Добры і мілы канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, прайшоў у актавай зале Інстытута журналістыкі 10 сакавіка. Разам з бацькамі ўдзельнікі ўзорнага дзіцячага ансамбля танца БДУ “Літарынка” выйшлі на сцэну павіншаваць прысутных са святам.
Цёплая атмасфера мерапрыемства спадабалася гледачам. На сцэне паказвалі свае таленты маленькія спевакі і танцоры. Родныя здымалі і фатаграфавалі сваіх малечаў, не стрымлівалі слёз ад кранальных момантаў.
Слухачоў дзівілі маляўнічыя ўборы дзяцей, пародыі на бабуль і дзядуляў, ігра на гітары, прыпеўкі. Прагучалі песні пра матчыну любоў. Кожны прачытаў верш, напоўнены ласкавымі словамі. Было шмат танцаў. Сярод іх усходні танец, танец “Мама”, дзе старэйшыя дзяўчаткі кружыліся з малодшымі, а яшчэ танец мам і іх дачок. Замілаваў гледачоў танцавальны нумар “Бацька і дачка”: дзяўчаткі падарылі бацькам іх партрэты, а тыя ў сваю чаргу паднеслі дочкам ружы. Для малых гэта стала прыемнай неспадзеўкай, яны не стрымлівалі сваё здзіўленне.
У канцы свята мужчыны падарылі кветкі і сваім жонкам. А нечаканасцю для кіраўніка калектыва Наталлі Поклад было тое, што па завяршэнні мерапрыемства бацькі яе выхаванцаў па чарзе прачыталі для яе вершы са словамі падзякі, падарылі кветкі і памятны прэзент.
— Калектыў выступае ў шматлікіх універсітэцкіх мерапрыемствах. Нашы дзеці не толькі спяваюць і танчаць, але і граюць на музычных інструментах, чытаюць вершы, выконваюць ролі, – пасля свята распавяла Наталля Поклад, кіраўніка калектыву”Літарынка”. – Мы вырашылі зрабіць канцэрт для бацькоў і сяброў, бабуль і дзядуляў, блізкіх і родных. Наша задумка правесці свята ўтульна і па-сямейнаму ажыццявілася. У некаторых нумарах са сваімі дзецьмі выйшлі і бацькі. Хачу адзначыць, што дарослыя з радасцю пагадзіліся выступіць на свяце. Нягледзячы на сваю занятасць, наведвалі рэпетыцыі. На маіх вачах дзеці растуць, змяняюцца. У нас ёсць традыцыя: на стары новы год сустракаемся з выпускнікамі калектыву. І, напрыклад, сёння ў канцэрце выступілі дзеткі чатырох выпускнікоў.
Дарэчы, дынастыя склалася ў сям’і Вольгі Малафеевай. Яна кажа пра гэта так:
— Мяне ў дзяцінстве прывялі ў “Літарынку” бацькі: мама Наталля Малафеева (у наш час галоўны бухгалтар “НДІ фізіка-хімічных праблем”) і тата Вячаслаў Малафееў (зараз дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі). З ансамблем звязваюць толькі самыя цёплыя ўспаміны. Цяпер у гэтым калектыве ўдзельнічаюць мае дочкі. Вось ужо 3 гады сюды ходзіць сямігадовая Паліна, а малодшая пяцігадовая Ксюша – 2 гады. Дзяўчаткі ў поўным захапленні. Абзавяліся сябрамі, палюбілі сцэну. Ім прышчапляюць з дзяцінства любоў да танца. На гэтым свяце я і сама танчыла з Ксюшай у нумары “Мама і дачка”.
Упершыню ў якасці танцора выйшаў на сцэну Віктар Кочын, намеснік начальніка Цэнтра інфармацыйных тэхналогій:
— Сёння я і жонка выступалі разам з шасцігадовай дачкой Ганнай. Да таго ж у адным нумары я яшчэ з’яўляюся ў выяве матрошкі. Анюта займаецца ў ансамблі першы год. Гэта яе дысцыплінуе, яна вучыцца арганізоўваць свой час. У цэлым тут выпрацоўваецца гнуткасць, пластычнасць, правільная пастава. Заўважаю, з якой адвагай дачка выходзіць на сцэну. Тут яна вучыцца зносінам з людзьмі, у яе з’яўляюцца новыя сябры. Наталля Баляславаўна – добры педагог, робіць калектыў згуртаваным. Анюце вельмі падабаецца ў “Літарынцы”, у яе атрымліваецца танчыць, таму мы за яе толькі рады.
Таксама танчыць разам з дачкой на сцэну выходзіла Таццяна Клачкова, метадыст, старшы выкладчык юрыдычнага факультэта:
— Мая сямігадовая Варвара ходзіць у “Літарынку” другі год. Сёння на свяце яна не толькі танчыць, але і спявае. Ёй у ансамблі вельмі падабаецца. З радасцю пасля школы адпраўляецца на рэпетыцыі. Для яе гэта дадатковае выхаванне і развіццё. Завяла сабе тут сябровак. Вара і ў школе ўжо паспела паказаць свае навыкі, дзе таксама часта выступае на мерапрыемствах. Я і сама пэўны час займалася народнымі танцамі, таму можна сказаць, што дачка ідзе па маіх слядах.
На ўнучку Паўлінку прыйшоў паглядзець яе дзядуля Пётр Лопух, загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі геаграфічнага факультэта:
— Сёння сямігадовая Паўлінка спявае прыпеўкі і танчыць. Яна тут займаецца з дзіцячага садка, дзесьці 4 гады. Ёй дапамагаюць развіваць музычны слых, пачуццё такту і рытму. У нас у родзе шмат музыкаў. Мой бацька граў на гармоніку, а я на баяне. Мая жонка неяк танчыла ў “Крыжачку”, як і два сыны. Наша новае сямейнае пакаленне – унучка. Паўлінка з мамай спявае ў хоры. Цяпер унучка заканчвае першы клас музычнай школы.
Падтрымлівала сваю дачку Кацярына Матуш, метадыст Галоўнага ўпраўлення планавання, эканомікі і інвестыцыйнай дзейнасці БДУ:
— З пачатку навучальнага года ў “Літарынку” ходзіць мая пяцігадовая Ліза. У канцэрце яна выдатна праспявала песню “Рамонак”. Дачка вельмі задаволена тым, што ходзіць у ансамбль БДУ. З такім стаўленнем выкладчыка, захопленасцю бацькоў, дзяцей ёй цікава наведваць заняткі. Удзел сістэматызуе яе час, паляпшае каардынацыю рухаў. Калектыў прыязны. Ліза любіць пазакласныя мерапрыемствы. Дзеці ў прадчуванні дыскатэкі, на якой яны буду танчыць, гарэзіць.
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Валерыі Няпеўнай
Вiдэа
ДАВЕДКА
Ансамбль быў заснаваны ў 1981 годзе, а ў 1990 годзе яму было прысвоена ганаровае званне “ўзорны” за творчыя поспехі і прапаганду беларускага танцавальнага мастацтва.
У ансамблі “Лiтарынка” налічваецца каля 60 дзяцей супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Узрост дзяцей вар’іруецца ад 6 да 15 гадоў.
Рэпертуар ансамбля складаюць дзіцячыя гульнявыя, казачныя і фальклорныя танцы. Аматары харэаграфічнага мастацтва вывучаюць асновы класічнага, фальклорнага і элементы эстраднага танца.
За час свайго існавання ўдзельнікі ансамбля выступалі перад гледачамі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Іспаніі, Партугаліі, Італіі, Балгарыі, Турцыі.