На мінулым тыдні факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ адзначаў сваё 18-годдзе. Пяты год запар галоўным мерапрыемствам святочнага тыдня з’яўляецца фестываль кароткаметражнага кіно «Кальварыйскія Бабры». Сёлета ў ім удзельнічала дзесяць кінастужак з розных універсітэтаў краіны.
Дэкан факультэта Вадзім Гігін, віншуючы ФФСН з паўналеццем, адзначыў, што кожны факультэт моцны сваімі традыцыямі.
«У 18 гадоў ужо шмат што можна, калі верыць аб’явам у краме, але гэта не значыць, што мы з вамі павінны абзаводзіцца нейкімі новымі шкоднымі звычкамі. Мы спадзяемся, што самыя лепшыя традыцыі застануцца і ў наступным перыядзе жыцця факультэта. Для нас галоўнае добрая вучоба і паводзіны падчас заняткаў», – канстатаваў дэкан.
Вадзім Францавіч павітаў гасцей фестывалю, бо большасць ролікаў знята не студэнтамі факультэта. Адзначыў, што з 18 гадоў жыцця ФФСН пяць гадоў праходзяць «Кальварыйскія Бабры». За гэты час фестываль стаў не проста традыцыяй, але, як цяпер модна казаць, трэндам не толькі факультэта, але і ўніверсітэта ў цэлым. Названы калісьці жартам у гонар намесніка дэкана Аляксандра Бабра фестываль стаў візітнай карткай факультэта. А Аляксандр Міхайлавіч і сёння з’яўляецца яго нязменным сімвалам.
«Пераможцы і тыя, хто не выйграе, могуць з Аляксандрам Міхайлавічам сфатаграфавацца ў фотабудцы, а роспіс на фота для студэнтаў ФФСН будзе пазначаць плюс адзін бал у наступную сесію», – пажартаваў дэкан.
Пасля з прывітаннем да студэнтаў і выпускнікоў выступіў ўласна Аляксандр Бобр.
«Вы самыя крэатыўныя, здаровыя, хуткія, рухальная сіла нашага грамадства. Вы нашы працадаўцы», – заўважыў намеснік дэкана. Аляксандр Міхайлавіч узгадаў, як параўноўваў раней «Кальварыйскіх Баброў» з Канскім кінафестывалем, паводле яго слоў, першыя ўжо тады былі па-за канкурэнцыяй.
Пасля Вадзім Гігін абвясціў фестываль адкрытым, назваўшы яго хэштэг #happybobrday.
Арганізатарам «Кальварыйскіх баброў» штогод выступае студэнцкі саюз факультэта. Найлепшыя кароткаметражкі вызначыла журы, на гэты раз у яго склад увайшлі намеснік дэкана па навучальна-выхаваўчай працы Вераніка Сайганава, двухразовы пераможца «Кальварыйскіх Баброў» дырэктар аддзела крэатыву і стратэгіі кампаніі стратэгічнага брэндынгу PUBLIC GROUP Аляксей Сасніцкі, старшыня куратарскай службы БДУ Алена Чыкілёва, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Сяргей Хонскі і дырэктар кінашколы-студыі Андрэя Палупанава Віктар Бойка.
Сярод прадстаўленых кінастужак найлепшай назвалі «УМЗАРАЗУМ» (Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт) рэжысёра Антона Байдзёнка. Таксама фільм перамог у намінацыі «Лепшая мужчынская роля» (акцёр Аляксей Хрусталёў). «Лепшая жаночая роля» – у кароткаметражнага фільма «Лебедзь» (аснову каманды фільма складаюць вучні і выпускнікі кінашколы Андрэя Палупанава.
«Лепшая тэхнічная праца» – фільм «Бой на вышыні 3234» Дзяніса Сіленкова (студэнцкае тэлебачанне БДУ). «Тэатр у тэатры» ўзяў намінацыю «Лепшая роля другога плана», якая дасталася яго рэжысёру і акцёру Даніілу Філіповічу. Таксама фільм атрымаў спецыяльны прыз ад члена журы Аляксея Сасніцкага. Варта адзначыць, што ўсе адабраныя працы выдаліся даволі сур’ёзнымі, уздымалі агульначалавечыя праблемы: вайны, узаемаадносін паміж людзьмі і інш.
Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі падарункі ад партнёраў мерапрыемства. Спецыяльныя госці (у іх ліку прэтэндэнт на Еўрабачанне–2017 студэнтка Інстытута журналістыкі Анжаліка Пушнова) падрыхтавалі музычную праграму.
Наталля КУДРАШОВА
Яшчэ больш фота тут (аўтар Аляксандр Шэлегаў)