Каб думаць галавой, прыдумляць, ствараць – трэба ісці ў БДУ! Вядомыя выпускнікі дзякуюць альма-матар за бездакорную адукацыю

31 Mar, 2017.

За 95 гадоў дзейнасці Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт даў пуцёўку ў жыццё 160 тысячам маладых спецыялістаў, у тым ліку больш чым 7 тысячам для іншых краін. З цягам часу многія з выпускнікоў БДУ выраслі ў выбітных выкладчыкаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, буйных кіраўнікоў і прадпрымальнікаў. Шмат хто з іх атрымаў прызнанне не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Павел ЛАТУШКА,
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, Іспаніі і Партугаліі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА
Выпускнік юрыдычнага факультэта 1995 г.                                                                   
– БДУ з’яўляецца прэстыжнай  установай адукацыі. Багатыя традыцыі, прафесарска-выкладчыцкі склад, новыя тэхналогіі дапамагаюць працаваць у адпаведнасці з патраба­ван­нямі  сучаснасці. Сёння ўніверсітэт сапраўды можа ганарыцца сваёй слаўнай гісторыяй, унікаль­нымі навуковымі распрацоўкамі, імёнамі сваіх выпускнікоў. Вялікі ўклад БДУ ў развіццё Бела­русі.    Выпускнікі альма-матар заклалі фундамент у вывучэнне пытанняў гісторыі і зараз працуюць на ка­рысць нацыянальнай культуры.
Аўтарытэт БДУ нязменна высокі і ў Беларусі, і далёка за яе межамі, а дыплом – сведчанне грунтоўнай прафесійнай падрыхтоўкі.

Лілія АНАНІЧ,
міністр інфармацыі Беларусі
Выпускніца факультэта журналістыкі БДУ 1982 г.
– БДУ – вядучая вышэйшая навучальная ўстанова нашай краіны, адна з «візітных картак» Беларусі. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт заўсёды быў у авангардзе грамадскага і навуковага жыцця.
За 95-гадовую гісторыю ў БДУ сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, выраслі спецы­ялісты з сусветным імем. Агульна­вядомымі сталі іх даследаванні   тэарэтычных і прыкладных праблем у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, навук аб Зямлі, гумані­тарных і сацыяльных навук.
Папулярызацыя ўніверсітэцкіх ведаў – важная частка інфар­ма­цыйнай прасторы Беларусі.

Святлана АЛЕКСІЕВІЧ,
лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры
Выпускніца факультэта журналістыкі 1972 г.
Беларуская пісьменніца, аўтар нашумелага цыкла «Галасы Утопіі» і шэрагу кніг, перакладзеных на 19 моў свету.
Кожная з тэм у яе творчасці вострасацыяльная і выклікае мноства няскончаных дыскусій. Працягваюць ставіцца п’есы па матывах кніг Алексіевіч, здымаюцца як дакументальныя, так і мастацкія філь­мы, а яна не перастае пісаць: вядома, што цяпер вядзецца праца над кнігай «Цудоўны алень вечнага палявання», якая ў гэты раз складаецца з аповедаў пра каханне – усё-такі Алексіевіч, як бы там ні было, застаецца проста жанчынай.
Цікавы факт: каля пятнаццаці гадоў таму Святлана Аляксанд­раўна ахвяравала Фундаментальнай бібліятэцы БДУ, а канкрэтна аддзяленню факультэта журна­лістыкі, тысячу долараў. Вядома, такая сума пераводзілася не адразу, а часткамі. У выніку за гэтыя грошы былі купленыя больш як трыста кніг. Некалькі кніг на нямецкай і шведскай мовах падарыла сама Алексіевіч.

Віктар БАБАРЫКА,
старшыня праўлення ААТ «Белгазпрамбанк»
Выпускнік механіка-матэматычнага факультэта 1988 г.
– Універсітэт прайшоў слаўны шлях  у 95 гадоў, быў сведкам розных эпох. Але зараз нават для чалавека 95 гадоў не ўзрост адпачынку, а час тварэння і творчасці. Для ўніверсітэта гэта тэрмін прыняцця выклікаў глабальнай трансфармацыі. Наша alma mater ва ўсе часы вылучалася здольнасцю гадаваць таленты, здольныя сістэмна вырашаць задачы, вучыць комплекснаму падыходу да ведаў, развіваць шырокі погляд на прыроду свету. Я жадаю, каб сёння, у эпоху цывілі­зацыйнага зруху і новых мабільнасцяў, Белдзяржуніверсітэт не кан­серваваў свае традыцыі і дасягненні, а даваў слухачам уменні, веды і прылады адаптацыі і спазнання гэтага новага свету.

Сяргей ГВАРДЗЕЙЦАЎ,
заснавальнік кампаніі «Ітранзішн»
Выпускнік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі 1996 г.
– ФПМІ – не толькі аснова ўсіх ведаў і ўменняў, атрыманых мной   у галіне матэматыкі і інфар­матыкі, але часта і крыніца новых ідэй для стварэння новага ў любой галіне: у прыкладной матэматыцы, у ІТ-сферы, у навуцы, у бізнесе. Так стваралася і мая кампанія – усё пачыналася з навучальнага курса для «прасунутых» студэнтаў, потым на гэтай аснове быў створаны ка­лектыў, які паклаў пачатак існа­ванню «Ітранзішн». Зараз гэта вель­мі паспяховая кампанія, якая працягвае актыўнае супрацоў­ніцтва з ФПМІ і бачыць у гэтым адзін з фактараў свайго поспеху. Разам з факультэтам мы пабу­давалі некалькі лабараторый, распрацавалі навучальныя курсы, спрыяем раз­віццю студэнцкага руху ў алімпіядах і навуковай твор­часці, а таксама далейшаму праца­ўлад­каванню выпускнікоў.

Віктар КІСЛЫ,
прэзідэнт кампаніі Wargaming.net
Выпускнік фізічнага факультэта 2001 г.
Летась Bloomberg прызнаў Віктара Кіслага доларавым мільярдэрам. Яго мільярд зароблены галоўным чынам кампаніяй Wargaming.net, якую мы ведаем па камп’ютарнай гульні World of Tanks. У адным інтэрв’ю Віктар Кіслы адзначыў ролю адукацыі ў сваім поспеху.
– Пасля развалу Савецкага Саюза было модна ісці ў наргас. Тады лічылася: атрымліваеш адукацыю бухгалтара і потым робіш свой бізнес. А мне бацька растлумачыў, што бухгалтараў і адміністратараў у нашай краіне хапае. А вось каб думаць галавой, прыдумляць, ствараць – трэба ісці ў БДУ. Аглядаючыся назад, магу сказаць, што шмат людзей, якія заснавалі Wargaming, па адукацыі менавіта фізікі, хімікі, радыёфізікі, матэ­матыкі. Адукацыя вельмі дапамагла нам у сэнсе мадэлявання і інш.

Максім РЫЖАНКОЎ,
першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі
Выпускнік юрыдычнага факультэта БДУ 1994 г.
Максім Рыжанкоў кар’еру пачаў  будаваць па дыпламатычнай лініі. З 1994 г. ён працаваў у цэнтральным апараце МЗС.
«Быў 93-ці год, ішло станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Адчуванне адзінай дыпламатычнай сям’і, поўнай навізны, калі ўсе працавалі начамі напралёт, каб пад­рыхтаваць першы ў тваім жыцці візіт, першы дакумент, першае пагадненне. Я вельмі моцна заразіўся гэтым і ні разу потым не пашкадаваў», – успамінаў Рыжанкоў.
У 1996 г. ён стаў супрацоўнікам пасольства Беларусі ў Ізраілі. А ў 2003-2005 гг. працаваў у пасольстве ў Варшаве. Восенню 2012 года яго прызначылі памочнікам прэ­зідэнта па пытаннях спорту. Праз некаторы час ён стаў віцэ-прэзі­дэнтам у   Нацыянальным алімпійс­кім камі­тэце, які ўзначальвае сам кіраўнік дзяржавы.
З’яўляецца адным з распрацоў­шчыкаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і каментароў да яе.

Аляксандр МАШЭНСКІ,
генеральны дырэктар СП «Санта IмпэксБрэст»
Выпускнік механіка-матэматычнага факультэта 1992 г.
– Вызначальным для мяне пры паступленні на мехмат стала тое, што мяне будуць вучыць высока­прафесійныя выкладчыкі. У мяне не было сумненняў, што я атрымаю якасную адукацыю.
Мне сапраўды пашанцавала, што гады вучобы прайшлі менавіта тут, дзе базавыя дысцыпліны, спорт і зносіны даюць магчымасць фарміраваць сябе не толькі як прафесіянала, а таксама як асобу. Атрыманыя падчас вучобы навыкі дапамаглі мне дасягнуць поспехаў у бізнесе.
У сваім жыцці я сустракаю шмат паспяховых людзей, моцных кіраў­нікоў, выдатных лідараў, прычым сярод іх значную долю складаюць выпускнікі мехмата БДУ.

Максім МІРНЫ,
алімпійскі чэмпіён па тэнісе ў міксце, пераможца 50 турніраў АТР
Выпускнік факультэта міжнародных адносін 1988 г.
Выбітны беларускі тэнісіст, заслужаны майстар спорту. Адзін з найлепшых гульцоў у парным разрадзе ў гісторыі сусветнага тэніса.
– З вялікай прыязнасцю адчуваю сваю прыналежнасць да галоўнай ВНУ Беларусі! Хачу выказаць па­дзяку ўсім выкладчыкам ФМА, а таксама кафедры міжнароднага права, дзе мне пашчасціла атрымаць сваю спецыяль­насць і па­зна­ёміцца з найлепшымі педагогамі нашай краіны. Я атрымаў добрую адукацыю, якая вельмі дапаможа мне ў пасляспартыўным жыцці.
Нам сапраўды ёсць чым гана­рыцца, бо Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт выхаваў і падрыхтаваў не адну плеяду годных грамадзян    і высакакласных спецыялістаў.

Дзмітрый ТАЛАПІН,
прафесар Чыкагскага ўніверсітэта (ЗША)
Выпускнік хімічнага факультэта БДУ 1996 г.
– БДУ закладвае фундаментальную базу, якая дазваляе выпуск­нікам знаходзіць месца ў сучасным свеце. У маім выпадку адукацыя, атрыманая на хімфаку БДУ, выдатна дапамагала паспяхова працаваць у найлепшых універсітэтах і навуковых цэнтрах Германіі і ЗША. Якасць адукацыі наўпрост звязана з узроўнем прафесарска-выкладчыцкага складу. Падкрэслю важную ролю міжнароднай калабара­цыі, якая з’яўляецца ключавым элементам прафесійнага поспеху сусветных навуковых школ.

 

Андрэй РОГАЧ,
загадчык кафедры фатонных матэрыялаў, дырэктар Цэнтра функцыянальнай фатонікі (Універсітэт Ганконга, Кітай)
Выпускнік хімічнага факультэта 1991 г.
Адзін з найбольш аўтарытэтных на­ву­коў­­цаў у галіне нанаматэрыялаў. Цяпер займае 8 месца ў свеце па цытуемасці работ у галіне хіміі і фізікі наначасціц.
– Мой універсітэт даў мне бездакорную адукацыю. Цэлая плеяда выдатных навукоўцаў, якія выкладаюць на хімічным факультэце БДУ, прышчапілі ўсім нам трывалыя веды, якія дапа­магалі, дзе б мы ні працавалі пазней. Нават на­на­хі­мічная тэматыка, якая прадвызначыла ўсю маю будучую пра­фе­сійную кар’еру, была прапанаваная маім навуковым кіраўніком і сапраўдным празорцам акадэмі­кам В. В. Сві­рыдавым яшчэ тады, калі такая навука, па сутнасці, яшчэ не існавала.

З уласных крыніц

print

Вам таксама можа спадабацца: