Рэгбі – мужчынская гульня. Ды што вы, як мужыкі. Трэба яно вам. Такія фразы заўсёды суправаджаюць рэгбістак. З кожным годам гэты від спорту развіваецца, але стэрэатыпаў менш не становіцца. А між тым, гледзячы на далікатных дзяўчат, і не скажаш, што яны займаюцца гэтым спортам. З адной з прадстаўніц прыгожага полу Алесяй АНДРЭЮК, выкладчыцай матэматыкі ў Ліцэі БДУ, газета “Універсітэт” пагутарыла і даведалася пра рэгбі ўсё.
— Гэта перш за ўсё камандная гульня. Ёсць рэгбі-5, дзе пяць чалавек гуляюць у пляжнае або снежнае рэгбі. Гэта самы спрошчаны варыянт: проста ўзяў і бяжы. Правілаў асаблівых няма. У рэгбі-7, як гэта ні празаічна, гуляюць сем чалавек на стандартным футбольным полі. Тут ужо падключаецца праца на хуткасць і падман суперніка або абход. Ёсць рэгбі-15 – гэта класіка. 15 чалавек на такім жа полі гуляюць ужо з ухілам на сілу, таму што прабегчы паміж 15 чалавекамі не ўдасца.
— Як ты звязалася з рэгбі?
— У рэгбі я трапіла да таго, як стала выкладчыцай. Гэта было 2 з паловай гады таму. На 4 курсе ўбачыла аб’яву на sitydog, што ідзе набор у «Гражданочку» –каманду рэгбі. Вырашыла паспрабаваць, таму што даўно хацела заняцца гэтым відам спорту, і неяк уцягнулася. Трэніроўкі праходзілі на адкрытым стадыёне. Трэба было трэніравацца ў куртцы і ў дваіх штанах, а яшчэ і мяч перадаваць адубелымі рукамі. Я прыйшла і зразумела, што не змагу. Але потым падумала, чаму не працягнуць?
— Праз які час ты зразумела, што знайшла свой від спорту?
— На зіму я сышла ў роздум. Таму што трэніроўкі на адкрытым стадыёне праходзілі, трэба пераадолець сябе не адзін раз. Але вясной-летам вырашыла вярнуцца і застацца.
— А чаму ты абрала не спартыўную кар’еру?
— Я выкладаю ў Ліцэі БДУ матэматыку. Хоць ва ўніверсітэце ў мяне была іншая спецыяльнасць. Проста пад канец вучобы я зразумела, што выкладанне — гэта маё.
— Рэгбі – адзін з тых відаў спорту, якія крытыкуюць і наогул лічаць мужчынскім. Як рэагуеш на такія стэрэатыпы?
— Прывыкла, што, калі кажу пра рэгбі, мне адказваюць, што я, як мужык ці што мы рубімся. Так кажуць тыя, хто ніколі не глядзеў рэгбі. Насамрэч гэта не так. Каб развянчаць гэты стэрэатып, мы праводзім адкрытыя трэніроўкі для ўсіх ахвотных, куды запрашаю студэнтаў, здымаем відэа. Рэгбі – гэта крута для тых, хто шукае эмоцыі, адрэналін, каму трэба нешта яркае ў жыцці. Да таго ж у нас класная каманда, і ў нас весела.
— Вы задумваліся пра карані гэтых стэрэатыпаў з камандай?
— Людзі блытаюць рэгбі з амерыканскім футболам, але гэта трохі розныя віды спорту. Амерыканскі футбол – больш жорсткі спорт, а ў рэгбі больш ідзе праца на хуткасць, цягавітасць, рэзкасць.
— Ідэальная рэгбістка – якая яна?
— Цягавітая дзяўчына, якая хутка бегае, умее думаць і працаваць у камандзе.
— Якія якасці выяўляюцца ў рэгбі больш рэзка?
— Мне стала лягчэй прымаць рашэнні. Таксама павышаюцца фізічныя якасці – 2 з паловай гады таму я была слабейшай. Да таго ж становішся маральна больш цвёрдай. Усё ж такі гэты спорт загартоўвае.
— Што мне трэба ведаць перад тым, як заняцца рэгбі?
— Ты павінна ведаць, што зможаш працаваць у камандзе. На асабісты вынік у рэгбі працаваць не атрымаецца. Ну і, натуральна, быць адносна гатовай шмат працаваць фізічна. Але гэта выпраўляецца.
— Якую суму трэба выкласці за заняткі рэгбі?
— Аматарскае рэгбі практычна не затратнае. Кожны месяц мы робім камандны ўзнос – 15 рублёў. Гэты ўзнос ідзе на арэнду памяшканняў для трэніровак, на куплю мячоў. На спаборніцтвы выязджаем таксама за свой кошт. Спонсара пакуль не знайшлі.
— А хіба федэрацыя не дапамагае?
— Яны нікому фінансава не дапамагаюць. Хіба што арганізоўваюць перыядычна спаборніцтвы.
— Для цябе рэгбі ўсё яшчэ хобі ці ўжо спорт?
— Раней гэта было хобі. Цяпер гэта ўжо спорт. Хачу патрапіць на нацыянальныя зборы 1-2 красавіка. У далейшым ёсць верагоднасць, што гэтая зборная будзе выязджаць на міжнародныя спаборніцтвы. Ужо хачу большага, чым проста аматарскае рэгбі.
— Як праходзіць адбор у нацыянальную зборную?
— Збяруцца ўсе ахвотныя патрапіць у яе. Арганізатары правядуць 2-3 трэніроўкі, на аснове якіх сфарміруюць склад. Усё проста.
— Як праходзяць вашы трэніроўкі?
— У нас дастаткова шчыльны расклад (5 дзён на тыдзень – заўв. газеты). Але гэта не павінна палохаць. Хадзіць на ўсе трэніроўкі не абавязкова – ніхто нікога не прымушае. Раз на тыдзень праводзім бегавыя трэніроўкі. Таксама сама каманда працуе над хуткасцю ў вольны час. Ёсць заняткі па кросфіце – там мы працуем на сілу і цягавітасць. І, вядома ж, дзве рэгбійныя трэніроўкі, дзе мы адпрацоўваем захопы, прыёмы, пасы, то бок згульваемся камандай. Таксама мы праглядаем запісы гульняў і разбіраем іх.
— Як удаецца сумяшчаць усё?
— У нас каманда рознапрафесійная. Напрыклад, ёсць два ўрачы ў камандзе, якія прыходзяць на трэніроўку пасля сутак, і іх гэта не спыняе. Складана сумяшчаць, канешне: рэгбі не наша праца, а часу сыходзіць як на працу. Раніцай афіцыйная праца, потым падпрацоўкі, а ўвечары трэніроўкі. Хоць на выходных знаходзім час сабрацца з камандай. Блізкія, вядома, ведаюць, што я трэніруюся, часам абураюцца. Але, шчыра кажучы, бацькі не ведаюць, што я займаюся рэгбі.
— Ты сур’ёзна?
— Раней займалася баскетболам. Тады мама была скептычна настроена да гэтага. То палец выб’юць, то яшчэ якая траўма. Яна заўсёды казала, што мяне пастаянна б’юць, і я сябе не берагу. Падумала, што калі скажу пра рэгбі, то пасля кожнай трэніроўкі будзе праводзіць агляды на цэласнасць. Вырашыла паберагчы яе і свае нервы. Тата таксама не ведае, але мне здаецца, што ён бы супраць не быў.
— Летась у маі ты прымала ўдзел у экстрэмальным бегу Bizon Race ў Лагойску…
— Так, наша каманда выступала першапачаткова ў якасці перашкоды, гэта значыць людзі бягуць, мы іх стрымліваем. Хлопцы, якія беглі, думалі, што ўсё будзе проста. Потым у водгуках пісалі, што мы былі самай жорсткай перашкодай. Яны не чакалі, што мы можам схапіць і паваліць на зямлю. Але я ўдзельнічаю яшчэ і ў індывідуальных забегах (рукаходы, бар’еры, калючы дрот, цяжкія мяшкі, лёд і бруд – заўв. Рэд.).
На дадзены момант ідзе актыўны набор у групу рэгбі. Запрашаем і вас, дарагія чытачы, натхніцца прыкладам Алесі і прыняць удзел у трэніроўках.
Вераніка ГАМЗЮКОВА
Фата Марыі Кождан