22 сакавіка 2017 года актавая зала філалагічнага факультэта ўпершыню сустрэўся тварам ў твар з падзеяй, якая абяцала скарыць сэрцы публікі – “SuperMixed–2017”. Прадстаўнікі чатырох факультэтаў: філалагічнага, юрыдычнага, міжнародных адносін, філасофіі і сацыяльных навук – прайшлі чатыры этапы. А менавіта конкурс візітовак, танцавальны, інтэлектуальны і творчы конкурсы. Гледачы не толькі пазнаёміліся з гісторыяй пар удзельнікаў, але і сутыкнуліся з мноствам кульмінацыйных момантаў. Падрабязней пра тое, як праходзіў конкурс і чым ён быў адметны, вы даведаецеся ў гэтым артыкуле.
У кожнай закаханай пары ёсць свая, не падобная ні да чыёй іншай, неверагодная гісторыя кахання. Нягледзячы на непаразуменні, усе закаханыя імкнуцца знайсці гармонію і атрымліваць асалоду ад свайго шчасця спаўна. Давер, паразуменне, цярпенне – усё гэта складнікі сапраўднага кахання. На філалагічным факультэце пары творчых студэнтаў прынялі ўдзел у новым мерапрыемстве “SuperMixed–2017” і сталі жывым прыкладам таго, што суладныя адносіны магчымыя.
На пытанні “Як жа ўзнікла ідэя?” і “Чым не дагадзіў традыцыйны “Містар”?” адказвае Анастасія Елісеева, “першаадкрывальніца” і вядучая конкурсу:
“Гэта зусім не сакрэт, што першапачаткова планаваўся “Містар”, аднак колькасць хлопцаў на філфаку, ды яшчэ і ахвотнікаў паўдзельнічаць прымушала чакаць большага. Падумалі, што гэта зусім не праблема, бо можна ўзяць хлопцаў з іншага факультэта і пазнаёміць з нашымі дзяўчатамі. Такая думка прыйшла якраз дарэчы, таму што стала ідэальным прадвеснікам новага конкурсу на філфаку”.
Ну а што ж было далей?
Паступова зала напаўнялася гледачамі – яны ўжо з нецярпеннем чакалі пачаткі конкурсу. А тым часам за кулісамі ўдзельнікі сутаргава займаліся стварэннем свайго непаўторнага вобраза.
Калі на сцэну выйшлі вядучыя – чароўная Анастасія Елісеева і непараўнальны Ілья Конеў – шоу пачалося. І тут жа дзверы актавай залы расчыніліся, а зоркі вечара прадэфілявалі элегантна і ўпэўнена да свайго “пастамента”. Усе стаілі дыханне ў прадчуванні перфомансу.
Неўзабаве на экране праектара адна за іншай з’яўляліся відэавізітоўкі. Удзельнікам сапраўды было што сказаць, і ў свае відэа кожная з пар уклала велізарны сэнс. У зале панавала ціхая рамантычная атмасфера, шмат хто задуменна глядзеў на экран. Задумацца і праўда было пра што: хоць бы пра тое, што быццам бы выпадковыя сустрэчы, высвятляецца, зусім не выпадковыя. Сваімі відэавізітоўкамі ўдзельнікі падарылі гледачам і арганізатарам шмат прыемных эмоцый і энергіі.
А далей гледачоў чакала самая найлепшая частка конкурсу. Пары, якія на фотасесіі сімвалізавалі каханне, запал, здзіўленне, шчасце і дзёрзкасць, зліліся разам – пачаўся танцавальны конкурс. Гледачы замерлі ў здзіўленні, настолькі былі захоплены пяшчотай і далікатнасцю дзяўчат, якія раствараліся ў мужных руках надзейных хлопцаў. Адразу за гэтым выпрабаваннем ішоў інтэлектуальны конкурс. Вядучыя задавалі пытанні па школьнай праграме: з курсаў гісторыі, хіміі, матэматыкі і геаграфіі. Удзельнікі троху паварушылі звілінамі і паказалі, што прыгожыя не толькі знадворку, але і ўсярэдзіне.
Творчы конкурс, несумнеўна, самы дзейны спосаб раскрыць усю сваю ўнікальнасць, паказаць сябе. А ў гэтым кожная з пар мела поспех. Што толькі ні адбывалася на сцэне: і нібы сарваны нумар з-за сваркі ў пары, і гарачы танец двух закаханых небяспечных злачынцаў, і нямое каханне…
Гарачую падтрымку ўдзельнікам аказалі і гледачы, якія суперажывалі, цешыліся, апладзіравалі, ствараючы ў зале бадзёрую атмасферу. Нават нягледзячы на перыядычныя тэхнічныя непаладкі, згуртаванасць залы задавала ход усяму мерапрыемству і стала прычынай тых эмоцый, якія пазней панёс з сабой кожны з прысутных.
“А якая ж пара стала найлепшай?” – спытаеце вы. Гэтым пытаннем занялося журы. А падчас падліку балаў і прыняцця рашэнняў на сцэне адна за іншай з’яўляліся зорачкі філфака: Марыя Жмайлік, Яна Паўлоўская і Яна Кулік. Выконваючы знаёмыя ўсім песні, дзяўчаты імкнуліся не даць гледачам засумаваць.
Нарэшце надышоў момант ісціны. Публіка падзялілася, усё трымалі кулачкі за свае пары. Адзін за адным журы прысуджалі званне кожнай пары, не пакідаючы нікога без прызоў. На другім месцы апынуліся Ксенія Собалева і Яўген Лапацін, а найлепшымі ў той вечар сталі Крысціна Ніканюк і Іван Міцкевіч.
Арганізатары – студэнцкі саюз – адзначылі, што галоўная задача конкурсу – дапамагчы ўдзельнікам паверыць у сябе, раскрыць свае таленты і знайсці новых сяброў. Нягледзячы на тое, што гэтыя маладыя і амбіцыйныя былі аб’яднаны толькі мерапрыемствам, ім удалося зблізіцца настолькі, каб даказаць кожнаму гледачу, што праца з балота робіць залота.
Людзі сталі пакідаць залу. Троху стомленыя, але вельмі натхнёныя. Зразумела было, што запомніцца надоўга. Па-іншаму і быць не магло, бо, як казаў вядучы і арганізатар Ілья Конеў, “нашы студэнты пакажуць тое, чаго на філфаку яшчэ не было”. І словы гэтыя пацвердзіліся дзеяннем.
Крысціна КАЮДЗІНА
Фота Анастасіі Вадэвіль
Відэа: