Круглы стол па жыллёва-побытавых пытаннях прайшоў 14 сакавіка ў БДУ з удзелам дырэктара Студэнцкага гарадка Алы Мелех і прадстаўнікоў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў ВНУ. На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца ўмоў пражывання ў інтэрнатах БДУ, арганізацыі кампаніі па засяленні навучэнцаў у інтэрнаты на 2017/2018 навучальны год і інш.
Удзельнікі круглага стала маглі задаць пытанні з прывядзеннем пэўных выпадкаў, прыкладаў і апісаннем праблем, а таксама ўнесці прапановы для далейшай сумеснай распрацоўкі варыянтаў іх рашэнняў.
У цэлым, прадстаўнікі факультэтаў, якія пражываюць у інтэрнатах, задаволены ўмовамі пражывання, асабліва пасля будаўніцтва новых інтэрнатаў БДУ, але былі агучаны і наяўныя праблемы, што закранаюць пражыванне ў інтэрнатах № 1 і 10. Асноўныя пытанні – гэта належны тэмпературны рэжым, захоўванне і выкарыстанне электранагравальных прыбораў у пакоі, блоку; гарачай вады ў начны перыяд.
На ўсе пытанні Ала Мелех дала падрабязныя кампетэнтныя адказы.
Дарэчы, у філіял «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Студэнцкі гарадок БДУ ўжо накіраваў запыт на падтрыманне аптымальнага нармаванага ціску ў сістэме ацяплення шматпавярховай «дзясяткі». Ідзе ўзгадненне праекта капітальнага рамонту будынка, і ў хуткім часе інтэрнат 1998 года ўводу ў эксплуатацыю зачыняць. Таксама была ўнесена прапанова накіраваць у філіял магчымую змену тэрмінаў планавага адключэння гарачага водазабеспячэння на прафілактыку ў студэнцкіх інтэрнатах на вуліцы Курчатава, дзе знаходзяцца інтэрнаты БДУ № 3 і 10.
Прагучалі прапановы ад факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, юрыдычнага факультэта ў некаторыя пункты правілаў пражывання ў інтэрнатах для навучэнцаў БДУ: пытанні прапускнога рэжыму ў перыяд канікулаў, што тычацца правоў і абавязкаў тых, хто пражывае, удзелу студэнтаў у грамадска-карыснай працы, працы некаторых органаў студэнцкага самакіравання студэнцкага гарадка, куды ўваходзяць прадстаўнікі прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ: савет па прафілактыцы парушэнняў правілаў пражывання ў інтэрнатах для навучэнцаў БДУ, студэнцкая служба бяспекі; у палажэнні, якія рэгламентуюць іх працу, і іншых дакументаў, якія рэгулююць сферу жыллёва-побытавых адносін навучэнцаў.
Таксама Ала Мелех агучыла змены і дадаткі ў пералік крытэрыяў атрымання жылога памяшкання ў інтэрнатах для навучэнцаў БДУ на 2017–2018 навучальны год, які штогод удасканальваецца на карысць навучэнцаў, улічваючы ўсе прапановы ад прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ.
Як вынік, далейшыя рашэнні пытанняў, у тым ліку тых, якія ўжо накіраваны ў адпаведныя інстанцыі, будуць разгледжаны і агучаны пры наступнай сустрэчы з прадстаўнікамі Студэнцкага гарадка БДУ.
Ала Уладзіміраўна шчыра падзякавала прафсаюзнаму актыву, які займаецца жыллёва-побытавай працай, за іх намаганні, адказнасць і дапамогу, адзначыла прадуктыўную сумесную працу з прафсаюзным камітэтам студэнтаў.
Дар’я СПЯЦАНАВА
Фота Аляксандры Радьковай
Яшчэ больш фота тут