У Інстытуце журналістыкі БДУ на базе кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры ў шосты раз прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Міжнародная журналістыка–2017: ідэя інтэграцыі інтэграцый і медыя”.
– Штогадовыя сустрэчы ў Мінску прадстаўнікоў навуковай і журналісцкай супольнасці ў галіне міжнароднай журналістыкі ўжо сталі традыцыйнай пляцоўкай для зносін навукоўцаў і практыкаў. Сёлетняя канферэнцыя спрыяла абмену меркаваннямі паміж навукоўцамі розных краін, падтрыманню і ўмацаванню сувязяў паміж навукай і практыкай. Тэматыка дадзенай канферэнцыі выклікала прафесійную цікавасць і ў прадстаўнікоў беларускіх медыя, – кажа загадчыца кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Мікалаеўна Дасаева.
Падчас навуковага форуму (а яго ўдзельнікамі, апроч беларускіх навукоўцаў і практыкаў, сталі прадстаўнікі ўніверсітэцкай навукі Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы, Францыі, Ірака) адбылося зацікаўленае абмеркаванне такіх актуальных тэматычных кірункаў, як асаблівасці асвятлення інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, спецыфіка медыйнага забеспячэння беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, рэалізацыі праекта Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
У асобныя тэматычныя блокі дадзенай канферэнцыі былі вылучаны такія тэмы, як вопыт і навацыі замежнай журналістыкі, міжнародная журналістыка ў кантэксце глабальнага і рэгіянальнага інфармацыйнага абмену, у рамках якіх будуць разгледжаны тэндэнцыі, характэрныя для міжнароднага сегмента сучаснай журналістыкі Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Кітая, Ірана.
Вынікамі сваіх даследаванняў падзяліліся на канферэнцыі навукоўцы Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў РБ, універсітэтаў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Парыжа, Кіркука, Кіева, Алматы, Львова, Дняпра, Запарожжа, Казані, Калугі, Белгарада, Разані, Ціраспаля, а таксама айчынных ВНУ – Беларускага нацыянальнага тэхнічнага і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэтаў. Разам з прадстаўнікамі ўніверсітэцкай навукі, журналістамі-практыкамі ў дыскусіі па актуальных пытаннях міжнароднай журналістыкі ўдзельнічалі і маладыя даследчыкі: аспіранты, суіскальнікі, магістранты.
Леанід ЗОРСКІ