліваюць: для іх удзел у мерапрыемствах – гэта магчымасць не толькі цікава правесці час, але і рэалізаваць творчы патэнцыял.

Так, напрыклад, дызайн падарункавай упакоўкі для пернікаў распрацавала студэнтка ДІКСТ БДУ Юлія Ляшкевіч, якая навучаецца па спецыяльнасці “Менеджмент”:

— Дызайн – гэта маё хобі. У мяне быў досвед распрацоўкі пакетаў для ежы, але са скрынкамі я не працавала. Калі да нас звярнуліся па дапамогу – стала цікава, загарэліся вочы, і адразу з’явіліся ідэі. Мы прадумалі дызайн і сышліся на лаканічным густоўным варыянце без вычварнасці. Вырашылі зрабіць стаўку на празрыстай упакоўцы, каб быў акцэнт на змесціве, гэта значыць на саміх перніках.

Зправа Юлія Ляшкевіч

 

Падарункі, прыгатаваныя з цеплынёй і любоўю студэнтаў, будуць перададзены да свята 8 сакавіка жанчынам-ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, сёння ў БДУ іх 9 чалавек. Арганізатарамі святочнай акцыі выступаюць: упраўленне выхаваўчай працы з моладдзю, пярвічная прафсаюзная арганізацыя работнікаў і Студэнцкі гарадок БДУ.

Валерыя БАНДАРЧЫК

Фота аўтара

 

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: