“Піф-паф, ты – мёртвы”. Драма студэнцкага тэатра “На філфаку” атрымала тры ўзнагароды на фэсце ў Расіі

1 Mar, 2017.

Сацыяльная драма “Піф-паф, ты – мёртвы” з’явілася ў рэпертуары народнага студэнцкага тэатра “На філфаку” БДУ зусім нядаўна. Нягледзячы на гэта, пастаноўка ўжо паспела заваяваць прызнанне і атрымаць тры высокія ўзнагароды на Адкрытым фестывалі студэнцкіх тэатраў федэральных ВНУ Расіі. У лютым трупа зноў падаравала сваю зорную п’есу гледачам.

Перад намі школьнікі, сяброўства, бесклапотнасць… Але ж гэта толькі на першы погляд. Адразу ўвагу гледачоў прыцягвае герой, эмацыйны стан якога насцярожвае і нават пужае. Чаму? Нейкая неверагодная сіла, што скавала ягонае сэрца і ўзяла ў палон душу, пануе над ім і вельмі хоча вырвацца на свет. Яна ўжо так параднілася з юнаком, што робіць жахлівае прызнанне: “Я – гэта ты, калі ў тваіх руках зброя”.

Так, на паляванні, усім прамудрасцям якога хлопца вучыў дзядуля, наш герой забівае аленя і вельмі ганарыцца сваёй здабычай. Тое адчуванне, якое напоўніла ў той момант усё яго цела, запомнілася назаўжды, неяк прываблівала і ўзрастала з кожным днём. Яно расло і мацнела, злучаючы ўсе пачуцці ў адно жаданне ­– адпомсціць. Жаданне жывілі пастаянныя кпіны і здзекі аднакласнікаў, а пасля і неразуменне бацькоў, іх парады і забароны. Герою здавалася, што супраць яго паўстаў увесь свет, і гэтая клетка будзе сціскацца да таго часу, пакуль не расцісне і не знішчыць юнака. Грукатам молата ў галаве раздаваліся галасы аднакласнікаў, якія здзекаваліся і кпілі… Бам!

Гісторыя пракручваецца перад вачыма гледачоў, каб яны змаглі зразумець, як усё адбылося на самой справе, каб можна было злавіць тую нітачку, з якой пачаў размотвацца гэты вялікі цёмны клубок. І вось побач з героям аднакласнікі, усміхаюцца, гамоняць, але мы разумеем, што яны ўжо ніколі не адчуюць подых ветру, не паглядзяць у вочы матулі, не пакахаюць і не парадуюцца першым крокам свайго дзіцяці. “Чаму я?” – знаёмымі галасамі ўздымаюцца пытанні ў думках нашага героя зноў і зноў, якія не пакінуць яго ў спакоі больш ніколі.

– Хаця спектакль эмацыйна даволі цяжкі, але ў большасці выпадкаў рэпетыцыі праходзілі на мажорнай ноце, – гаворыць рэжысёр і мастацкі кіраўнік трупы Кацярына Тананайка. – Разам з акцёрамі мы доўга “капалі” кожнага персанажа, прадумвалі ягоную перадгісторыю да дробязяў. Настасся Міцэвіч, Уладзімір Васіленка, Ганна Пісемская, Павел Міхаленя, Марыя Хмяльніцкая, Цімур Гамідаў і Раман Жук змаглі зачапіць гледача, раскрыць галоўны сэнс пастаноўкі. П’еса цікавая і карысная тым, што праблема здзекаў у школе зараз вельмі актуальная. Пастаноўка дапамагае зірнуць у корань гэтых праблемаў, зразумець, чаму і як яны ўзнікаюць. П’еса падыдзе не толькі малодшаму пакаленню, бо бацькі таксама павінны ўважліва ставіцца да таго, што хвалюе іх дзяцей. У сваю чаргу, сучасная моладзь павінна навучыцца адказваць за свае словы і ўчынкі, таму што калі-небудзь можна самому апынуцца ў падобнай сітуацыі.

– На фестывалі студэнцкіх тэатраў, які праходзіў у Калінінградзе ў канцы восені, драма атрымала тры ўзнагароды ў намінацыях «Найлепшая рэжысура», «Найлепшы акцёрскі ансамбль», «Найлепшая мужчынская роля». Спадзяваліся на такі поспех?

У Калінінград адправіліся зусім спантанна. Запрашэнне прыйшло за два тыдні да пачатку фэсту. Разам мы загарэліся ідэяй паказаць новы спектакль. Нас прынялі з захапленнем, апладзіравалі стоячы, і вочы ва ўсіх былі на мокрым месцы. Мае акцёры сыгралі вельмі шчыра, думаю, гледачы пранікліся духам спектакля. Ад таго і ўсе ўзнагароды! Гэта добрая падзяка за цяжкую працу і эмацыйныя перажыванні трупы.

– Калі гледачам чакаць ад акцёраў наступны падарунак у выглядзе такога шчырага і кранальнага выступлення?

– У канцы сакавіка ў БДУ адбудзецца тэатральны тыдзень, прысвечаны Дню тэатра. Выстаўляем тры работы: дзве камедыі “Джаз” і “Кантэрвільскі прывід” і нашу знакамітую драму “Піф-паф, ты – мёртвы”. Запрашаем на спектаклі!

Дар’я НІКАНЧУК

print

Вам таксама можа спадабацца: