Для кінаклуба “Фруза” вясна пачалася з сустрэчы, прысвечанай 85-годдзю з дня нараджэння вядомай галівудскай актрысы Элізабэт Тэйлар. Адзін з трох “Оскараў” ёй прынесла роля ў фільме “Хто баіцца Вірджыніі Вулф?” – экранізацыі аднайменнай п’есы Эдварда Олбі. Вядомы рэжысёр, народны артыст нашай краіны Барыс Луцэнка паставіў гэты твор на сцэне беларускага тэатра, што, безумоўна, стала значнай падзеяй для гісторыі айчыннага мастацтва. Падчас пасяджэння клуба творца расказаў, як на пляцоўцы Тэатра-студыі кінаакцёра нарадзіўся знакаміты спектакль.
Побач са студэнтамі ва ўтульнай медыятэцы журфака за кубачкам гарбаты з печывам і цукеркамі былі выкладчыкі і шаноўныя госці. Гэта кандыдат філалагічных навук дацэнт Пётр Дарашчонак, кандыдат гістарычных навук дацэнт Валерый Талкачоў. Пастаянным удзельнікам сустрэч кінаклуба з’яўляецца загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі кандыдат філалагічных навук Людміла Саянкова, якая прадставіла гасцей навучэнцам. Акрамя Барыса Луцэнкі, на пасяджэнне былі запрошаны тэатральны крытык Людміла Грамыка, член савета мэтраў «Беларусьфільма» Ізольда Кавелашвілі.
У беларускім тэатры прэм’ера спектакля “Хто баіцца Вірджыніі Вулф?” адбылася ў 1985 годзе. Вобраз Марты, за ўвасабленне якога ў фільме была ўзнагароджана Элізабэт Тэйлар, дастаўся ў п’есе Святлане Кузьміной. Разам з ёй на сцэне працавалі Іван Мацкевіч, Наталля Курсевіч, Пётр Юрчанкоў. Перад з’яўленнем рэжысёра Людміла Грамыка, як крытык і глядач, падзялілася сваімі думкамі пра знакамітую пастаноўку, якую яна пабачыла трыццаць гадоў таму.
– Мае калегі сцвярджаюць, што як зараз памятаюць тыя спектаклі, якія глядзелі шмат гадоў назад. Заўважу, што гэта проста немагчыма, але п’еса “Хто баіцца Вірджыніі Вулф?” Барыса Луцэнкі мне насамрэч запомнілася. Незабыўнае тое адчуванне, што гэта была неверагодная падзея для беларускага тэатра, таму што пастаноўка вылучалася з агульнага шэрагу тых, якія ставіліся ў той час. Майстар звярнуўся да іншай якасці рэжысуры. Ён змог захаваць вельмі тонкую эмацыйную атмасферу. Пералівы пачуццяў, іх выбухі і заміранні, невыпадковыя паўзы – напружаная інтрыга не пакідала гледача ні на хвіліну. Пра што п’еса? Пра разруху ў галовах людзей, якая папярэджвае, што можа ператварыцца ў большае, можа зруйнаваць цывілізацыі. Пра разлад у сям’і. Акцёры паказалі гэта вельмі шчыра, без фальшу, ад іх сыходзіла магутная энергетыка, што перадавалася гледачам.
Пакуль некаторыя рэчы заставаліся да канца незразумелымі, таму для прысутных на сустрэчы студэнтаў асаблівай каштоўнасцю стала размова з рэжысёрам Барысам Луцэнкам. У моладзі не было магчымасці ўбачыць спектакль, але з’явіўся шанец пагрузіцца на самую яго глыбіню з дапамогай творцы. Ён прызнаўся, што пасля знаёмства з п’есай адразу стаў аналізаваць, шукаць адказы на пытанні: чаму аўтар напісаў гэта? якая галоўная думка? што адбываецца з героямі? Спектакль атрымаўся не падобным да фільма, але гэта не значыць, што работа нашага госця была горшай ці лепшай за яго. П’еса была проста іншай, таму што мела яшчэ больш гарачыні, уласцівай тэмпераменту нашага чалавека.
– Я зразумеў, што Олбі напісаў пра нешта вельмі важнае, – сказаў Барыс Луцэнка. – Старэйшыя героі Джордж і Марта на самой справе вельмі моцна кахаюць адзін аднаго, але кожны жадае ўладарыць над сабе падобным. Такое адбываецца і ў сям’і. Каханне творыць цуды, але можа падараваць прытворства і падман. Разбурэнне сям’і – гэта і ёсць разбурэнне дзвюх дзяржаў, дзвюх планет – мужа і жонкі. Што адбываецца? Што ж гэта за воўк, які грызе іх і вымушае спаборнічаць паміж сабой? Гэта самая жахлівая сямейная спрэчка, якая высвятляе, хто галоўны. Марта ці Джордж? І вось яны распачынаюць тэмпераментную гульню, у якой пастаянна балюча чапляюць адзін аднаго. Усё гэта адбываецца ноччу на вачах маладой сямейнай пары, дзе дзяўчына Хані знаходзіцца ў падпарадкаванні свайго мужа Ніка.
Відавочна, што ўнутры сям’і жыве нейкая трагедыя. Наш госць прызнаўся, што заўжды намагаецца знайсці ключык да кожнай загадкі твора. У гэтым ён вырашыў, што трагедыя герояў у адсутнасці дзяцей. Тады яны проста выдумляюць, што маюць сына! Гэта іх самая галоўная і жахлівая гульня. Дзіцяці няма, але Марта і Джордж у фантазіі гадуюць яго, святкуюць дні народзінаў, чакаюць у госці. У нейкі момант Марта парушае грань гульні. Пасля ўсіх кпінаў і абраз яна здраджвае свайму каханаму. Як адпомсціць за гэта? Джордж выдумляе, што прыходзіць тэлеграма са страшнай навіной: іх сын памёр.
– Яны так вераць у гэта, што навіна стала неверагодным узрушэннем, – адзначыў рэжысёр. – Марта і Джордж зразумелі, што перастараліся. Гульня скончана, і разбурылася нешта сапраўднае, а не выдуманае.
Пасля размовы з Барысам Луцэнкам студэнты, якія дапамагалі арганізатарам сустрэчы ў яе падрыхтоўцы, расказалі цікавыя факты з гісторыі ўзнікнення цырымоніі ўзнагароджання “Оскар”. Фільм “Хто баіцца Вірджыніі Вулф?” усталяваў адразу некалькі рэкордаў. Ён намінаваўся на найвышэйшую ўзнагароду практычна ва ўсіх катэгорыях – 13. Усе чацвёра акцёраў атрымалі статуэткі. Іх майстэрства здзіўляла і не давала адарвацца ад таго, што адбывалася на экране. Прысутныя ўпэўніліся ў гэтым пасля прагляду фільма “Хто баіцца Вірджыніі Вулф?” з неверагоднай Элізабэт Тэйлар. Усе разам сталі сведкамі вар’яцкай ночы, якая для ўсіх цягнулася аднолькава, але світанак пасля яе кожны зразумеў па-свойму.
Дар’я НІКАНЧУК