Часта са сваімі выкладчыкамі студэнты бачацца толькі на лекцыях, таму за заслонай застаюцца многія цікавыя факты з іх біяграфіі. Курсанты ваеннага факультэта БДУ зрабілі неверагоднае адкрыццё падчас сустрэчы ў Фундаментальнай бібліятэцы са старэйшым выкладчыкам кафедры псіхалогіі ФФСН Аляксандрам Гарбачовым. Яшчэ ў юнацтве яго захапіў свет кнігі і ён загарэўся ідэяй стварыць асабістую бібліятэку. Зараз яна мае больш за 3 000 цікавых і рэдкіх выданняў.
– Аляксандр Іванавіч, як з’явілася такая вялікая любоў і цяга да кнігі?
– Любоў да літаратуры перадалася ад бацькоў, ад матулі. Яна была настаўніцай, выкладала геаграфію і біялогію. Навука біялогія мне вельмі падабалася, прываблівала, таму пасля абраў для навучання ваенна-медыцынскі факультэт пры Куйбышаўскім медінстытуце. У студэнцкія часы захапіўся кнігамі, і тады з’явілася першая, з якой і пачалося жыццё асабістай бібліятэкі. Гэта былі 70-я гады.
– Якой была гэта першая кніга?
– Усё пачалося з двухтомніка старажытнарымскага гісторыка Публія Карнэлія Тацыта, аднаго з самых знакамітых пісьменнікаў антычнасці. Колькі дакладна выданняў знаходзіцца ў бібліятэцы зараз, я сказаць не магу, таму што проста не ведаю гэтага. Прыкладна яна мае больш за 3 000 самых розных экзэмпляраў.
– Выданні якога накірунку можна сустрэць у бібліятэцы?
– Напрыклад, ёсць амаль усе вядомых аўтараў Старажытнага Рыма, Грэцыі, Візантыі. Таксама мяне цікавіць літаратура ваеннай тэматыкі, але, безумоўна, не ўся, а толькі самая значная. Ёсць кнігі, прысвечаныя дзейнасці Суворава, Кутузава, Напалеона і многім іншым выбітным палкаводцам, а таксама цікавым фактам з жыцця армейскага чалавека. Напрыклад, выданне расказвае пра ўсе асаблівасці ваеннай формы. Многа можна знайсці кніг па медыцыне, таксама надаю ўвагу духоўнай літаратуры. Шмат гістарычных кніг, люблю ўсходніх аўтараў. Ёсць тамы, прысвечаныя навуковай сферы, выдавецтва “Навука”. Сярод дзіцячай літаратуры збіраю толькі самыя незвычайныя экзэмпляры. Падабаецца ў калекцыі кніга “Стойкі алавяны салдацік” у перакладзе Ганны Ганзэн. Датчане прызналі яе найлепшым перакладчыкам Андэрсэна, а гэтага аўтара можна чытаць у любым узросце. Ёсць альбомы, гравюры, тамы з аўтографамі аўтараў і розных знакамітасцяў, кнігі-паштоўкі. Зараз многія з іх могуць быць выкарыстаны як архіўныя дакументы.
– Якіх крытэрыяў прытрымліваецеся пры выбары выданняў?
– Асноўнае – гэта змест. Ён павінен быць інфармацыйна дакладным, а не белетрыстыкай. Ці гэта могуць быць мемуары – першакрыніца. Гэта вельмі важна для ваеннай літаратуры, таму стараюся знаходзіць дзеннікі відавочцаў. Напрыклад, ёсць апошні без цэнзуры Канстанціна Сіманава. Падабаюцца творы паэтаў-франтавікоў, але не ўсе. Што тычыцца работ сучасных аўтараў, якія пішуць пра вайну, то за імі я не сачу.
– Дзе набываеце новыя кнігі?
– Наведваю розныя кніжныя выставы, даведваюся пра самыя цікавыя. У асноўным заўсёды набываю кнігі ў Маскве. Калі паездка паспяховая, то пасля яе магу месяцы два калекцыю не папаўняць. Некаторыя магазіны выдавецтваў ведаюць, на што звяртаю ўвагу, таму рыхтуюць для мяне што-небудзь асаблівае. Канечне, усё не купіш, бо ёсць кнігі, якія каштуюць вельмі дорага.
– Якія іншыя краіны, акрамя Расіі, наведалі падчас пошуку новых выданняў?
– У гэтым стагоддзі ў мяне з’явілася яшчэ адна вялікая любоў, якая змяніла жыццё. Мяне не пакідае запал быць падарожнікам, таму ўжо наведаў больш за паўсотні розных краін. Еўропа ўся, акрамя Румыніі, Сербіі, Македоніі, Мальты, Ісландыі і Ірландыі. Пабываў у Абхазіі, Босніі і Герцэгавіне, мяне здзівілі Кіпр, Аман, Індыя, Кітай, Індакітай і яшчэ шмат іншых куточкаў зямлі.
– У падарожжах набывалі кнігі на замежных мовах для бібліятэкі?
– У замежных краінах купляю прадметы прыкладнога мастацтва, якія прывабліваюць мяне. У бібліятэцы амаль усе выданні на рускай мове, ёсць некаторыя і на беларускай. Зараз не змагу прывесці прыклады, бо сярод такой колькасці кніг арыентавацца даволі не проста. Калі захочаце спытаць, ці чытаў я іх усе, то таксама дакладна не адкажу. Выбіраю тое, што падабаецца, штосьці перачытваю вельмі часта.
– Ці ёсць у вас любімая кніга сярод усёй калекцыі?
– Мабыць, няма. Ёсць некаторыя цэлыя серыі, якія я люблю. А з пэўных кніг падабаецца, напрыклад, выданне “Масцера і Маргарыты” у калекцыі. Яно прываблівае не толькі зместам, але і незвычайным афармленнем. У такім выпадку можа казаць пра мастацтва кнігі. Люблю таксама выданні часоў Дзяржавіна. Па некалькі разоў чытаў Лівія, Плутарха, Мантэня.
– Якім чынам арыентуецеся сярод усіх выданняў, калі патрэбна знайсці штосьці пэўнае?
– Безумоўна, яны не раскіданы проста так. Нейкіх спецыяльных абазначэнняў не прыдумляў, але прыкладна памятаю, у якім адсеку шукаць неабходную кнігу. Кожная знаходзіцца ў сваім аддзеле. Цяжэй усяго прыходзіцца з адсекам падарожжаў – чаго там толькі няма! Ёсць нават вялічэзныя альбомы, якія самому і не падняць. Напрыклад, прысвечаныя Леанарда да Вінчы, Рафаэлю. Якраз зараз планую рабіць новыя полкі, каб удасканаліць усю гэтую сістэму.
– Вы ўладальнік адной з найлепшых асабістых бібліятэк у Беларусі. Цікавіліся вашымі знаходкамі іншыя калекцыянеры?
– У калекцыі ёсць кніга ХVI стагоддзя, а таксама экзэмпляры ХVIІІ-га і ХІХ-га. Яны знаходзяцца ў добрым стане, дазваляю глядзець іх толькі ў пальчатках. Так, гэтымі выданнямі цікавіліся, але гандаль кнігамі ніколі не прывабліваў. Мая бібліятэка – гэта жаданне душы, вобраз жыцця, які вельмі паважаю і люблю. Планую частку калекцыі перадаць у фонд бібліятэкі БДУ. Зараз многа маіх кніг знаходзяцца тут на часовым захоўванні і выкарыстоўваюцца падчас выставак.
– На якіх выстаўках супрацоўнікі бібліятэкі дэманстравалі кнігі вашай калекцыі?
– Апошнія два гады іх можна ўбачыць амаль у кожнай кніжнай экспазіцыі Фундаментальнай бібліятэкі. Напрыклад, шмат цікавага падрыхтаваў для выстаўкі “Незвычайныя кнігі”. Тамы, якія расказваюць пра жыццё, прадметы побыту, касцюмы і ўпрыгажэнні чалавека ў былыя часы прадстаўляліся на выстаўке “Хараство даўніны”. Вялікая экспазіцыя была прысвечана Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дню абаронцаў Айчыны. Для мяне гэта вельмі важна, бо некалі сам добраахвотнікам адправіўся ў Афганістан у 1980 годзе. У сакавіку запрашаю на выстаўку «Біблія – кніга для ўсіх і назаўжды», у якой таксама прадстаўлены выданні з калекцыі. У сярэдзіне месяца святкуецца Дзень праваслаўнай кнігі. Паломніцкія паездкі таксама цікавяць мяне. Быў у Салаўках, Валааме, многіх іншых святых месцах Расіі і Украіны, яшчэ ў Ерусаліме, Віфлееме, Рыме, на гары Сінай у Егіпце. На святой гары Афон пражыў дзесяць дзён. Таксама некаторыя экзэмпляры калекцыі можна выкарыстоўваць падчас заняткаў і дэманстраваць студэнтам, каб яны паверылі, што і зараз кніга можа быць не толькі карыснай, але і цікавай.
…Падчас размовы беражліва перагортвала старонкі старажытнай кнігі ХVI стагоддзя, разглядала альбом з вялікімі карцінкамі, дзе дыхаў дзіўны Парыж, усміхалася выяве знакамітага ёжыка на кніжнай вокладцы, які заблукаў у тумане, але на самой справе расказаў чытачу нешта вельмі важнае. Ад мноства выданняў, з якімі герой знаёміў студэнтаў, разбягаліся вочы! Здавалася, быццам, сапраўды, ты стаў сведкам падзей таго часу, прагуляўся па Парыжу, зрабіў незвычайныя адкрыцці. Пасля сустрэчы яшчэ раз упэўнілася, што кніга адкрывае неверагодны свет свайму чытачу. Як добра, што застаюцца людзі, якія захоўваюць гэты свет як самы вялікі скарб, каб падзяліцца ім з іншымі.
Гутарыла Дар’я НІКАНЧУК
Фота Аляксандра Снапка